Выбрать главу

Назаўтра мой сябар сеў за дысплей. Я назіраў за ім. Гадзіна, другая... Звычайна ўсе новенькія пачыналі ўжо хвалявацца, нервова совацца па фатэлю. Тут — цішыня. Сябрава рука метадычна запісвала паказанні. Пастава заставалася нязменнаю: увесь увага. Я падышоў да сябра:

— Ня спіш?

— Не замінай...— толькі й адказаў ён, занатоўваючы чарговы паказчык. Заўважна было: працаваць яму цікава.

* * *

Прайшоў тыдзень. Сябрам, цяпер ужо ўсур'ёз, зацікавіўся мой шэф — кіраўнік нашага аддзела. Разам мы падышлі да дысплея. Сябар сядзеў у ранейшай паставе і засяроджана ўзіраўся ў мігценне лічбаў на экране. Убачыўшы, што чародка лічбаў спынілася, ён з заўважнай асалодаю запісваў паказчык у сшытак.

Звычайна, тыя, хто даседжваў да другога тыдня, пачыналі ўносіць рацпрапановы: як удасканаліць камп'ютэр, каб не займацца запісваннем, а проста пакідаць дадзеныя ў ягонай памяці, а. пад канец работы здымаць іх. Мы трохі паназіралі за сябрам, і шэф, прад-чуваючы непрыемнасці, загадаў замяніць пад ім мяккі фатэль на цвёрды зэдлік.

* * *

Сябар нібы не заўважыў падмены. Як ні ў чым не бывала, ён выседжваў на сваім драўляным зэдліку ўсе восем гадзінаў. У іншых зменах па некалькі чалавек ужо звольнілася, а ён хоць бы што. Улічваючы заахвочванне, трымаць яго на гэтай рабоце стала накладна. А звольніць нельга было: усё, што ні загадвалі — выконваў дакладна, з ахвотай заставаўся нават пасля працы на зусім непатрэбную, нікчэмную работу. Я не пазнаваў яго: адкуль у былога замардаванага жыццём хіміка столькі энергіі і сілаў?

Шэф мой доўга думаў над тым, як пазбавіцца ад яго, і нічога лепшага, як прапанаваць яму павышэнне па службе, прыдумаць не змог.

- Нельга губляць такога работніка,— апраўд-ваўся ён перада мною. I я толькі ківаў услед галавою.

I вось настаў момант, калі ў час абедзеннага перапынку сябра паклікаў да сябе шэф. Дзверы ягонага кабінета былі расчыненыя, і я стаў сведкам іхняе размовы.

- Вось што, калега,— сказаў шэф ласкава, з урачыстаю усмешкаю на твары — вы цудоўна, безумоўна, з лепшага боку зарэкамендавалі сябе ў нашай фірме, і мы вырашылі прызначыць вас аналізатарам групы камп'ютэраў.

Я ледзь не падскочыў: месяц назад ён абяцаў гэтую пасаду мне.

Але тут загаварыў мой сябар:

- Я вельмі ўдзячны вам за давер. Я разумею, наколькі адказная і складаная гэта справа. Але мне здаецца, што я не скарыстаў яшчэ ўсе свае магчымасці на цяперашняй маёй працы. У мяне шмат задумак і планаў... Так што дазвольце мне пакуль застацца тут.

Шэф, як і я, не чакаў адмовы. I ён бы не прыняў яе гэтак адразу, калі б мой сябра не сказаў пра свае «задумкі і планы». Шэф палічыў гэта за пачатак канца, пэўна, падумаў, што пазбавіцца ад «руплівага» работніка можна будзе значна праецей, і таму пагадзіўся:

- Добра, калега, папрацуйце яшчэ. У вас някепска атрымліваецца.

* * *

Пад канец сённяшняга дня сябру выплацілі 1000 рублёў.

- Юбілей! — радасна выгукнуў ён, выска-чыўшы ад касіра, і падбег да мяне: — Пойдзем замочым.

У «Хвілінцы» давалі да кожных ста грамаў бутэрброт. На нашым стале сабралася іх... раз, два, тры... Шэсць штук ужо.

Мы пацягвалі маленькімі глыткамі са шклянак і гаманілі. Я даўно меў заданне ад шэфа распытаць сябра, чым падабаецца яму ягоная работа. Распытаць не ў лоб, каб анічога не западозрыў. I пакуль я думаў, як падступіцца да размовы, сябар раптам загаварыў сам:

- Ведаеш, я табе вельмі ўдзячны: пра такую працу можна толькі марыць. Я рады, што сустрэў цябе тады, і хачу зараз выпіць за дружбу.

- Пастой, пастой,— сказаў я, быццам бы п'яным, непаслухмяным языком, што вымагала шчырасці ў адказ,— а калі я не вып'ю?

- Дазволь спытаць: чаму?

- Мне на тваю морду паскудна глядзець.

Сябра разварушыць, зачапіць было цяжка, тым больш такім чынам.

- Ты п'яны,— сказаў ён,— давай па апошняй — і па хатах.

- Не, пастой, вось скажы: чаму ты ўчора застаўся пасля працы разграбаць ленты?

- Папрасілі.

- I ты дзве гадзіны яшчэ, аж пакуль зусім не сцямнела, сядзеў і корпаўся, перабіраў, складваў акуратна, а раніцай іх прыбіральшчыцы зноў згрувасцілі і выкінулі... Ты ведаеш пра гэта?

- Ведаю.

- Ну і...

- Што «ну і...»?

- Табе не шкада выкінутай працы?

- Начальству відней.

- Добра, а ці думаў ты, навошта спісваеш тыя паказчыкі з дысплея?

- Думаў. Я ўвесь час пра гэта думаю.

- Ну і...

- Што «ну і...»?

- Да якой высновы ты прыйшоў, да чаго дадумаўся?

- Раз плоцяць такія грошы, то значыць гэта недзе вельмі камусьці патрэбна. А ты думаў, чаму кожны вечар на небе запальваюцца зоркі?