Выбрать главу

Версія 26

Смецце... Смецце... Смецце...

Людзі ядуць, п'юць, працуюць — жывуць... Што найперш застаецца ад іх жыцця? — Смецце.

Гэта не самая прыемная справа — збіраць смецце пасля людзей. Але робяць яе не самыя горшыя людзі. Я ведаю, што кажу.

Вы жылі калі-небудзь у доме, у якім няма смеццеправода і ў двары стаяць вялізныя бакі, куды трэба выносіць смецце? — Добра.

А ці жылі вы ў доме, у якім няма смеццеправода і няма вялізных бакаў у двары? — Не? А я жыву.

Штораніцы будзіць мяне не суседскі певень, не радыё гімнам, не электронны гадзіннік любімай мелодыяй. Мяне будзіць аўтамабільная сірэна: трэба выносіць смецце.

I тады я думаю: смецце збіраюць не самыя горшыя людзі.

Версія 27

а) За мной увесь час сочыць мой учарашні дзень,і чакае не дачакаецца мяне дзень заўтрашні. Учарашні дзень ідзе за мною след у след, а заўтрашні адступае і адступае, і не паспею я нагнаць яго, як ён ужо стаў учараш-нім. I я адчуваю сябе нічым, слабым, нямоглым, бо не магу вярнуцца назад і не магу ўвайсці ў заўтра. Я ўвесь час між імі, а значыць — нідзе. Вечная пакута паміж учора і заўтра, паміж мінулым і будучыняй і ёсць жыццё?

б) Ад сярэдзіны жыцця да пачатку і канца яго — няроўныя прамежкі часу. Першы даўжэйшы, другі — карацейшы. I ніколі наадварот. Таму мы і не ведаем, калі сярэдзіна: у любы момант жыцця яна ўжо была...

в) Той, хто прыйшоў за мною, ужо пайшоў. Таго, хто быў перада мною, я не бачыў. Хто ж будзе наступным? Няўжо я?

Але ж я не хачу. I прыйшоў я сюды не таму, што хацеў, а таму, што ў мяне ніхто не спытаў, ці хачу я.

Я стаю. Аднак дарога пад маімі нагамі пракручваецца, а значыць, і стоячы я набліжаюся да той самай кропкі, з якой няма шляху назад, а значыць, і стоячы я крочу туды, адкуль не вяртаюцца. Зрэшты, у мяне зусім няма шляху назад альбо ўбок. Толькі наперад, да загадзя вядомага выніку.

Няўжо толькі дзеля гэтага я прыйшоў сюды? Дык не буду ж стаяць!

г) З лабірынтаў жыцця няма дарогі назад. I не таму, што пры нараджэнні Арыядна не дала нам сваю ніць. Як нельга двойчы ступіць у адну раку, так нельга вярнуцца ва ўчора. Час цячэ скрозь нас, стаім мы ці крочым, ляжым ці ляцім. Што б ні рабілі мы, куды б ні кідаліся: уверх, уніз, управа ці ўлева — мы кіруем да адной пэўна вызначанай канчатковай кропкі, якая і ёсць вынік нашага жыцця. Нам толькі здаецца, што шлях свой мы абіраем самі, што мы гаспадары свайго лёсу. Аднак нават самыя адчайныя і самыя невытлумачальныя логікай папярэдняга жыцця нашыя крокі — на самай справе некім ужо запраграмаваны. Гэта і ёсць тая самая ніць Арыядны. Толькі мы не размотваем клубочак, а змотваем яго...

Мы — вяртаемся...

Версія 28

Ясная летняя ноч пасля кароткай навальніцы. У лужыне адбіваецца акраец месячыка. Сабака сядзіць на будцы і пазірае то на неба, то на лужыну. Потым саскоквае на зямлю і бяжыць да лужыны. Там месяца няма. Толькі адбіваецца некалькі жоўтых кропак — зоркі. Сабака вяртаецца назад — і зноў бачыць месяц на небе і ў лужыне. Мякка саскоквае на зямлю і крадзецца да лужыны — месяца там няма. Сабака задзірае галаву да месяца на небе і вые...

Выходзіць з хаты гаспадар. Рашучым крокам ідзе да сабакі, па дарозе прыхапіўшы добры кол. Заўважае ў лужыне акраец месячыка. Спыняецца. Замаўкае і саба-ка. Гаспадар адкідвае ўбок кол і паціху-паціху крадзецца да лужыны. Месячык слізгае па ёй і, урэшце, знікае, хаваецца недзе ў цемры. Гаспадар вяртаецца да кала — месячык зноў жаўцее ў лужыне. Гаспадар бярэ кол і спрабуе пайсці да лужыны ў абход, бокам. Месячык зноў заўважае яго і павольна, з кожным крокам, адпаўзае да краю лужыны і растае...

Гаепадар вяртаецца да сабакі, падымае галаву да месяца ў небе і пачынае выць.

Сабака здзіўлена пазірае на яго, а потым падхоплівае на самай высокай ноце.

Версія 29

У доўгіх думак — кароткія штонікі. У кароткіх штоніках — бясконцыя дні. У бясконцых дзён — высокае сонца. У высокага сонца — шчырая душа. У шчырай душы — пусты страўнік. У пустога страўніка — доўгія думкі. Альбо.

У доўгіх думак — бясконцыя дні. У кароткіх штоніках — высокае сонца. У бясконцых дзён — шчырая душа. У высокага сонца — пусты страўнік. У шчырай душы — доўгія думкі. У пустога страўніка — кароткія штонікі.

Альбо.

У доўгіх думак — высокае сонца. У кароткіх штоніках — шчырая душа. У бясконцых дзён — пусты страўнік. У высокага сонца — доўгія думкі. У шчырай душы — кароткія штонікі.

Альбо...

Але — гуляйце самі. Гуляйце лепш за мяне. Гуляйце ў «шкляныя перліны»...