— Можа, правыя страціліся, — выказала здагадку Блерта. — Ці ад нябожчыка аднаногага выкінулі.
Грэн з усмешкай пакруціў галавой.
— Усё гэта азначае толькі адно: у нашай спадарыні Трыногі трэцяя нага — правая, а значыць, вылупілася яна ў высакосны год. А нядаўна я зноў быў на сметніку, — прашаптаў Грэн, і Блерта мімаволі прыслухалася. — І я знайшоў левы чаравік.
— Ваша кава, бабуля, — сказала Блерта нервова.
— А ты ведаеш, што спадарыня Трынога блукае ў прыцемках па горадзе і зазірае ў вокны, і на пліце ўцякае малако, і трэскаюцца талеркі, а дзеці плачуць і заікаюцца, калі ўбачаць у акне яе жоўтыя вочы з вертыкальнымі зрэнкамі?— Як не сорамна пужаць сястру, — упікнула яго бабуля. І тут за акном ціхутка прашамацела, нібы хтосьці жадаў адысці і замарудзіўся, зачапіўся спадніцай. Блерта ўскрыкнула.
— Чуеце? Гэта крадзецца спадарыня Трынога, — прагаварыў Грэн злавесным голасам.
— Гэта вецер, — уздыхнула бабуля. — Ідзі спаць, злы хлопчык. А ты, Блерта, узбі маю пярыну і прынясі грэлку. І перастань дрыжаць, дурніца, ён жа цябе дражніць.
Перамыўшы посуд, загасіўшы агонь і замкнуўшы дзверы, Блерта прыйшла ў спальню. Братка сустрэў яе ўзбураны.
— Ты чуеш? Штосьці рыпае ў падмосці!
— Мышы, — прагаварыла яна, распранаючыся.
— Наўрад ці! Памятаеш, я неяк забраўся туды, бабуля вырашыла, што за варэннем. А надта патрэбныя мне гэтыя цвілыя слоікі. Я шукаў іншае...
Ён азірнуўся на акно і зашаптаў:
— Кажуць, раз у сто гадоў спадарыня Трынога залазіць у чужое падмосце і адкладае там яйка. Вось я і вырашыў праверыць. Не хапала яшчэ, каб гэтая гадзіна вывелася ў нас!
Блерта злякалася не на жарт. Такое яна чула ўпершыню. І хоць бабуля кліча Грэна хлусам, — усё адно жудасна. Трасучыся ад холаду ў тонкай кашулі, яна выйшла з-за шырмы.
— Хто табе гэта сказаў?
— Твой добры чалавек, Пастух, я сустрэў яго неяк. Глядзі, у мяне качарга пад ложкам, — пахваліўся Грэн. — Мяне так папросту не зжарэш.
Тут нешта грукнула і пакацілася за дзвярамі. Быццам хто ішоў і ўчапіў вядро ў сенцах. Блерта завішчала, кінулася да брата, прыціснулася да яго. Ад яе рэзкага руху загасла свечка, і Блерта спалохана заплюшчыла вочы. Маленькая дзяўчынка яна была, нягледзячы на доўгія косы і грубыя рукі, што з раніцы да вечара вараць, скрабуць, месяць, цягаюць цяжкае, адмываюць нячыстае. Але калі настае ноч, гэтыя рукі здранцвела прыціскаюцца да грудзей, і Блерце зноў дзесяць гадоў, і цемра падступае ўсё бліжэй. Дыханне Грэна чуваць ёй, біццё яго сэрца. І нечыя ціхенькія крокі. Быццам стукае па падлозе дзіцячы, лядашчанькі хвосцік. Быццам ідуць, крадуцца няцвёрда тры ножкі: топ-топ-топ, цішыня, і зноў топ-топ-топ. Вылупілася маленькая трыножка і прынюхваецца, шукае гарачай чалавечай крыві, каб насмактацца і падрасці.
Блерту скалынала дрыготка, і Грэн мацней сціснуў яе ў абдымках, ці то супа койваючы, ці то збіраючыся яшчэ больш напалохаць.
— Чуеш? — прашаптаў ён. — Пачвара ідзе сюды, агрэю яе качаргой.
— Не, не, — горача прашаптала Блерта, — не адпускай мяне, не пакідай мяне адну ў цемры!
Дзверы іх пакойчыка расчыніліся, і Блерта не стрымала крык.
Але, вядома, гэта была не спадарыня Трынога. На парозе стаяла бабуля, у начной кофце і каптуры.
— Што вы робіце? — спытала яна з агідай. Грэн расціснуў рукі, і Блерта выслізнула, схавалася пад сваёй коўдрай, згараючы ад сораму. Як быццам ад бабулінай свечкі лёг на іх брудны цень.
Раніцай братка перасяліўся на гарышча. Так загадала бабуля. А Блерта з таго часу не магла заснуць. Ёй блюзніліся ціхія трохчастковыя крокі. Дзве бяссонныя ночы яна правяла, сціскаючы качаргу і не зводзячы погляду з дзвярэй, а днём засынала на хаду. Усё валілася з рук, біўся посуд, прыгарала ежа, гусяняты разбягаліся. Бабуля абуралася, знаходзілася праца яе дубцу, і Грэн спачатку пасмейваўся, але потым штосьці іншае прамільгнула ў яго вачах. На трэцюю ноч дзверы рыпнулі і братка прагаварыў нягучна:
— Супакойся, у мяне ўсяго дзве нагі і ніводнага хваста.
Блерта выпусціла качаргу і расплакалася.
Ён трымаў яе за руку, пакуль яна не заснула. Стаў прыходзіць кожны вечар. І бабуля ні разу не заспела іх. Хоць часам Блерце чуліся нейкія крокі, але дзверы ніколі не адчыняліся, і паступова кашмары зніклі, нібы сцягнула іх у акенца свежым летнім ветрыкам.
***
Гэтыя ночы, рука ў руцэ, далі Блерце адчуванне бяспекі і цяпла. Грэн быў з ёй ласкавы, не насміхаўся, нават пачаў дапамагаць: то вады прынясе, то печ запаліць. Вымеў усіх павукоў з кухні, пакусаны хадзіў, але задаволены. Сястра за гэта спякла пірог з брусніцамі і вельмі здзівілася, калі Грэн паспрабаваў і скрывіўся. «Што, гэта быў мой улюбёны?» — і паціснуў плячамі: «Прабач, густы мяняюцца».