Выбрать главу

- Таварышы, адыходзьце, небяспечна тут, адыходзьце,— казаў старшыня, але словы гэтыя зараз былі лішнімі, усе і без таго ўмелі ратавацца.

Дзесьці далёка, спачатку па-камарынаму тонка, потым усё ўзмацняючыся-ўзбуйняючыся, пачулася сірэна. А праз мінуту з пранізлівым выццём у двор уляцелі тры пажарныя машыны. З усіх дзвярэй павыскоквалі людзі, аблыталі машыны шлангамі... I заблішчэлі, як працяг шлангаў, струмені вады...

Раённыя пажарнікі адолелі пажар хутка. Адразу ж пасля гэтага ў двор уехала калгасная пажарная машына. Пад смех і свіст яна спынілася і тут жа заглохла, усё роўна няздатная да справы і нікому непатрэбная...

* * *

Назаўтра раніцай ля далёкай сцяны хлява, сярод лёгкага попелу ад саломы, што варушыўся пад ветрам, нібы жывы, знайшлі абгарэлае, скурчанае цела дзядзькі Мікіты. Ен паміраў у пакутах. Прачнуўшыся ў агні, ён, напэўна, падумаў, што такі пажар зараз на ўсёй зямлі і маўкліва (а можа, з матам, з крыкам) скарыўся агню. Боль затуманіў мазгі, ухутаў цела, яно стала вялікім і чужым... А можа, ён так і не прачнуўся, назаўсёды заснуўшы ў пякельным, хворым, балючым сне...

Камісія потым засведчыла, што пажар узнік не па віне дзядзькі Мікіты: лямпачка, якая гарэла над саломай, лопнула, распаленая вальфрамавая ніць упала ўніз...

I сапраўды, я ведаў, што дзядзька тады ўжо курыў рэдка, адвучаў сябе, бярогся. Ды вось як выйшла...

1983

IV. З нізкі «ШЫЗЫ»

Я быў...

Я не памятаю, калі ўпершыню ўбачыў гэтае паселішча. Больш дакладна — тое, што засталося ад яго, што пакінулі пасля сябе ворагі: абпаленыя камяні на папялішчах, абгарэлыя бёрны зрубаў... Я гляджу зверху, мне добра відно ўсё папялішча, абгароджанае невысокім земляным валам, на якім чарнеюць рэшткі крапасных сценаў. Вал не круглы, а яйкападобны. Сто дзевяноста крокаў ушыркі, дзвесце пяцьдзесят шэсць — удоўжкі. Тупым канцом прыціснулася яйка да невялікае рачулкі, якая паўкругам абдымае гарадзішча.

Сонца ўжо высока. Прыпякае. Аднак вясна, бачна, сёлета не спяшае ў гэты край. I ўсё ж жыццё бярэ сваё, зямля патроху абуджаецца, прарастае першаю кволаю травою — пагоркі ўжо злёгку зелянеюць. Рачулка зіхціць пад сонцам, весела і шумна гоніць сваю ваду паўз гарадзішча. I толькі тут, на гэтым выгаралым лапіку зямлі, ціха. Ціха.

Ціха, ды не мёртва. Заварушыўся грудок абсмаленых бярвенняў, і аднекуль з-пад яго вылез сухенькі дзядок з доўгаю сівою барадою і ўскудлачанымі валасамі. А за ім — хлапчук, амаль такога ж росту, як дзед, у доўгай, падпяразанай вяроўкаю, кашулі, без нагавіцаў, босы. Дзед падслепавата агледзеўся наўкола, падставіў твар сонейку, прыплюшчыў вочы — вусны ягоныя заторгаліся ў лёгкай усмешцы. Потым дзед вярнуўся да бярвенняў, пад якімі, пэўна, была зямлянка, і вынес адтуль нейкі скрутак. Хлапчук тым часам адбегся да бліжэйшага ззелянелага ўзгорка, шчыпаў там і еў нейкія травінкі.

- Гэй, Янусю! — паклікаў дзед.— Йдзіма нерат ладзіць. Адному ня справіцца мне.

— Зараз, дзеду, зараз...

Хлапчук падбег да дзеда і падаў яму на далоні колькі каліў нашчыпаных парасткаў.

- Сам еш,— запярэчыў дзед,— мне й жаваць іх няма чым.

Удвух раскінулі яны нерат на чыстай мясціне. Быў нерат увесь у дзірках, увесь у прапле-шынах. Згніў ці мышы паласаваліся...

Працы тут было на цэлы дзень. Дзед апусціўся на калені, пачаў моўчкі засучваць нітку. Побач прыладзіўся Янусь.

- Шпакі прыляцелі,— сказаў дзед, зірнуўшы на не-далёкі абрубак грушы-дзічкі,— выжывем цяперака, унучак, выжывем...

* * *

Калі гэта было? Колькі разоў гэта было на маёй зямлі? Хто гэтыя хлопчык і дзед? Чаму я зноў і зноў вяртаюся ў гэты спалены горад. Аглядаю яго і, ведаючы, што будзе далей, назіраю, як дзед і хлапчук ловяць рыбу. Янусь стаіць ля берага, па калені ў вадзе, сярод жоўтае леташняе асакі, а дзед заводзіць нераток па ра-цэ да затокі. Цяжка яму, глыбока. Ен і плыць спрабуе, падграбае адною рукою і боўтае нагамі. I вось, урэшце, дабіраецца да берага. А нерат — ходарам ходзіць ад рыбы. Гойсае па вадзе ад сеткі да берага вялізны шчупак, а потым пераскоквае праз нераток. Але здабыча ўсё ж немалая: чатыры пузатыя язі, тры шчупакі, не-калькі плотак і акунёў.

— Ну, яшчэ разэчак, і вернемся дадому,— кажа дзед, устае і спінаю наперад заходзіць у ваду.

— Дзеду, дзеду, стой!..— крычыць Янусь.

Але позна. Дзед не бачыў, як выплыла з-за павароту ракі бервяно. I калі зайшоў ён амаль па шыю ў ваду, з разгону ўдарыла бервяно яго проста па галаве, збіла з ног, адкінула на глыбіню. Дзед выпусціў нерат, грабануў колькі разоў рукамі і схаваўся пад вадою. Паплы-ла ўслед за дрэвам ягоная аблавуха...