Выбрать главу

Так і зрабілі. А потым яшчэ раз і яшчэ, яшчэ... Між тым пачало развідняць. Неба пасвятлела, прарэзаліся на ім першыя хмаркі, якія беглі хутка, быццам спяшалі некуды ці хацелі ўцякчы з халоднай поўначы на цёплы поўдзень. Па вуліцы, не па самай глухой, дарэчы, так ніхто паўз нас і не прайшоў. I калі ў чарговы раз у нас з сябрам у руках аказаліся пісталеты, мы з ім пераглянуліся, бо адначасна прыдумалі, як можна хутчэй пайсці дамоў. Мы не сталі болей выпрабоўваць лёс і чакаць, покуль невысокі і нехударлявы і высокі і хударлявы крыкнуць нам: «Страляйце, курвы!» (альбо блядзі, падлюкі... гл. вышэй), а проста вы-стралілі. Хлопцы ўпалі. А мы пайшлі шукаць сведак. Недзе ж павінны яны быць?

Версія 24

У пятае Месяцовае Паселішча пад назвай МП-5 Крывія, заснаванае беларусамі на адваротным баку Месяца ў пачатку мінулага стагоддзя, я прыляцеў амаль апоўначы. Зрэшты, тут гэта не мела аніякага значэння, бо цемра была заўсёднай і падзел на дзень і ноч быў умоўным, зямным.

Аднак поўнач і на Месяцы поўнач. Жыццё ўжо аціхла, уляглося. Ля касмапорта стаялі толькі дзве ці тры вольныя таксоўкі, якія адразу ж перахапілі болып шустрыя пасажыры. Мне ж анічога не заставалася, як апусціцца на трэці ўзровень і пайсці дамоў пешкам.

Ярка асветленыя вуліцы падземнага горада былі пустыя. Я разуўся і босы пайшоў па густой, цёмна-зялёнай штучнай траве, якая і была тым, што на Зямлі называюць тратуарам. Гнуткія травінкі прыемна казыталі адвыклыя ад такой раскошы ногі. I я нават абрадаваўся цяперака, што мне не дасталося таксоўкі. Я жыў непадалёку ад касмапорта, на цэнтральнай вуліцы Крывіі, што традыцыйна звалася Гасцінцам. Па абодва бакі ад травянікаў (тратуараў) былі самыя розныя крамы, цырульні, кавярні, рэстарацыі, якія зіхацелі вабнай рэкламаю.

Горад адпачываў. Зрэдку бязгучна, імкліва праносілася па ім таксоўка ці «хуткая дапамога». Вандроўцаў жа зусім не было. Я ведаў, што паліцыянты з Цэнтральнае Назіральнае Кролкі зараз ва ўсе вочы сочаць за мною і гэтая начная вандроўка мне яшчэ можа аукнуцца, падпсаваць настрой і нервы нечаканым вы-клікам у Магістарт на тлумачэнне. Але, з другога боку, ідучы пад наглядам ЦНК («сынка» мы называлі), я быў надзейна абаронены ад любых нечаканасцей, ад любога гвалту.

«Лідзкае піва — бяры бяз сумліву!» — крычала рэклама над кавярняй. Побач стаяла некалькі аўтаматаў па продажы піва. Я дастаў наўталер і паклаў яго ў працягнутую руку аўтамата. Той сказаў «Дзякуй» і падаў мне бляшанку піва. «Піце на здароўе!» — прашчабятаў лаекава аўтамат мне ўслед. А я ўжо пстрыкнуў-адкрыў бляшанку і прыклаўся да халоднага пяшчотнага напою. «Дома! Я дома!» — спявала душа. «Нарэшце я дома!..»

Нічога страшнага, калі цябе не зразумеюць тысячы тысяч людзей, важна, каб цябе зразумеў хоць адзін чалавек.

Сам сабе, дзеля апраўдання і заспакаення

Версія 25

Кожны чытае гэтую кнігу. Яе ніхто гэтак не называе, бо няма ў тым патрэбы. Але гэта — Кніга.

Яна ёсць у кожным доме, у кожнай сям'і, у кожнага чалавека. Нават там, нават у тых, у каго ніколі ніводнай кнігі не было. Чытаюць яе і тыя, хто не ведае, што гэта кніга, і тыя, хто ведае, якія бываюць кнігі і не пазнае ў ёй кнігу, і тыя, хто не ўмее чытаць. Во гэта — Кніга.

Ніхто яшчэ не дачытаў яе да канца, як ніхто не пачаў спачатку. Можа, й няма ў яе ні пачатку, ні канца — не ведаю, бо сам пачаў чытаць з 1959 старонкі. Аднак тыя, хто чытаў кнігу да мяне, пранумаравалі старонкі адвольна, пазначыўшы першай — не першую, таму што перад ёю ляжалі (і ляжаць) тысячы і тысячы старо-нак. За прачытанай старонкай — ідзе, здавалася б, чыстая, аднак варта пачаць чытаць яе, як запаўняецца яна знакамі-літарамі, падзеямі-ўчынкамі. I знаходзіцца гэтая кніга побач і далёка, паўсюль і нідзе. У кожнага яна свая, але для ўсіх — адна, адзіная.

Не стане нас — яе будуць чытаць іншыя людзі, нашыя нашчадкі. Не будзе нікога — яе старонкі ўсё роўна будуць нумаравацца, запаўняцца, чытацца... Бо калі ёсць на свеце нешта вечнае, то гэта — яна.