* * *
Гэтым шляхам я шмат разоў прыязджаў сюды. Убягаючы ў райцэнтр, ён ператвараецца ў вуліцу імя правадыра і вядзе да плошчы імя правадыра з помнікам правадыру. Насупраць яго трохпавярховаю цаглянаю глыбаю ўзвыша-ецца над звычайнымі драўлянымі хацінамі райвыканкам. За паўсотні крокаў ад яго, у за-сені дрэваў і лазовых кустоў — гнілая рачулка абгінае пагорак дугою. У ёй даўно не водзіцца ніякая рыба. Ляжаць у рэштках стаячае вады, да вясёлкавых плямаў змяшанай з саляркай і бензінам, кінутыя шыны, веласіпедныя рамы, рознае ламачча, якое й не пералічыць...
* * *
Праз пяць метраў дзед вынырнуў і заплёхаў рукамі па вадзе. Але цячэнне было моцнае і адносіла яго далей і далей. «Што рабіць?» — Янусь пацягнуў да сябе нерат — мокры і цяжкі ён, з ім не пабяжыш. Янусь выхапіў нож, які заўсёды насіў з сабою, некалькімі дакладнымі рухамі адрэзаў ад нерата палку-дзяржанне, а з ёю — колькі метраў вяроўкі і кінуўся берагам за дзедам. Забег трохі наперад, злаўчыўся і кінуў дзеду палку. Дзед ухапіўся за яе, і Янусь выцягнуў яго з ракі.
— Дзякуй, унучак, дзякуй, але дарэмна...— прашаптаў дзед скрозь кашаль і страціў прытомнасць.
Ен пражыў яшчэ тры дні. А потым на могілках, што побач з гарадзішчам, з’явілася яшчэ адна магіла. Ранейшыя хлопчык капаў разам з Дзедам, а гэтую – адзін.
* * *
Пытанне, што рабіць тут, у гэтым райцэнтры, ад пачатку не стаяла перада мною. Звычайна я прыходжу ў райвыканкам, выбіраю крэсла перад адным з кабінетаў, сядаю, нібы чакаючы выкліку, і... засынаю. Кожны раз мне сніцца сон. Не новы, а як працяг папярэдняга. Сон — не сон, ява — не ява, бо бачу я ўсё да драбніц і расцягваюцца падзеі ў часе — як у жыцці. На калідоры заўсёды паўзмрок, цішыня. Ніколі не бачыў я, каб па ім нехта хадзіў, ніколі не чуў на ім гаманы. Толькі тэлефонныя званкі зрэдчас брынкаюць за сценамі, клічуць не даклічуцца гаспадароў кабінетаў. I думаю я, што людзі ў пакоях за гэтымі дзвярыма таксама спяць днямі і бачаць свае сны. А можа, і мой... Можа, усе мы зараз там...
* * *
Хлопчык застаўся на папялішчы не адзін. Там, у зямлянцы, жылі ягоная хворая маці і дзве малодшыя сястрычкі. Калі пацяплела, калі апрануліся дрэвы, выйшла і маці з дочкамі да святла. Жоўтыя твары іх моршчыліся ад яркага сонца, брудныя анучы на плячах — апратка — курыліся парай і смярдзелі. Хлопчык бацькоў-скім позіркам агледзеў сваю сям'ю і сказаў:
— Нічога, цяпер выжывем. Самае страшнае перажылі...
Маці моўчкі плакала. Без слёз.
Мне хацелася крыкнуць ім, гэтым пакалеча-ным, прыбітым горам, змучаным хваробамі людзям: «Не хвалюйцеся, не трывожцеся за будучыню! Вы будзеце жыць — бо жыву я. Горад зноў адбудуецца!..» Але дзе я? Чаму мае вочы бачаць гэтых людзей так, быццам я сярод іх, і не бачаць сябе? Чаму я крычу — але не чую свайго голасу? Затое добра чую, што ціха-ціха гаворыць зараз хлапчук маці:
— Вось акрыяеце трохі — пойдзем у Жылаў лес. Будан там зробім. I будзем жыць. Там і пракарміцца лягчэй, і схавацца.
* * *
З некаторага часу я пачаў заўважаць, што ўвечары, пад канец рабочага дня, сыходжу з райвыканкама не адзін. Нехта паспявае выйсці крыху раней за мяне, і я бачу толькі, як пагойдваюцца на расцягнутых спружынах уваходныя дзверы. Не, гэта не райвыканка-маўцы. Яны яшчэ доўга, аж да асветленых вокнаў, працуюць. Аднойчы, прачнуўшыся, я крыху хутчэй выскачыў на пляц і ўбачыў, як ад райвыканкама аддаляецца невысокая старэчая постаць. Ці не той гэта дзядок, якога я сустрэў у самы першы свой прыезд сюды? Мы разам ча-калі прыёму да старшыні Рады, і я тады, седзячы побач з дзядком, неспадзявана для сябе заснуў і прысніў свой першы сон.
* * *
У паселішча над аціхлай ужо рачулкай вярнуліся людзі, пачалі адбудоўваць яго. Цяпер у мяне было дзве кропкі для назіранняў: горад і лясны будан Янусёвай сям'і. Несумяшчальныя ў прасторы, раздзеленыя добрым дзесяткам кіламетраў, яны збліжаліся ўва мне, нібы я адначасна глядзеў два тэлевізары. Я хацеў бы прыспешыць падзеі, бо ведаў, што ў рэшце рэшт мужчыны паедуць у лес па дубовыя слупы для крапасных сценаў, сустрэнуць там Януся і ён з сям'ёю вернецца ў родны горад. Але жыццё йшло сваёю павольнаю хадою і нельга было яго падагнаць да шчасця ці спыніць перад небяспекаю і скіраваць іншым шляхам. Усё будзе для Януся так, як будзе, бо яно недзе там, наперадзе, ужо адбылося і толькі чакае яго. Зразумеўшы гэта і прабегшы імклівым позіркам жыццё Януся аж да нараджэння дваццатага ягонага ўнука, а потым і трэцяга праўнука, якога таксама назвалі Янусем, я вырашыў кінуць хадзіць у райвыканкам. Вырашыў — і не пайшоў. I ніколькі не здзівіўся гэтаму. Як не здзіўляўся (і не задумваўся нават) раней, а чаму я, уласна кажучы, прыязджаю ў гэты райцэнтр, чаму хадясу сніць сны ў райвыканкам.