Выбрать главу

А яна ж такая слабая здароўем. Хворыя суставы, цяжка хадзіць, а за дзецьмі не хадзіць — бегаць даводзіцца. І вочы слабыя, ледзь святую кнігу чытаюць, а за дзецьмі не ў два, у чатыры вокі глядзі — і то не ўгледзіш. Бедная старая бабуля, яна на ўсе жылы спрабавала зрабіць з Блерты і яе браткі годных, набожных людзей. Але калі ўнучка расла паслухмянай, то ўнук апынуўся старой не па сілах. І ўжо шэсць ці сем гадоў ён жыў у зачыненай школе, далёка, так далёка, што нават на вакацыі не мог прыязджаць. Блерта з глузду з’ехала б, давядзіся пакінуць дом і бабулю. А братка на жыццё не жаліўся.

Блерта акуратна, кожны тыдзень пісала яму свае няхітрыя навіны. «Гусак абляцеў вакол хаты, кажуць, гэта прадвесціць нечую хуткую смерць. Я пякла пірагі з брусніцамі, твае ўлюбёныя. На кухні цячэ дах, бабуля наняла майстравых. Быў бы ты, паправіў бы сам». Зрэдку прыходзіў адказ. Куртатыя, нядбайныя, абрынданыя чарніламі, пасланні Грэна пачыналіся нязменна: «Дарагая сястрычка, дашлі крыху грошай». Часам ён укладваў у ліст шызае галубінае пяро ці духмяную залатую паперку ад карамелькі, а часам вывальваўся з канверта велізарны засушаны прусак, і Блерта вішчала ад нечаканасці. І ніколі б не паверыла, калі б ёй сказалі, што прусак укладзены наўмысна. У браткі былі своеасаблівыя паняцці пра жарты.

Бабуля раз у трыместр атрымлівала табель з адзнакамі, і хмурылася, і рупліва малілася, заклікаючы Госпада падарыць розум яе шалапутнаму ўнуку. Сотні гусей ахвяравалі кашалькамі ў карысць Грэна, пальцы Блерты былі паколаты гусінымі пёрамі, а ўсё дарма. Вучыўся Грэн вельмі дрэнна, настаўнікі былі незадаволены, і бабуля казала раз’юшана, што турма па ім плача. Блерта гаравала, уяўляючы братку ў турме. Ужо лепш бы дахаты вярнуўся.

І мара яе здзейснілася. Вярнуўшыся з лесу, румяная, шчаслівая, з ахапкам спасіцвету і кошыкам чарамшыны, Блерта ўбачыла на стале казённы ліст. Ваш Грэн — грубіян і невук, гаварылася ў лісце, — паводзіны яго такія агідныя і веды такія нікчэмныя, што ні за якое золата свету школа больш не жадае трымаць у сябе свавольнага блазана.

Сустракайце, ён адпраўляецца дамоў.

***

Ах, як абуралася бабуля. А Блерта ціха цешылася. Грэн вяртаецца, мілы брат, родная душа.

Гэтулькі гадоў пражылі паасобку. Якім ён вырас? Што любіць цяпер, пра што марыць, ці спадабаецца яму дома? Ён жыў у сталіцы, бачыў прыгожае ды яркае жыццё, а тут — спарахнелае мястэчка, па вуліцах блукаюць гусі, лес у вокны зазірае, і ўсіх падзей — царква па нядзелях. Ці не затужыць?

У дзень яго прыезду Блерта выбілася з сіл, начыняючы гусіную тушку грыбамі ды арэхамі, замешваючы цеста для пірагоў, начышчаючы відэльцы ды лыжкі пясочкам. Тройчы падаў нож — спяшаецца, спяшаецца дахаты братка. І Блерта спяшаецца, так.

Яна ведала, што паштовы дыліжанс са сталіцы праносіцца міма іх мястэчка апоўдні. І ўсё ж не трапіла ў час, і калі брамка рыпнула, Блерта дамывала падлогу. Босая, спацелая, з падаткнутай спадніцай, яна вылецела на ганак — і здранцвела. Абняць? Руку падаць? Пацалаваць у шчаку? Блерта не памятала, калі апошні раз дакраналася да чалавека, яе палохала сама думка пра гэта.

Братка штурхаў нагой дарожны мяшок і разглядаў Блерту, аблуплены ганак, гусіны памёт на прыступках, карыты з вадой і мешанкай. Блерта збянтэжылася і развяла рукамі, быццам просячы прабачэння за такія дэкарацыі і сябе ў галоўнай ролі.

З лядашчага хлапчука Грэн вымахаў у высачэзнага прыгажуна, шыракаплечага, статнага, з цёмнымі валасамі і бледнай скурай. Яно і зразумела, дзе яму было загараць, над кніжкамі праседжваючы, з жалем і любоўю падумала Блерта. І яшчэ падумала: «Ён зусім не падобны да мяне». Хоць чаго журыцца, тут цешыцца трэба.

— Ты і ёсць Блерта? — спытаў ён.

— А ты і ёсць Грэн? — адказала яна.

Ён памаўчаў, усміхнуўся:

— Не пазнаеш любага брата? Цябе таксама не пазнаць, сястрычка.

І зноў акінуў яе няўтульным поглядам з ног да галавы.

— Ты чаму ў чорным? Манашка, ці што? Але ж не, манашкі так спадніцу не задзіраюць.

«Зусім не падобны да мяне», — зноў падумала яна. І сказала ціха:

— Хадзем, я правяду цябе да бабулі.

***

З прыездам браткі нічога не змянілася ў доме. Усё гэтак жа ўскіпала для бабулі кава, збіраўся ў кошыку гусіны пух, мітусілася Блерта, выконваючы тысячу розных спраў. А Грэн не рабіў нічога. Позна клаўся, позна ўставаў, еў за траіх, валэндаўся па пакоях, гартаў кнігі, дакранаўся да маятніка старых ходзікаў. «Дзяцінства ўспамінае», — думала Блерта. А калі ён разглядаў павукоў на сценах, буфет са шчарбатымі кубкамі, састарэлыя цьмяныя шпалеры, ёй станавілася сорамна. Не сталіца, ужо ж.