Выбрать главу

- Да якога Івана Іванавіча?

- Да суседа злева.

- Справа.

- Ага, калі ад вас — справа, ад мяне — злева.

- А адкуль вы ведаеце?

- Я ж тут жыву.

- Дзе тут?

- У гэтай кватэры, у кватэры нумар пяцьдзесят два.

- А вось і памыляецеся: гэта — пяцьдзесят тры.

- А-а, гэта пяцьдзесят тры, а я думаў пяцьдзесят два... Дык вы і ёсць Іван Іванавіч?

- Так. А вы мой сусед Іван Іванавіч?

- Вельмі прыемна... Вельмі...

- Заходзьце яшчэ.

- Дзякуй, дзякуй, а дзе ж Іван Іванавіч і жонка ягоная Маша? У вёску паехалі?

- Ага, у вёску.

- Я — Іван Іванавіч. Я прыехаў раней. А вы што тут робіце? Што вам тут трэба?

- Мне? Я ж дома?

- Гэта я дома, а вы што тут робіце? Што вам трэба?

- А-а-а-м-м-м-м-м... Грошы аддаць. Я пяць капеек у вас на метро браў, памятаеце? Вось прынёс.

- Я перадам.

- Дзякуй.

— Пакладзіце на стол.

- Добра. Зараз жонка з працы прыйдзе, дзеці са школы прыбягуць, Іван Іванавіч з вёскі прыедзе... Іх сёння раней з падшэфнага калгаса адпусцяць...

- Які Іван Іванавіч?

- Я...

- А я?

- Вы з пяцьдзесят трэцяй?

- Так.

- Дык вы памыліліся, вам направа трэба было, а гэта пяцьдзесят другая... Як вы сюды па-тра-пі-лі?

- Пазваніў, мне адчынілі.

- Хто?

- Мая жонка Маша, якая паехала ў вёску і хутка вернецца, бо яе сёння раней з калгаса адпусцяць. Яна там парэчкі абірае і зараз прывязе іх.

- Хм... I я парэчкі абіраў... I прывёз вось трохі дзецям. Магу пачаставаць.

- Не трэба. У мяне свае будуць. I лепшыя.

- Лепшыя? Ну, не скажыце... Я ж выбіраў.

- Слухай, ішоў бы ты разам са сваімі парэчкамі... дамоў! Уваліўся ў кватэру ды яшчэ парэчкамі частуе! Слухай, а як ты сюды ўвайшоў?

- Я пазваніў, вы мне адчынілі. Я думаў, жонка ўжо дома і дзеці зараз са школы прыбягуць. А тут — ты, вы...

- Сядай, будзем чакаць: чыя жонка раней прыйдзе — таго і кватэра. Згодзен?

- Я-то згодзен. Тым больш — жонка хутка прыйдзе. А вось ці згодзен ты?

- Я ж прапаную.

- Ну і што?

- Я прапаную — значыць, ад пачатку згодзен. Інакш навошта мне прапаноўваць тое, што не выгадна самому?

- Вось я і думаю: навошта?

- Давай лепш пакуль руку перавяжам... Падцісні бінт, вось тут, ага, во-во... Раскроіў пальцы ледзь не да касці...

— Ты мне зубы не загаворвай. Кажы, навошта? — Што? Я? Гэта ж ты!!!

- Не, ты!..

- Ты!..

- Ты!..

Званок. Абодва разам кідаюцца да дзвярэй. Уваходзіць Іван Іванавіч.

Ці варта жыць — бо варта жыць?

(Сам прыдумаў)

Версія «К»

Крот пракапаў пад зямлёю ход. З турмы — на волю. З горада — у шырокае калгаснае поле. Жаваранкі спяваюць, васількі цвітуць, збажына каласіцца...

Але ніхто не пакарыстаўся тым ходам.

Мышы абміналі яго, вужы адпаўзалі падалей ад яго, мурашкі не заўважалі яго, а людзі стараліся наступіць на яго, каб заваліць...

Крот удыхнуў свежага паветра з пахамі красак і траў — і вярнуўся сваім ходам назад у турму.

Адному й на волі не вольна.

Версія «Л»

Кволае ранішняе сонца нясмела сачылася скрозь густую спелую лістоту. Спелае ранішняе сонца густа сачылася скрозь нясмелую кволую лістоту.

Скрозь густую спелую лістоту нясмела сачылася кволае ранішняе сонца.

Скрозь нясмелую кволую лістоту густа сачылася спелае ранішняе сонца.

Нясмелае ранішняе сонца квола сачылася скрозь густую спелую лістоту.

Ранішняе сонца густа сачылася скрозь кволую лістоту.

Ранішняе сонца квола сачылася скрозь спелую лістоту.

Ранішняе сонца нясмела сачылася скрозь густую лістоту.

Кволае ранішняе сонца сачылася скрозь густую лістоту.

Густое ранішняе сонца сачылася скрозь кволую лістоту.

Ранішняе сонца сачылася скрозь лістоту.

Скрозь лістоту сачылася сонца.

Сонца скрозь лістоту.

Сонца скрозь.

Скрозь.

Версія «М»

А<Б, але і

Б<А, пры

А=Я, а Б=ТЫ.

Разам — новая рэлігія: для мяне Я — Нішто, Ты — мой Бог; для цябе Ты — Нішто, Я — твой Бог. Мажліва, гэта і ёсць вырашэнне найвялік-шай хрысціянскай формулы: не зрабі бліжняму таго, чаго не хацеў бы, каб зрабілі табе.

Версія «Н»

Колькі сябе памятаю — люблю вішні. Спелыя, ажно чорныя, налітыя сокам, яны і зараз стаяць (вісяць) прад маімі вачыма. У нашым садзе было шмат вішнёвых дрэваў. Старых, выеокіх. Раслі яны паўз плот ад вуліцы і ўздоўж двара бабы Параскі. Калі надыходзіў час абіраць вішні, па выхадных да нас у двор з суседняе вёскі прыходзілі знаёмыя і незнаёмыя людзі купіць вішняў. Адныя лезлі на дрэвы і самі рвалі ягады, другія хацелі гатовых, абабраных. I тады галоўным абіралыпчыкам быў я. Мала сказаць, што я любіў гэтую справу. Я нібы наркаман трызніў ёю. Дзіўна, праўда? Бо якая-ніякая, а ўсё ж гэта праца. Але дзіўна, пэўна, тым, хто аніколі не залазіў на высачэзнае дрэва, не гой-даўся на ягоных галінах услед за ветрам, не цягнуўся да апошняй вішанькі дрыготкімі пальцамі, баючыся вось-вось сарвацца і зваліцца разам з адламанаю па жывому галінаю ўніз з больш чым дзесяціметровай вышыні. Была ў гэтым свая, асаблівая рамантыка, была ў гэтым — паэзія.