Зірк — а ўжо стаіць Мандамін
На парозе з прывітаннем:
Галава — прыбрана пер'ем,
Косы — мяккія, даўгія,
Залацістыя, ва ўборы
Дарагім — зялёна-жоўтым.
Бледны з твару Гаявата,
Хоць і зможаны, а выйшаў
На апошняе змаганне.
I зліліся дол і неба,
Замільгалі прад вачамі!
Як шчупак, што ў сеці трапіў,
Хоча вырвацца на волю,
Гэтак сэрца Гаяваты
Трапяталася шалёна.
Сотні сонцаў у адзіным
З ім кружылі карагодзе,
Назіраючы за бітвай.
На зялёнай лугавіне
Раптам ён адзін застаўся,
Цяжка дыхаў, і дрыжала
Ад напружання ўсё цела;
Перад ім на лугавіне,
У адзежы пашматанай,
На зямлі ляжаў Мандамін
Мёртвы ў полымі заходнім.
Пераможца Гаявата
Так зрабіў, як ён наказваў:
Зняў з Мандаміна адзенне,
Пахаваў яго як трэба:
Разраўняў над ім магільны
Грунт, зрабіў яго мякчэйшым,
I сярод дрыгвы балотнай
Чапля шызая, Шух-шух-га,
Гучна крыкнула з тугою,
Горкім жалем і жалобай.
I вярнуўся ў дом Накоміс
У той вечар Гаявата,
I ў той вечар завяршыўся
Сёмы дзень выпрабавання.
Не забыў ён той мясціны,
Дзе змагаўся, не пакінуў
Без прыгляду Гаявата
Той грудок, дзе сном глыбокім
Спаў, зямлёю закапаны,
Пад дажджом і яркім сонцам,
Пераможаны Мандамін.
Кожны дзень стаяў ні варце
Пахавання Гаявата,
Даглядаў, каб наваколле
Палыном не зарастала,
Каб на мяккі груд магільны
Груганы не заляталі.
Час мінуў, сцяблінка глебу
Прадзяўбла зялёнай дзюбкай,
А за ёй услед — другая.
I не скончылася лета,
Як маіс узняўся, косы
Распусціўшы залатыя,
Пышны, стройны і высокі.
Не стрымаўся Гаявата,
Гучна выгукнуў: «Мандамін!
Гэта друг людзей, Мандамін!»
Тут жа ён пазваў Накоміс,
Клікнуў Ягу, расказаўшы
Аб здарэнні чараўнічым,
Барацьбе і перамозе,
Паказаў маіс зялёны —
Людзям новы дар, што стане
Іхняй ежай назаўсёды.
А калі парой асенняй
Пажаўцеў маіс зялёны,
Сакавітыя зярняты
Сталі цвёрдыя, як вампум,
Ён сабраў яго кіёўкі,
Скінуў з іх сухое лісце,
Як з Мандаміна адзежу
Скідваў некалі і людны
«Баль Мандаміна» наладзіў,
Новы дар паказваў людзям.
VI. Сябры Гаяваты
Гаявата меў нязменных
Двух сяброў, сяброў надзейных,
Давяраў душу і сэрца
Ім у радасці і ў горы,
I адзін з іх быў музыка
Мілагучны — Чайбайабас,
А другі — асілак Квазінд.
Дружбы іхняе сцяжынка
Быльнягом не зарастала;
Плёткі, злосныя паклёпы
Намагаліся дарэмна
Пасварыць сяброў адданых:
Абмяркоўвалі звычайна
Між сабой яны ўсё чыста
I жылі адзінствам думак,
I імкнуліся іх сэрцы,
Каб рабіць дабро народам.
Лепшым сябрам Гаяваты
Быў музыка Чайбайабас.
У народзе ён лічыўся
Песняром непараўнаным.
Быў адважны ён, як воін,
Як дзяўчына, быў пяшчотны,
Як вярбы галінка, гнуткі,
Як алень магутны, зграбны.
Заспявае песню — людзі
Пасыходзяцца з вігвамаў:
То пяшчотным, то журботным
Пачуццём глыбокім сэрцы
Хваляваў ім Чайбайабас.
Так іграў ён на жалейцы
Самаробнай, трысняговай,
Што змаўкаў ручай гуллівы,
Сібавіша, сярод лесу,
Птушкі песні забывалі,
А вавёрка, Аджыдома,—
Балбатню сваю на дубе,
Трус, Вабаса, асцярожны,
Прысядаў ад захаплення.
Цуд! Сціхаў ручай гуллівы
I прасіў: «О Чайбайабас!
Навучы мяне, каб хвалі
Разліваліся, як гукі!»
Цуд! Зайздросціў і Авейса,
Сіваграк: «О Чайбайабас!
Навучы мяне шаленству
Гукаў палкіх, неспакойных!»
Цуд! Малінаўка казала,
Апечы: «О Чайбайабас!
Навучы мяне пяшчотным,
Бесклапотным гукам песень!»