— Значыць, туды не паткнуцца, — рашыў Рыбак і патаптаўся на рыпучым снезе. — Як ты, нічога? Мо давай лагчынкай пройдзем? Тут недзе за кустамі павінна быць яшчэ вёсачка.
— Давай, — знарок абыякава цепнуў плячом Сотнікаў. Яму сапраўды было ўсё роўна, абы толькі не стаяць на марозлівым ветры і мець у надзеі хоць які-небудзь агеньчык, які б свяціў наперадзе. Пачуцці яго тупелі, засцілаліся прывіднай смугой, па-ранейшаму кружылася ў галаве. Усе яго намаганні ішлі на тое, каб не спаткнуцца, не ўпасці, бо тады ён наўрад ці падняўся б.
Яны збочылі з дарогі і пайшлі па снегавым цаліку туды, дзе шырокім лапікам цьмеў уночы хмызняк. Снег на касагорыне спярша быў неглыбокі, па костачкі, але чым далей, тым большаў, асабліва ў лагчынцы. Праўда, лагчынка выдалася нешырокая, яны хутка перайшлі яе і падаліся ўздоўж паскі хмызу, блізка, аднак, не падыходзячы да яго. Сотнікаў тут ішоў упершыню, нічога не ведаў і спадзяваўся на Рыбака, які тутэйшыя месцы аблазіў яшчэ ўвосень, без следу, калі іхні атрад толькі збіраў свае сілы ў Гнілым балоце. Пачаўшы з невялікай дыверсіі на дарозе, гэты атрад потым перайшоў да больш рызыкоўных спраў — узарваў мост на Іслянцы, спаліў ільнозавод у мястэчку, але пасля забойства нейкага важнага чыноўніка з Германіі немцы раз'юшыліся. У канцы лістапада тры роты жандараў абкружылі Гнілое балота і пачалі аблаву, з якой яны ледзьве вырваліся тады ў суседні Баркоўскі лес.
Сотнікаў у той час быў далёка адсюль і наўрад ці думаў пра партызан — ён лічыў сваім абавязкам прабіцца да фронту. Дванаццаць сутак ён прабіраўся з-пад Слоніма ад рэчкі Шчары з невялічкаю групкай хлопцаў-артылерыстаў, што ўцалелі з усяго некалі магутнага артылерыйскага палка. Але на Бярэзіне ў часе пераправы яны ледзь не ўсе былі расстраляны з засады, а хто ўцалеў або не пайшоў на дно, апынуўся ў палоне ў немцаў.
То былі харошыя хлопцы, яго выхаванцы: наводчыкі Токараў і Галаўня, узводны малады лейтэнант Конкін, ягоны старшы на батарэі, з якім яны цэлы год на выдатна выконвалі ўсе батарэйныя стрэльбы. Менавіта гэтаму Конкіну ён абавязаны палавінай свайго даваеннага поспеху і найперш значком «За выдатную артылерыйскую стральбу» — прадметам яго сціплага гонару. Так, харошая была батарэя, колькі падзяк ад начальства вісела на яе стэндзе ў ленінскім пакоі — за агнявое майстэрства, за розныя іншыя поспехі ў баявой падрыхтоўцы.
А на вайне ўсё склалася інакш. Сталася так, што ў іх распараджэнні асталося некалькі лічаных секунд, і найбольшую карысць прынеслі тыя, хто не разгубіўся, спрытней управіўся зарадзіць, хто проста аказаўся дужэйшы…
Рыбак даволі ўпэўнена крочыў наперадзе, трымаючыся бліжэй да лесу. Снег тут быў неглыбокі, растаптаныя буркі Сотнікава, што нядаўна дасталіся яму ад забітага партызана з мясцовых, роўна шорхалі па снегавой замеці. Добра яшчэ — цяпер ім трэба было ісці ўніз, вецер заходзіў з плячэй, месячык цьмяна свяціў у небасхіле. Па-ранейшаму было дужа марозліва і сцюдзёна, ажно сцялася, здранцвела ўсё ўсярэдзіне. Здаецца, ніколі ў жыцці Сотнікаў так не пакутаваў ад сцюжы, як у гэтую ноч. Ад стомы і аднастайнага шорхання ног у голаў яго лезла мешаніна выпадковых вобразаў, напаўзабытых твараў, нават асобныя сцэны-прывіды мільгалі ўваччу, і ён ужо не мог вызначыць — былі гэта ўспаміны ці здані. Магчыма таксама, што гэта ўзнаўлялася перажытае ім, яго былое, якое цяпер здавалася прывідам, так яно было мала падобнае на звыклае, рэальнае жыццё.
Найгоршае для Сотнікава было ў тым, што гэта быў яго першы і яго апошні франтавы бой, да якога камбат рыхтаваўся, мабыць, з таго першага дня, калі яго прызвалі на службу. Паслухмяная яму, чакала ягоных каманд грозная тэхніка, былі снарады, напагатове ехалі натрэніраваныя за шмат месяцаў гарматныя разлікі, наперадзе рухалася баявая ахова — усё, як і належыць паводле баявых статутаў… Тое ўспаміналася цяпер Сотнікаву, як страшны прывідны сон, і хоць і пасля на яго долю выпала нямала цяжкіх баёў, той першы яму немагчыма забыць ніколі.
…Яны былі ў руху чацвёрты дзень.
Чацвёрты дзень даўжэзная калона артпалка кідалася па лясных дарогах то на паўднёвы захад, то на поўдзень, адзін раз яе нават павярнулі ледзь не ў тыл, на поўнач. Трактары сваім несціханым ровам аглушалі наваколле, ад перагрэву кіпела вада ў радыятарах, пыл і пот сляпілі вочы байцоў. З самага ранку дацямна над імі вісела нямецкая авіяцыя, «юнкерсы» бясконца сыпалі на іх фугасныя бомбы, усё было закідана пяском, смярдзюча гарэлі цягачы, цэлыя аб'язджалі іх — калона не спыняла руху. Байцы са станін і трактароў бязладна лупілі ўгору з вінтовак, але карысці ад тае стральбы было мала. Яны нават не прымушалі самалёты падняцца вышэй, і тыя насіліся над дарогай, ледзь не кранаючы верхавіны прысадаў. Сотнікаў сядзеў на галаўным трактары і як збавення, як самага вялікага шчасця чакаў каманды збочыць з гэтай праклятай дарогі, развярнуцца і з ячэйкай кіравання выйсці насустрач немцам. Тады ўжо ён бы абрушыў на іхнія галовы такое, чаго ім і не снілася. Але не было каманды спыніцца, полк усё ехаў і ехаў, і кожныя дзве гадзіны над ім разгружаліся нахабныя «юнкерсы», ад якіх уся гэта наземная агнявая магутнасць была безабаронная.