Выбрать главу

Матор машыны ўжо бурчэў, калі ён падыходзіў да расчыненых дзверцаў. Шафёр, анічога не пытаючы, павольна зрушваў з месца. Ён памятаў: сёння серада, а па серадах патрон звычайна едзе да каханай жанчыны. Да жанчыны, словам. Няспешна рухаючыся, «Вол-га» пад'язджала да знаёмага дзевяціпавярховіка. «Дзякуй,— казаў міністр,— заўтра, як заўсёды»,— і вылазіў з машыны. Падняўшы руку — развітваўся: «Бывай»,— і марудна падымаўся па прыступках.

Цяпер пакутны шлях да ліфта. Доўгі пад'ём да трэцяга паверха са скіргатаннем ля кожных дзвярэй. Ключ. Не, лепш званок. I паказная радасць: «Ты! А я і не чакала...»

Не... Міністр набіраў нумар дырэктара гатэля. «Фаміч! Мне сёння нумарок трэба. Ага, на ноч...» Клаў трубку, тушыў святло. Сядзеў і думаў. Не, не пра жыццё, і не пра работу, якая, па сутнасці, частка жыцця, і не пра вечар і ноч, якія таксама былі жыццём, але выпадалі з яго, і не пра сябе, замардаванага гэткім жыццём — бо думаць пра сябе, ці не пра сваё жыццё думаць?.. Ен проста думаў. Рэдка выпадае хвіліна проста падумаць. Пра ўсё і ні пра што... Потым браў дыпламат, ляскаў дзвярыма, каб пачула прыбіральшчыца, і, не гледзячы нават на жанчыну, што падбягала да яго, кідаў у працягнутыя рукі ключы і няспешна крочыў да ліфта.

Амаль спыняючыся на кожнай прыступцы, падыходзіў да машыны і казаў: «Вася, я сёння пяшочкам прайдуся...» — і клыпаў да гатэля, што быў зусім побач, праз квартал. Вось і гатэль «Октябрьский». Цяпер пакутны шлях да нумара. Ключ. Не, адчынена. I «шчаслівая» ўсмешка падрыхтаванай дырэктарам незнаёмай, новай дзяўчыны: «Я рада вас бачыць, я ваша да гроба...»

Не... Міністр клаў галаву на рукі і ці то драмаў, ці то спаў колькі хвілін, потым тушыў святло, браў трубку і казаў міліцыянеру на першым паверсе: «Адпраўце маю машыну, я затрымаюся сёння». Ішоў да канапкі, клаўся на яе і засынаў. Прачынаўся ён хутка, ад яркага святла ў пакоі. Прад ім стаяла голая прыбіральшчыца, прыгожая і моцная, пекная дзяўчына... I позірк ейны казаў: «Я так чакала гэтага моманту...»

Не... Хай будзе лепш так: міністр, як заўсёды, засядзеўся запозна. Ціха зачыніў кабінет і перад ліфтам вырашыў зайсці ў прыбіральню. Пакуль ён сцішана стаяў там па патрэбе, ліфт раптам запрацаваў. «Хто яшчэ мог сядзець гэтак позна? — падумаў міністр.— Маладзец, спытаю заўтра...» — і падышоў да дзвярэй. Торг — не адчыняюцца. Рвануў — ручка ў руках... Дзверы зачыненыя. Прыбіральшчыца дачакалася, покуль ён пойдзе, замкнула прыбіральню, патушыла святло ў калідоры і спусцілася ўніз па ліфце. Міністр кінуўся з кута ў кут — тэлефона, каб пазваніць дзяжурнаму міліцыянеру, няма. Давядзецца яму цяпер да раніцы сядзець у пры-біральні!.. Не...

Не, міністр анікому не пазваніў, міністр не стаў сядзець за сталом і думаць, ці разглядваць надпіс за акном, міністр ціха выйшаў з кабінета, зачыніў дзверы і, анікуды не заходзячы, спусціўся ўніз. Аддаў ключ міліцыянеру.

Машына яго чакала. Міністр спыніўся. Зноў спыніўся перад выбарам, які ён толькі адсунуў на некалькі хвілін. Міністр лёгка вырашаў чужыя справы і праблемы. Аднак у сваіх ён какчаткова заблытаўся...

Міністр павольна падышоў да машыны. Сеў. Была серада, і Вася, нічога не пытаючыся, уключыў хуткасць. «Не туды...» — сказаў міністр, калі Вася скіраваў да дзевяціпавярховіка, «Не туды...» — калі павярнуў да гатэля, «Не туды...» — калі паехаў у бок катэджа, «Не туды...», «Не туды...», «Не туды...» — казаў ён куды б ні зварочваў Вася. I шафёр паехаў прама ў... Не, не туды...

Версія 11

У роднай вёсцы я сядзеў ля вакна і пазіраў на суседскі плот. Па вуліцы прайшоў дзед з пілою ў руках. Не паспеў асесці ўзняты ім пыл, як паказаўся другі дзед з касою на плячы. Яшчэ праз колькі хвілін паўз мяне прайшоў дзед з сякераю. «Наступны дзед, пэўна, будзе несці граблі»,— падумаў я. I памыліўся: зноў прайшоў дзед з пілою.

Версія 12

Вецер падслізнуўся на дзіцячай коўзанцы і амаль бязгучна ляснуўся на лёд, праехаў трохі на спіне і лёгка падхапіўся, падняўся зноў да вершалінаў дрэў, загойдаў у нястрымнай злосці голымі галінамі, строс апошні засохлы і выпетраны лісток з таполі, падхапіў яго і пагнаў перад сабою, адразу забыўшыся пра нядаўняе здарэнне, пра сваю дзіўную нязграбнасць ці непрадбачлівасць; лісток узляцеў высока над дарогаю, знізіўся, зноў падняўся, потым апусціўся, і вецер, загуляўшыся, як дзіця, з налёту ўрэзаўся ў лабавое шкло «Ікаруса»... Праз імгненне ўбачыў я яго на збочыне, у брудным снезе. Ён сядзеў, шырока раскінуўшы ногі, і плакаў. Гэта быў яшчэ зусім маладзенькі ветрык. Яму, відаць, было вельмі прыкра, што ў яго анічога не атрымліваецца.

Я не магу глядзець, як плачуць маленькія. Мне захацелася падысці да яго і супакоіць простым ласкавым словам. Але я прыгадаў, што знаходжуся сярод людзей, якія не бачаць ветрыку, і гэты мой зразумелы і звычайны ўчынак ацэняць па-свойму: палічаць вар'я-там, які гаворыць з пустым месцам.