Выбрать главу

Плот быў на месцы, хоць і паламаны, без верхніх жардзін; некалькі пар пахілых, перавязаных лазінаю калоў коса тырчала з зямлі. Тут, за бульбянішчам, стаяла некалі тая самая пунька, а цяпер быў толькі бялюткі снегавы пагорак, з-пад якога месцамі вытыркала-бугрылася нешта чорнае — недагарэлыя галавешкі, ці што? Далей, у тым месцы, дзе была будыніна, таксама грувасціліся заснежаныя груды з недарэчна аголенай і закапцелаю печчу; там жа, дзе колісь стаялі хлеўчукі, не разабраць было — мусіць, не асталося і недагаркаў.

Рыбак спыніўся і стаяў так ля плота ўсё з той жа несціханай лаянкай у душы, не ведаючы, што рабіць і што думаць. Не верылася нават, што гэта той самы хутар, на які яны наведваліся ўвосень. Перад яго вачыма паўстала ранейшае людское жытло з яго несамавітым сялянскім утулкам. У хаце ля печы завіхалася баба Прося, пякла дранікі, а яны сядзелі без ботаў на пяколку і перасміхаліся з Любкай, якая частавала іх сушанымі арэхамі. Арэхі тыя, як, дарэчы, і сама Любка, асабліва прыйшліся даспадобы Булахаву, гаваркому байцу з пагранічнікаў — некалькі чалавек з іх далучыліся перад тым да атрада. Цяпер ужо з пагранічнікаў не асталося ніводнага. Ён нават не ведаў, калі знік Булахаў, — ён толькі спадзяваўся на кароткі прытулак у гэту сцюдзёную ноч і хацеў пад'есці. Але іх апярэдзілі на тыдзень, не болей — ён гэта вызначыў пэўна.

Тым часам ззаду падышоў Сотнікаў, які таксама зразумеў усё і ад такой навіны апанурыўся, мабыць, не менш за таварыша. Не прамовіўшы ні слова, ён моўчкі спыніўся і глядзеў на заснежаныя рэшткі былой хутарской сядзібы. Рыбак пералез цераз жэрдку і прайшоў па двары да печы, якая сіратліва, адна на ўсім хутары, тырчала з груды, трымаючы на каптуры свяжуткую гурбу снегу. Дзіўна і нязвыкла было бачыць на ёй гэты снег, які шчыльным пластом ляжаў і на пяколку і нават замуроўваў закапцелы чалеснік. Коміна ў печы не было, мусіць, абваліўся ў часе пажару і цяпер разам з галавешкамі нязладнай кучай грувасціўся пад снегам.

— Сволачы! — вылаяўся Рыбак.

За ім на чысты снег падворка выйшаў Сотнікаў, самотна пастаяў крыху і адышоўся да студні. Калодзеж, здаецца, тут быў адзіным, што збераглося ад пажару. Цэлы быў і журавель, высока задраны вочап якога ціха пагойдваўся на ветры.

Рыбак сюды-туды пахадзіў па падворку, пнуў ботам парожняе дзіравае вядро, што валялася доле, пакратаў вобад паўзамеценага снегам паламанага кола. Болей тут не было чым пажывіцца: тое, што не знішчыў агонь, мусіць, падабралі людзі. І нікога ўжо тут не было, нават не асталося слядоў чалавечых ног, адно толькі воўчыя чарнеліся побач за плотам — мусіць, воўк таксама меў нейкія свае надзеі на хутар. Зразумеўшы, урэшце, што трэба шукаць новае выйсце, Рыбак вярнуўся да студні.

— Ну, што ты на гэта скажаш?

— Выдаў нехта. Ведама — пры лесе, — сіпата азваўся ля студні Сотнікаў і, зябка адхінаючыся ад ветру, бокам прысланіўся да зруба. У ягоных грудзях штось ціхенька рыпела, як у сапсутым гармоніку.

Рыбак, памаўчаўшы, запусціў руку ў кішэню шыняля і там пад патронамі і рознай драбязой набраў жменю паранага жыта — рэшту таго, што асталося з яго сённяшняй харчовай нормы.

— Хочаш?

Без асаблівай гатоўнасці Сотнікаў працяг руку, у якую Рыбак адсыпаў з свае жмені. Абодва моўчкі пажавалі сцюдзёнай паранкі.

— Падрубалі, называецца!

Рыбак разумеў, што пачынала ўсур'ёз не шэнціць, другая гэта няўдача злосцю і раздражненнем азвалася ў яго пачуццях. І не так важна было, што самі асталіся галодныя, — болей прыгнятаў успамін пра тых, на балоце, што гібелі цяпер на сцюжы і чакалі іх з якім-ніякім харчам. За тыдзень баёў і беганіны ў лясах людзі надта прыбіліся, згаладнелі, з'явіліся параненыя, траіх няслі з сабой на насілках. А тут карнікі абклалі так, што нідзе не праткнуцца, толькі вось гэты краёчак балота і аставаўся яшчэ не закрыты. Але сюды далёка не сунешся — праз тры кіламетры мястэчка з гарнізонам, патрулі на дарогах, паліцыя, і да таго ж бязлессе — туды ім дарогі няма.

Дажаваўшы ўсё са жмені, Рыбак азірнуў напарніка.

— Ну, як ты? Калі надта кепска, топай назад. Я, можа, куды ў вёску падскочу.

— Адзін?

— Адзін, а што? Не вяртацца ж з пустымі рукамі.

Сотнікаў памаўчаў, нястрымна скалануўся ад сцюжы — на месцы пачаў прабіраць мароз. Яму было холадна, усё нутро сцялася ў ледзяной знямозе. Каб захаваць рэшткі цяпла, ён глыбей насунуў на вушы пілотку і шчыльней захінуўся ў шынелак.