Невядома было, ці ўвогуле меліся тыя ліфты ў прызначаных для іх шахтах... Пазней Славіка проста замучыла пытанне: хто дадумаўся паставіць сяміпавярховік дома-інтэрната ў далёкай палескай вёсцы? Бо відавочна любому, нават алігафрэну, што прасцей і зручней было б пабудаваць некалькі адна-двухпавярховых карпусоў... У якога хворага на галаву архітэктара нарадзілася такая «звышарыгінальная» ідэя? Для Славіка гэта так і засталося таямніцай. Бо быў гэты высотны гмах настолькі ненатуральным сярод драўляных хатаў вёскі, што нават руіны Калізея не здаваліся б тут такімі чужымі: ці мала разбураных замкаў ды палацаў раскідана па беларускіх вёсках… Аднойчы Славік захацеў па лесвіцы спусціцца на паверх уніз, але не здолеў. Ён падышоў да прыступак, паспрабаваў апусціць нагу і… не змог паставіць яе на ніжэйшую прыступку: адна нага не слухалася яго, не апускалася, вісела роўна, нібы збіралася ісці проста па паветры, а другая не згіналася ў калене, быццам не ўмела, а ён стаяў і не здагадваўся зрабіць гэта. Забыўся, развучыўся, і не было каму падказаць яму, што, каб правай нагой ступіць уніз, трэба левую падагнуць і паўпрысесці на яе… Праз хвіліну такога вісення нагі ў паветры Славіка кінула ў пот — ці то ад стомы, ці то ад жаху. А тут яшчэ растаптаны тапак споўз з нагі і кульнуўся глыбока ўніз… Славік роспачна паглядаў, як запаволена спаўзае ён ніжэй і ніжэй. Самому не дастаць. І ён, накульгваючы на нагу без тапка, вярнуўся ў свой пакой.
Падымацца падалося лягчэй: прыступка, як мэта, была перад ім, і зразумела было, што нагу да яе трэба сагнуць і падняць. Можна і дапамагчы сабе рукамі… Ён узняў нагу і спыніўся, бо зразумеў: потым трэба ж будзе спускацца… А як?
І таму ён не здалеў пабыць ні паверхам вышэй, ні паверхам ніжэй, хоць і карцела яму пабачыць, што там, хоць санітары і не забаранялі яму, у адрозненне ад іншых хворых, зрабіць гэта.
Але ўражанняў Славіку пакуль хапала і ад падарожжаў па доўгім калідоры. На паўдарозе ён мог пасядзець, перадыхнуць, пагаманіць з медсёстрамі, адказаць на колькі іхніх простых пытанняў: «Як справы, Зайчык?» — «Д-добра»; «Як сябе адчуваеш?» —
«Д-добра»; «Трэба што-небудзь?» — «Н-не, н-нічога…», «Далёка сабраўся?» — «Д-д-д-д-да в-вакна!»… І ўсё гэта з вінаватай усмешкай шчаслівага чалавека. Хоць і гаварыў ён яшчэ марудна, па складах, калі не па літарах: ледзь варочаючы языком, і кожнае слова д-д-д-давалася яму з в-в-вялікай ц-ц-цяжкасцю.
Патроху пазнаёміўся Славік з насельнікамі свайго паверха. Дзіўны і страшны народ быў на ім сабраны. Нават чыста знешне — дзіўны і страшны. Хоць Славік іншых не памятаў і не бачыў, аднак разумеў, што нешта тут не так, што людзі гэтыя — не зусім звычайныя, не проста хворыя.
Так і было. З усёй Беларусі, а найперш і найбольш з паўднёвых палескіх раёнаў, звезлі сюды адрынутых альбо пакінутых роднымі людзей. З маладых — у асноўным псіхічна хворых, са старых — адзінокіх альбо тых, ад каго адмовіліся дзеці, а таксама тых, хто не меў дзяцей, бо ўсё жыццё «пражыў» у турмах. Было і колькі «нармальных» з маладзейшых — інвалідаў: без ног ці без рук. Усе яны называлі сябе «афганцамі» і былымі дзетдомаўцамі, хоць Славік потым пераканаўся, што не заўсёды было тое праўдай. Гэтыя прывыклі да даўнёнкаў, алігафрэнаў, дэбілаў, нядаўніх зэкаў і бамжоў, нягеглых пенсіянераў, што вакол іх, размаўлялі з імі звысоку, бо лічыліся тут «элітай».
На Славікавым паверсе жылі толькі мужчыны. Казалі, што яны, у сэнсе — мужчыны, займаюць з пятага па сёмы паверх; жанчыны — з другога па чацвёрты, а адміністрацыя дома-інтэрната — першы. Таму левая лесвічная пляцоўка «працавала» навылёт, толькі дзверы на другі, трэці і чацвёрты паверхі былі забітыя крыж-накрыж дошкамі і ніколі не адчыняліся, а ў правай паміж чацвёртым і пятым паверхамі меліся краты, пэўна, каб адгарадзіць мужчынаў ад жанчын.