Выбрать главу

I вось дачуўся ён пра конкурсы і пошукі замежныя, доўгія і безвыніковыя, і зарагатаў на ўсю вуліцу:

— Ха-ха-ха! А я ўжо пяць гадоў такую жонку маю. Лысую. Ха-ха-ха! I нічога — люблю. Ха-ха-ха!

Версія 18

Разглядваю фотаздымак. Чужы твар.

Круты, высокі лоб. Ніводнай маршчыны, як на калене.

Вузкія, выгаралыя бровы. Амаль. зрасліся, пабраталіся.

Тонкі, доўгі нос. З гарбінкай, нібы наклеенай. Шырокі, прамы рот. Губы тонкія, пракладзеныя як паралельныя прамыя, што недзе перасякаюц-ца.

Маленькія, слізкія вочы. Бруднага, невызна-чальнага колеру, нібы паношаная апратка.

Дробныя, жоўтыя зубы. Шчарбіна збоку ўверсе, як выбітая спіца ў коле.

Вострыя, чорныя валасы. Тырчаць з ноздраў, быццам дзіды.

Тлуетыя, бліскучыя шчокі. Скура тонкая, ружовая, як на падпрэлай попцы дзіцяці.

Круглыя, амаль чорныя радзімкі. Раекіданыя па лбе, нібы зоркі па небе.

Рэдкія, цесна прылізаныя валасы на галаве. Быццам і няма іх там, проста чэрап трохі падфарбаваны.

Павекі без веек... Бясколерныя губы... Адтапыраныя вушы...

...Твар — адбітак душы?..

Версія 19

Горад пасярод лясоў... Я пазначыў яго на мапе. I назваў — Мой.

У Маім горадзе (ці горадзе Мой) усе дамы — аднапавярховыя, усе вуліцы — брукаваныя, усе дрэвы — вечназялёныя.

У Маім горадзе няма Цэнтральнай вуліцы, няма Галоўнай плошчы, няма Найважнейшага дома.

У Маім горадзе ніхто не жыве. Ен пазначаны толькі на мапе. Дык навошта тады гаварыць пра яго?

...Праз тысячу гадоў вучоны знойдзе мапу, на якой пасярод лясоў пазначаны горад з такою простай назвай: Мой. I перанясе яго на ўсе гістарычныя мапы. I ніхто і не падумае аспрэчыць яго, даказаць, што такога горада не было, што нехта (я) выдумаў яго разам з ву-ліцамі, дамамі, дрэвамі. Бо навошта мне гэта рабіць? Не бачу сэнсу...

Версія 20

Вялікі Інка быў белым. Белым — у сэнсе еўрапейцам. Гіпотэзаў ягонага паходжання шмат. I сярод іх — ніводнай канчаткова доказнай. Усе яны грунтуюцца толька на індзейскіх легендах, з якіх дакладна вынікае найперш адно: Вялікі Інка меў еўрапейскія рысы і колер твару.

Але ніхто не паспрабаваў вывесці нацыянальны характар Вялікага Інкі, мяркуючы па ягоных дзеяннях, учынках, справах. Ідэя — мая. I таму на правах першаадкрывальніка, як гэта рабілі іншыя (гішпанцы, амерыканцы, французы...), вылучаю новую гіпотэзу: Вялікі Інка быў беларусам.

Няхай будзе гэта маім сціплым укладам у скарбонку нашага Адраджэння.

Версія 21

Цвік, забіты ў неба,— упаў. А як мякка йшоў! Як лёгка лез! I вось ляжыць пад нагамі. Бяры яго і забівай. Зноў і зноў. Лёгка. Мякка. Трыма ўдарамі. Двума. А можна і адным. Тук! I ўпаў. Тук! I ўпаў... Стараўся цаляць у адно месца, а мабыць, дзірак набіў у небе — мільён. Кожны ўдар — дзірка. Тук! Дзірка. Тук! Дзір-ка... Удзень не відаць — а ноччу, пэўна, усё неба будзе свіціцца ад новых сузор'яў. Тук — зорка. Тук — дру-гая. Тук-тук-тук-тук-тук... сузор'е. Не неба — сіта. Дзе я яшчэ не забіваў цвік? Тут? — тук! — дзірка — зорка. Лёгка, мякка ідзе цвік. Тук! Ах, ёкалэмэнэ! Па пальцах! С-с-с-с-с! З усяго размаху... I зноў: тук! — цвік упаў, тук! — цвік упаў, тук! — цвік упаў... Пад ногі. Не тры-маецца ніяк. Дзень: неба высока. Ноччу неба, вядома, будзе ніжэй. Ноччу неба вакол: ноччу неба паўсюль, дзе цемра. Ноччу і заб'ю цвік. I павешу на яго свой картуз. Во радасць! Во прыгожа! I зручна: я сяджу — картуз вісіць. А галоўнае — усе будуць ведаць: тут маё месца, бо тут мой цвік забіты, мой картуз вісіць і тут ся-джу і мару я. Цвік яшчэ не забіў, а ўжо туды ж: мару пра новае жыццё... Уставай і працуй... Лайдак!..

Версія 22

На гадзінніку было восем. Роўна восем гадзін раніцы. Падкрэсліваю — восем. I ні хвілінай менш.

Зрэшты — гэта не істотна. Бо тое, што я назіраў, магло адбыцца і ў дзесяць, і ў шэсць.

Каля падземнага перахода стаяў чалавек. Ля ягоных ног ляжала шапка. Андатравая. Мяркуючы па тым, як быў апрануты чалавек — не ягоная. Шапка была пустая.

Чалавек патаптаўся-патаптаўся, дастаў з кішэні скамечаны рубель і кінуў яго ў шапку. Пастаяў яшчэ трохі, азіраючыся па баках, убачыў мяне, стуліў плечы і пайшоў у падземны пераход.

Шапка і сапраўды была не ягоная.

Але ж пакуль і не мая.

Я падышоў да шапкі, схіліўся над ёю. Амаль мой памер. Я агледзеўся. Навокал — анікога. Блізка — анікога. Толькі недзе метраў за сто ад мяне, на праспекце, мільгацелі людзі. Я зірнуў у падземны пераход — там чарнела постаць майго папярэдніка. Я дастаў з кішэні рубель, паклаў яго ў шапку і адышоўся.