Выбрать главу
Лепш самападман. Яны не пакрыўдзяцца. Справа не ў славе. Жывём, штурхаемся. Не спазнаўшы сябе...

Версія «Ц»

У Атлантычным акіяне, пасярод мора (Саргасавага, вядома) была выспа. Высокая, вышэй за наш двухпавярховы дом. Стаяў ён якраз на скрыжаванні дзвюх вуліц: Ленінградскай і Піцерскай. Ці наадварот... Вуліцы былі людныя, пяечаныя, і мы, дзеці, любілі гуляць на іх у футбол. Ого-го — футбол васьмідзесятых!.. Літоўчанка і Хлус, Сокал і Пракоп... Я мог бы налічыць вам дзесяткі імёнаў тагачасных куміраў розных мясцінаў СССР, якія гуляюць зараз у далёкіх і блізкіх краінах. I на выспах-краінах, зразумела. У мяне сёння цяга да пералічэння. Мо назваць вам краіны, якія я ведаю?

- Давай,— азваўся мой напарнік,— а то плыць яшчэ далёка.

За акном-ілюмінатарам лайнера плёскаўся Атлантычны акіян.

- А давай лепш згуляем у краіны, як гуляюць у гарады. Я называю краіну, а ты — на апошнюю літару: Афганістан...

- Намібія.

- Ямайка.

- Аўстрыя.

- Японія...

Канец. Гэта быў канец гульні. А яшчэ кажуць, што Японія — Краіна ўзыходзячага сонца, там усё пачынаецца... А на ёй, бачыце, звычайна ўсё сканчваецца, бо на «Я» больш ніхто краін не прыдумаў.

Версія «Ч»

Мы сляпыя краты. Мы бачым роўна столькі, колькі дазволена.

Мы глухія цецерукі. Мы чуем роўна столькі, колькі дазволена.

Усе нашыя спробы ўдасканаліць свой зрок і слых з дапамогаю нейкіх прыбораў — няўдалыя. Не таму, што мы не можам, а таму, што нехта не захацеў і не хоча гэтага.

Нам дадзена тое, што дадзена. Не болей і не меней. I развівацца мы можам толькі ў глыбіню, але не ў шырыню. Мы можам бачыць далей, але не больш. Мы можам чуць гучней, але толькі тое, што чуем ціха.

Мы асуджаныя на слепату і глухату.

Мы не можам вырвацца па-за межы дадзенага нам зроку і слыху.

I каб жа гэта было ісцінай толькі адносна зроку ды слыху...

Версія «Ш»

Кружляў і кружляў над горадам самалёт. Нібы нешта выглядваў унізе, у натоўпах машын і людзей. I здавалася, зараз коршакам упадзе ён уніз і выхапіць сярод тысяч падобных на кропкі галоў адну, вядомую толькі яму, і кінецца з ёю ўверх, і знікне між воблакаў.

Кружляў і кружляў над горадам самалёт. А мы з мамай ішлі ў цырк і мама цягнула мяне за руку за сабою, бо вочы мае былі на небе.

I не цікавілі мяне болын ні вучаныя мядзведзі, ні дрэсіраваныя кобры... Самалёт выбіў мяне сваёю вышынёю.

— Мама, а чаму я не лётчык? — спытаў я.— Чаму не лятаю?

- Скажу пасля цырка,— буркнула мама ў адказ і ўцягнула мяне ў будынак пад купалам.

- Мама, а чаму я не мядзведзь? — спытаў я ў мамы пасля цырка.

- Скажу дома,— адмахнулася мама, і мы кінуліся да аўтобуснага прыпынку, які чакаў нас патрэбным аўтобусам.

- Я хачу быць карысным,— сказаў я маме, калі мы прыехалі, і спытаў: — Мама, а чаму я не аўтобус?

- Спытайся пра гэта ў таты,— адказала мама.

I я здагадаўся: гэта тата кружляе і кружляе зараз над горадам і не рашаецца кінуцца ўніз.

Версія «Ы»

Відзік жаўцеў голымі целамі, якія вычвараліся ў розных паставах. «Саньё»,— сказаў рыжы і вырубіў святло. У паўзмроку дзяўчына распранулася. Акрамя іх дваіх і тэлевізара ў пакоі былі яшчэ два ложкі ў розных кутох — якраз па адному на цела. Так і зрабілі — ляглі кожны на сваім. Першай не вытрымала дзяўчына. Яна выйшла на гаўбец папаліць. Рыжы курчыўся ў ложку і не бачыў ні гэтых сціплых зор, ні кволага месячыка, не чуў ласкавага пошуму лістоты і пяшчотнага шыпення колаў машын, што праязджалі міма.