Неспадзявана іх ахапіў азарт баявой удачы. Ужо не зважаючы на страты, на забітых і параненых, што сплывалі крывёй на запыленым бруку, на агонь, што жор іхнюю тэхніку, на град куль адтуль, з танкаў, некалькі ўцалелых на дарозе гармат пачалі біць цяжкімі снарадамі па танках. Тым часам развіднела. Ужо стала відаць, куды цэліцца, некалькі пажараў джагалі агнём за дарогай — нямецкія машыны гарэлі.
Сотнікаў выпусціў дзесятак снарадаў і разнёс дашчэнту яшчэ два танкі. Але нейкае падсвядомае, надта абвостранае небяспекай адчуванне падказвала яму, што ўдача канчаецца, што адпушчаныя яму лёсам ці выпадкам секунды выкарыстаны цалкам, што наступныя другі ці трэці снарады адтуль будуць яго. Наперадзе жывых ужо, мабыць, не асталося нікога, апошнім прыплёўся адтуль і паваліўся, абліваючы крывёй станіну, камандзір палка, побач у канаве бахалі з карабінаў некалькі байцоў — цэлілі ў танкавыя шчыліны. Ля снарадных скрынак уткнуўся галавой у зямлю зараджаючы Золатаў, ззаду цэлы астаўся адзін толькі правільны Губайдулін; камбат крыкнуў яму зараджаць, але той, ці аглушаны, ці надта спалоханы, толькі ціснуўся спіной да станіны і невідушча глядзеў на яго. Тады Сотнікаў кінуўся да скрынкі са снарадамі сам, але яшчэ не дапоўз да яе, як ззаду ашалела грымнула. Ён тыцнуўся тварам у зямлю, дол рэзка падскочыў, дарога і зямля сталі дыбам, на некалькі доўгіх секунд чорнае покрыва заслала ад яго свет. Ён задыхнуўся ад пылу і зямлі, якой забіла яму нос і рот; адчуўшы краёчкам свядомасці, што жывы, тут жа тузануўся з долу і пад градам земляное трухі, якая абрынула зверху, вертануўся да панарамы. Але яго гаўбіца ўжо скасабочылася на краі глыбокай рытвіны, ствол вывернула ўбок, смуродна гарэла гумовае кола. І ён зразумеў, што гэта — усё. Ён не ведаў яшчэ, ці сам цэлы, ён толькі адчуваў, што аглух, выбухі ў ягоных вушах адгарадзіла шчыльнай сцяной, іншыя гукі ўсе разам зніклі, у галаве шыпела і гуло. З носа ішла кроў, ён размазаў яе па твары і кульнуўся з дарогі ў канаву: насупраць за вербамі ішоў, мусіць, той самы танк, што падбіў яго. На ветры хутка мільгалі рваныя чорныя космы дыму ад ахопленага полымем трактара, тлуста смярдзела саляркай і трацілам ад выбухаў, побач тлела гімнасцёрка на плячы ўжо нежывога камандзіра палка. Збянтэжаны нечаканасцю, збіты з панталыку разгромам, Сотнікаў хвіліну нібы не разумеў, што адбылося, не мог паверыць, што гэта не сон. Трываючы дым, які еў вочы, ён толькі глядзеў, як ішлі па той бок нямецкія танкі, ужо добра відаць былі на іхніх бартах лічбы і чорна-белыя, выбітыя па трафарэту крыжы. Свайго жыцця яму было не шкада, ён толькі не ведаў, што рабіць далей. І тады нехта тузануў яго за рукаў. Ён павярнуў голаў і ўбачыў запэцканы сажай і крывёй твар Конкіна, які нешта крычаў яму і паказваў рукой у тыл, дзе, прыгнуўшыся, перабягалі байцы.
Па канаве яны пабеглі за ўсімі.
3
Рыбак абышоў мысок хмызняку і спыніўся. У прыцьмелай шэрасці начной прасторы на касагорыне відаць сталі крайнія будыніны вёсачкі. Як яна выглядае адсюль, Рыбак ужо забыўся: у пачатку восені яны праходзілі непадалёк па дарозе, але ў самую вёску не завіталі. Зрэшты, тое цяпер было няважна — важней было вызначыць, ці ціха там у гэтую ноч, каб не напароцца на немцаў або паліцаяў.
Стоячы на краі хмызу, ён хвіліну ўглядаўся-ўслухоўваўся, ды нічога падазронага быццам не было чуваць. Даляцела некалькі няпэўных уночы гукаў, па-ранейшаму пругка і настойліва дзьмуў вецер, ціха пасвістваў побач у мёрзлым галлі, пахла дымам — недзе, мусіць, палілі. Тым часам падышоў Сотнікаў і таксама спыніўся, услухаўся.
— Ну, што?
— Здаецца, ціха. Пайшлі памалу.
Вядома, было б карацей скіраваць да крайняй у гэтай вёсцы хаціны, што вунь стаяла, уросшы па самую страху ў снег, з прыстаўленым да яе жардзём, — там пачыналася вуліца. Але менавіта таму Рыбак і прамінуў крайнюю — калі што, ля яе заўжды рызыкуеш напароцца на непрыемнасць; у канцы вуліцы звычайна канчае свой маршрут вартаўнік ці патруль, наладжваюць засаду паліцаі. І ён узяў па снезе ўбок, уздоўж плота па лагчынцы, беручы кірунак да недалёкіх будынін наводшыбе (мабыць, гумнаў), што цесненька стоўпіліся ўнізе. Там, за растрэсканым вуглом пунькі ці тока з прадранай страхой, яшчэ пастаяў, паслухаў і з аглядкаю падаўся на прыгуменне. Наўсцяж ад гумна было рукой падаць да нізенькай і нейкай адзінокай пры хлеўчуку хацінкі; на снезе да яе нават аказалася цвёрдая сцежка; ён зрабіў па ёй са два крокі і тут жа саступіў убок — дужа рыпела пад ботамі. За ім таксама саступіў Сотнікаў, і яны абапал сцежкі пайшлі па снезе да хаты.