Васіль Быкаў
Сотнікаў
1
Яны ішлі праз лес глухой, замеценай снегам дарогай, на якой не было ні чалавечага следу, ні каляіны, ні нават знаку ад капыта ці полаза. Тут, мусіць, і ўлетку не часта ездзілі, а цяпер, пасля доўгіх лютаўскіх мяцеліц, дык і ўсё зараўняла снегам, і каб не лес — елкі ўперамежку з хмызам, — які няроўна расступаўся па абодва бакі, пакідаючы ўсярэдзіне вузкую белую крывуліну, дык было б і не здагадацца, што тут дарога. І ўсё ж яны не памыліліся. Углядаючыся праз голы, затуманены прыцемкамі хмызняк, Рыбак усё больш пазнаваў гэтую пуцявіну, якую ён памятаў яшчэ з восені, калі пад нагамі плюхалі лужыны, а ў лесе густа церушыў лістапад і восеньскі вецер імжыў наўкола нудным сцюдзёным дажджом. Тады іх чалавек пяць з групы Смалякова неяк пад вечар таксама прабіралася па гэтай дарозе на хутар, і таксама каб раздабыць харчу, ну і яшчэ адпачыць і пасушыцца ў цяпле. Вунь якраз і знаёмы равок, які доўгім крутабокім языком выцягнуўся да самай дарогі, і тая, ухінаючыся ад яго, брала ўлева, у хмыззё, і неўзабаве знікала ў алешніку, праглынутая змрокам. Тут яны сядзелі тады ўтрох і курылі, чакаючы, пакуль двое, што пайшлі на хутар, не пададуць сігнал ісці следам. Цяпер, аднак, у равок было не ўлезці — з берага звісала намурованая мяцеліцай снегавая застрэха, голыя дрэўцы на схіле з суччам патанулі ў снезе.
Над вяршаллем хвой угары лёгка слізгаў вышчарблены маладзічок месяца, які амаль не свяціў, толькі ледзь бліскаў у імглістым ззянні, аздабляючы змрочнае без зор неба. Але з ім было неяк весялей, нібы хтось жывы рупна праводзіў іх у гэтай дарозе. У лесе ж наўдаль было змрачнавата, няпэўна ад цьмянае мешаніны ельніку, нейкіх плямаў, галля, аднак паблізу, на чыстай белі снегу, няблага ўгадвалася дарога. Тое, што яна аказалася зусім без следу, па цаліку, хоць і давала працы нагам, але засцерагала ад нечаканасцяў: наўрад ці хто будзе пільнаваць іх тут, у гэтай глушэчы марознай начы. Тым не менш Рыбак усё ж асцярожнічаў, асабліва пасля няўдалага заходу ў Гліняны, дзе яны, пэўна, трапілі б у рукі немцаў, калі б не адзін дзядзька, сустрэты імі з дровамі. Дзядзька, дзякуй яму, папярэдзіў, што пад вечар у вёску наехала немцаў, і яны павярнулі ў лес, да гэтага хутара.
Зрэшты, выпадковай сутычкі Рыбак не асабліва і баяўся, тым болей у лесе ці нават у полі — у іх была зброя. Праўда, трохі малавата назбіралася патронаў, ды і то няблага: тыя, што асталіся на Гнілым балоце, аддалі ім усе лішкі са сваіх таксама болей чым небагатых запасаў. Цяпер, не лічачы пяці штук у вінтоўцы, Рыбак меў яшчэ тры абоймы ў кішэнях кажушка, столькі ж было ў Сотнікава. Шкада, не знайшлося ніводнай гранаты, але і то не бяда — пад ранак яны ўжо будуць у лагеры. Прынамсі, павінны быць. Праўда, Рыбак адчуваў, што яны трохі бавіліся, ісці трэба было б шпарчэй, снег быў не дужа глыбокі, месцамі добра спрасаваны завеяй, але падводзіў напарнік.
Увесь час, пакуль яны ішлі лесам, за спіной Рыбака чуўся прыглушаны прастудны кашаль, які гучаў часам бліжэй, часам далей, а цяпер вось дык і зусім прыціх нешта. Каторы ўжо раз Рыбак азірнуўся і збавіў кроку — Сотнікаў ледзь прыкметна варушыўся ззаду ў лясным сутонні. Рыбак не гукнуў яго і не падагнаў, толькі, прыцінаючы ў душы нецярпенне, хвілін пяць глядзеў, як той прыстала шкандыбае па снезе ў сваіх тоўстых стаптаных бурках. Да таго ж ён нешта незнаёма і нязвыкла сутуліўся, апусціўшы голаў у глыбока насунутай, з апушчанымі краямі пілотцы, і, калі падышоў, стала чуваць яго разгарачанае труднае дыханне, з якім той не мог саўладаць, нават спыніўшыся.
— Ну, як? Цярпіма?
— Так, — няпэўна махнуў рукой Сотнікаў і ямчэй закінуў за плячо вінтоўку. — Далёка яшчэ?
Перш чым адказаць, Рыбак памарудзіў, паўзіраўся ў перахлябістую, захінутую ў караткаваты шынелак постаць напарніка. Ён ужо ведаў, што той праўды не скажа; хоць і знямог, але будзе аднеквацца: маўляў, абыдзецца, — каб не прыняць чужой дапамогі, ці што? Чаго іншага, а ўпартасці ў гэтага Сотнікава было на траіх. Ён і на гэта заданне трапіў, мабыць, з свае ўпартасці — хворы, а не схацеў прызнацца ў тым камандзіру, калі той падбіраў Рыбаку напарніка. Перад тым былі выкліканы двое: Глушчанка і Ўдавец, але Глушчанка толькі разабраў кулямёт, узяўся чысціць, а Ўдавец адгаварыўся тым, што надта намачыў ногі — хадзіў па ваду і праваліўся ў твань на балоце. Тады камандзір клікнуў Сотнікава, і той моўчкі пачаў збірацца, нібы ў яго не знайшлося ніякай прычыны астацца разам з усімі.
Калі яны ўжо выправіліся і Сотнікаў пачаў кашляць, Рыбак запытаўся з папрокам, чаго ён змоўчаў, тады як здаравейшыя адмовіліся, на што Сотнікаў адказаў: «Таму і не адмовіўся, што тыя адмовіліся». Рыбаку гэта здалося не зусім зразумелым, хоць пасля ён падумаў, што ўвогуле турбавацца няма прычыны — чалавек на нагах, ці варта звяртаць увагу на яго кашаль — ад прастуды на вайне не канаюць. Дойдуць урэшце да жытла, абагрэюцца, паядуць гарачае бульбачкі, і ўся хвароба адстане. Найлепшае для салдата лякарства — пад'есці.