Ён убачыў: падыходзіць
Да яго юнак плячысты,
Стройны, змрокам апавіты,
Галава ў зялёным пер'і,
Пасмы мяккія, а косы
Залацістыя, як сонца.
Ён спыніўся на парозе,
Доўга з жалем і спагадай
Пазіраў на Гаявату,
На ягоны твар пакутны,
I, уздыхнуўшы, як лагодны
Вецер Поўдня ў верхавінах,
Ён сказаў: «О Гаявата!
Голас твой пачула неба,
Бо цярпліва ты маліўся
Не аб шчасці паляўнічым,
Не аб спрыце ў рыбнай лоўлі,
Не аб славе пераможнай
Сярод воінаў адважных,
А маліўся ты аб шчасці,
Аб дабры для ўсіх народаў.
Гэта я прыйшоў, Мандамін —
Гітчы Манітай пасланы,
Каб сказаць табе, што працай,
Барацьбой сваёй упартай
Ты жаданае здабудзеш.
Ты ўставай з галін зялёных,
Каб падужацца са мною!»
Быў галодны Гаявата,
Сілу страціў, але хутка
Ён устаў з галін зялёных,
На святло з вігвама выйшаў,
Каб з Мандамінам змагацца,—
Да яго ледзь дакрануўся,
Як вярнулася бадзёрасць,
Як напоўнілася сэрца
Зноў адвагай і надзеяй.
Сілай мераліся ў лузе
Доўга ў полымі заходнім,
I рабіўся ўсё мацнейшы
I дужэйшы Гаявата;
Але змрок зямлю ахутаў,
І пачуўся енк тужлівы
Чаплі шызае, Шух-шух-гі,—
Горкі крык яе галодны
Даляцеў да іх з балота.
«Годзе! — вымавіў Мандамін
I ўсміхнуўся Гаяваце.—
Заўтра часам вечаровым
Будзе зноў выпрабаванне».
Так сказаўшы, знік Мандамін:
Ці дажджом на дол праліўся,
Ці падняўся туманамі —
Не прыкмеціў Гаявата;
Бачыў толькі: знік Мандамін,
Аднаго яго пакінуў
З бледным возерам унізе,
З карагодам зор уверсе.
Так два вечары — як толькі
Дагараў, нібы той вугаль,
У нябёсаў яркім горне
Сонца шар і апускаўся
На ваду паволі з неба —
Выклікаў яго Мандамін.
Два разы з'яўляўся моўчкі
Ён, нібы раса, якая
Набывае форму кропляў
На траве альбо на дрэвах,
Што нікому непрыкметна
Ні ў часы свайго прыходу,
Ні ў хвіліны адыходу.
Сілай мераліся ў лузе
Тройчы ў полымі заходнім,
У святле яго, аж покуль
Не ахутвала іх цемень
I Шух-шух-га крык галодны
Ім з трысця не пасылала.
Слухаў гэты крык Мандамін.
Стройны ён, шыракаплечы,
У сваім стаяў уборы:
Галава прыбрана пер'ем,
На чале яго, ад стомы
Пасля бою, выступалі
Кроплі поту, як расінкі.
Ён усклікнуў: «Гаявата!
Тройчы ты са мной змагаўся,
Як герой, табе за гэта
Уладар Жыцця прысудзіць
Нада мною перамогу!»
А пасля дадаў з усмешкай:
«Заўтра скончыш перамогай
Ты сваё выпрабаванне.
Скінь з мяне тады адзенне —
Мой убор зялёна-жоўты,
Пер'е ўсё паабрываўшы,
Пахавай і грунт магільны
Разраўнуй, пасцель такую
Падрыхтуй, каб мог прыходзіць
Да мяне вясновы дожджык,
Сонца схоў мой сагравала.
Так зрабі, каб пустазелле
Нада мной не вырастала,
Каб да ціхае магілы
Кагагі, крумкач магутны,
Цар Груган, не знаў дарогі.
Ты вартуй маю магілу,
Аж пакуль я не прачнуся!»
Так сказаўшы, знік Мандамін.
Спаў спакойна Гаявата,—
Слухаў спеў начное птушкі,
Ваванэйсы, спеў маркотны
Над прытулкам адзінокім;
Слухаў ён, як Сібавіша,
Гаваркі ручай, праз пушчу
Бег і вёў размову з ёю;
Чуў ён шорах, чуў дыханне
Тых галінак, што на дрэвах
Калыхаў лагодны вецер.
Чуў усё, што потым стала
Сонным гоманам і шэптам:
Спаў спакойна Гаявата.
А на сёмы дзень Накоміс
Прынясла яму паесці,
Са слязамі гаварыла,
Што ад голаду загіне
Неразумны Гаявата,
Як адмовіцца ад ежы.
Ён не стаў нічога есці,
Каштаваць не стаў нічога,
Толькі так сказаў: «Накоміс!
Пачакай, як сонца зойдзе,
Дачакайся, як сцямнее
I Шух-шух-га на балоце
Гучным крыкам дзень праводзіць!»
I пайшла дамоў Накоміс
З горкім плачам, баючыся,
Што яго загубіць голад.
I адзін чакаць застаўся
Ён Мандаміна з тугою.
Вось на ўсход даўгія цені
Ад лясоў і скал кладуцца;
Вось упала сонца з неба
На шырокую затоку,
Паплыло па ёй на захад,
Так, як вечарам асеннім
На ваду ляціць чырвоны
Ліст і ў хвалях патанае.