Слязінкі павольна сцякалі і казыталі шчаку, вуха… Нясцерпна хацелася выцерці іх, але ён не мог. Ён нічога не мог зрабіць, толькі маўкліва пазіраў на новы для яго свет, які расплываўся, размываўся: то павялічваўся, то памяншаўся, то мутнеў, то праясняўся… Гэты пакой, гэтага дзецюка і іншых людзей, што сабраліся на крык вакол яго, ён, здаецца, бачыў упершыню, і хто яны, а галоўнае, хто ён сам — а гэтае пытанне навісла над ім адразу — ён не ведаў і не памятаў… «Глядзіць!.. Глядзіць!..» — сакатала і сакатала істота, то падскокваючы да ложка і капаючы слінай на коўдру ля самага твару, то адбягаючы.
– Ты ведаеш, хто ты, ты памятаеш сябе? Як цябе завуць? Скажы імя… Скажы мне сваё імя… Сваё ІМЯ!.. — над ім схіліўся мужчына, увесь у белым, і толькі вакол шыі чырванеў з-пад халата каўнер кашулі з дробным чорным гузікам. Мужчына неспадзявана выкуліўся з нейкае дзіркі, што раптам расчынілася ў сцяне. «З дзвярэй...» — зразумеў чалавек.
Ён аднекуль ведаў, што гэтыя дзіркі ў сценах, якія нечакана з’яўляюцца, называюцца дзвярыма. Ён увогуле шмат што ведаў. Толькі вось на пытанне мужчыны ў белым халаце ён нічога сказаць не мог. Галава нібыта памкнулася думаць адказ, але з цемры выпаўз тупы і невыносны боль, накрыў яго, сціснуў скроні бы абцугамі, і ён зноў страціў прытомнасць... І толькі слова «Славік», прамоўленае невядомай істотай, завісла высока над ім і павольна-павольна апускалася, пагражаючы прыдушыць сваёй вагой... А потым стала пісклява аддаляцца, змяншацца і знікаць: «Славік… Сла-вік… Сла-вііііік… Сла-а-а-аааа-іііііііііі…»
– Хто паклаў яго на сонца?! — закрычаў урач. — Навошта вы гэта зрабілі? Прыкрыйце, прыкрыйце твар, а то ён аслепне назаўсёды… Хто, хто яго паклаў на сонца?!!
Нехта заапраўдваўся, што трэба было пад ложкам пыл прыбраць, таму і адкацілі ад сцяны, але чалавек, якога невядомая істота назвала Славікам, ужо вярнуўся назад у сваё цемрыва і гэтае спрэчкі не чуў...
2.
Тое, што Славік — а чалавека, які так раптоўна расплюшчыў вочы, усе тут звалі менавіта гэтак — ажыў, стала падзеяй для ўсяго інтэрната. Славік ляжаў без руху ўжо некалькі гадоў. Сэрца ягонае ледзь чутна білася, ён слабка дыхаў, значыць, быў жывы, але больш ніякіх прыкметаў жыцця не падаваў. Калі яго знайшлі ў лесе, то, па ўсім, ён праляжаў там без прытомнасці тыдзень, не менш.
У міліцэйскай трупярні, куды яго паклалі, ён застагнаў, і яго перавезлі ў бальніцу. Вусны ягоныя нешта шапталі. Разабраць удалося толькі адное слова:
«Славік». Дакументаў пры ім не знайшлі, а таму й запісалі ў бальнічнай картцы ягонае імя без прозвішча — Славік. Больш нічога ён не сказаў і ў клініцы да прытомнасці так і не прыйшоў. Але і не памёр. Страшныя спачатку, раз’етыя мухамі ды мурашамі, раны на ягоным твары, на целе паступова зацягнуліся, зажылі. Яго падкормлівалі праз кропельніцу і вітамінныя ўколы. Аб’яўлялі росшук родных, ды ніхто не адгукнуўся.
Зрэшты, па тым здымку распухлага, скрываўленага «трупа», які расклеілі каля райаддзелаў міліцыі, яго не пазналі б нават самыя блізкія людзі. Ды і хто глядзіць на тыя стэнды «Іх шукае міліцыя»?.. І калі стала зразумела, што ніхто з радні не знойдзецца і што да нармальнага стану мозг «Славіка» хутчэй за ўсё ўжо не вернецца ніколі, нават калі ён і апрытомнее, яго накіравалі ў дом-інтэрнат для інвалідаў у вёсачку на поўдні Беларусі, на Палессі, дзе ён і ляжаў па сёння. Гуманнае грамадства забіваць яго — усыпляць — не стала. Была нібыта яшчэ нейкая надзея, што ён, калі не памрэ сам, дык, можа, ажыве, хоць бы так, як ажывае расліна пасля маразоў доўгае зімы.
І вось гэта здарылася...
Урач Станіслаў Сцяпанавіч у каторы раз перагарнуў тонкі сшытачак «гісторыі хваробы» Славіка — пералік траўмаў і пашкоджанняў, «не сумяшчальных з жыццём», з якімі ён патрапіў у бальніцу, анамнез, з якім накіравалі яго ў інтэрнат. Згадаў размову, што была пры паступленні Славіка са строгім чалавекам у чорным, які яго суправаджаў. Чалавек сказаў, каб пры першых прыкметах вяртання да Славіка свядомасці Станіслаў Сцяпанавіч яму патэлефанаваў, — і пакінуў дзеля таго візітоўку.
Станіслаў Сцяпанавіч зазірнуў у шуфляду стала, пакорпаўся ў паперах, дастаў жоўты прастакутнічак з гербам пасярод, пару разоў пругка сагнуў яго ў пальцах, зірнуў на мінскі тэлефон і… паклаў картку назад. Пра якое вяртанне свядомасці тут можна гаварыць?
Расплюшчыў вочы? Ну і што… Можа, гэта больш і не паўторыцца... Пажывём, пабачым. Бо з той яміны, у якую трапіў гэты няшчасны хлопец, мала хто ў наш свет вяртаўся, а калі і вяртаўся, дык… мякка кажучы, інвалідам: калодай, якая нічога не ўсведамляе, толькі лыпае вачыма, бо мозг за гэты час мог атрафіравацца. Да таго ж ён, столькі гадоў лежачы ў цемры, мог і аслепнуць, упершыню расплюшчыўшы вочы на яркім сонцы. А значыць, калі зноў прачнецца, магчыма, і бачыць нічога не будзе… А можа, яму і прачынацца не варта было, бо невядома, хто ён. Мо нават і злачынца які... Чаму ім гэтак цікавяцца людзі з шэра-жоўтага дома з вежачкай у цэнтры Мінска?.. А мо ён нейкі важны сведка? Ці проста пацярпелы… Пажывём, пабачым… Паспею патэлефанаваць.