Плашч скідай свой, о Бяроза!
Скінь убор з бяросты белай,
Бо ўжо лета надыходзіць,
Сонца грэе, прыпякае,
I плашча табе не трэба!»
Гаявата так звяртаўся
Да бярозы ў цёмным лесе
Над імклівай Такваміна
На зары, калі ўслаўлялі
Месяц Лісцяў птушкі ў лесе,
І, прадраўшы вочы, сонца
Гаварыла, ўстаўшы: «Вось я!
Сонца я, вялікі Гізіс!»
Дрэва ўсёй сваёю кронай
Зашумела на світанні
I пакорліва ўздыхнула:
«Скінь мой плашч, о Гаявата!»
I нажом акальцаваў ён
Дрэва зверху, дзе галіны,
Знізу, дзе яго карэнні,
Покуль сок з яго не пырснуў;
Па ствале лязом прайшоўся,
Зверху ўніз кару разрэзаў,
Адкарыў драўляным клінам,
З дрэва зняў яе цалюткай.
«Дай, о Кедр, галін мне гнуткіх,
Не шкадуй сукоў мне моцных,
Каб была мая пірога
I надзейнай і трывалай!»
Па шумлівай кроне кедра
Жах прабег і гул нязгоды;
Але ён схіліўся нізка,
Прашаптаў: «О Гаявата,
Ты вазьмі мае галіны!»
Ён адсек галіны кедра,
З двух сукоў зрабіў аснову,
Ёй надаўшы форму лукаў,
Лукаў двух, звязаных разам.
«Дай карэнняў мне, о Тэмрак,
О Лістоўніца, такіх дай,
Каб звязаць я мог пірогу,
Так звязаць канцы з канца'мі,
Каб вада не працякала,
Не сачылася ў мой човен!»
I лістоўніца на ранку
Страсянулася ўсім целам,
Да чала яго прыпаўшы,
Уздыхнула безнадзейна:
«Забірай, о Гаявата!»
Вырваў ён з зямлі карэнні,
Павыцягваў валаконцы,
Шчыльна сшыў кару і шчыльна
Змацаваў аснову імі.
«Дай свайго мне соку, Елка,
Дай сваёй смалы гаючай,
Засмалю я шво надзейна,
Каб вада не працякала,
Не сачылася ў пірогу!»
I ва ўборы змрочным елка
Зашумела, быццам галька
На тым беразе пясчаным,
Адказала са слязамі:
«Забірай мой сок гаючы!»
I сабраў ён слёзы елкі,
І яе смалой гаючай
Засмаліў ён шво, пірогу
Ад вады абараніўшы.
«Дай калючак мне, о Вожык!
Дай калючак, каб зрабіў я
Для пірогі-прыгажуні
З іх і пояс, і каралі,
I дзве зоркі ёй на грудзі!»
I зірнуў санліва вожык
На яго і, быццам стрэлы,
Ён з дупла калючкі кінуў,
Мармытнуўшы ў блытаніну
Вусаў: «Вось табе калючкі,
Сабірай іх, Гаявата!»
Ён сабраў з зямлі калючкі,
Што як стрэлы зіхацелі,
Фарбаваў іх жоўтым, сінім
I чырвоным сокам ягад,
Аздабляў пірогу імі:
Стан абвіў — блішчасты пояс,
Нос — аздобілі каралі,
Грудзі — дзве малыя зоркі.
Так пірогу Гаявата
Збудаваў у цёмным лесе,
У даліне каля рэчкі;
I лясоў жыццё было ў ёй,
Тайны ўсе і ўсе іх чары,
I бярозы лёгкай зграбнасць
Кедра моц, гаючасць елкі
I лістоўніцы надзейнасць;
I гайдалася пірога
На вадзе, як ліст увосень,
Быццам жоўценькі гарлачык.
Не зрабіў ён толькі вёслаў,
Бо не меў у іх патрэбы:
Думкі вёсламі служылі,
Летуценні кіравалі;
Воля — руль трымала цвёрда,
Шлях — жаданне пракладала.
А пасля на дапамогу
Друга Квазінда паклікаў:
«Трэба рэчышча ачысціць
Ад карчоў, калод і меляў!»
Квазінд, быццам выдра, скочыў
У раку, нырнуў, нібыта
Быў бабром ад нараджэння,
То вада яму па пояс,
То да горла падступала,
З крыкам ён карчы выцягваў,
Затануўшыя калоды,
Выграбаў пясок рукамі,
Глей і водарасць — нагамі.
I паплыў мой Гаявата
ГІа імклівай Такваміна,
Плыў уніз праз крутаверці,
Плыў за Квазіндам, што спрытна
Гроб рукамі, дзе глыбока,
Пераходзіў брод, дзе мелка.
Так уверх і ўніз па хвалях
Праплылі між астраўкамі —
Ад карчоў, калод і жвіру
Дно ачысцілі рачное,
Вілаватую дарогу,
Водны шлях яны праклалі —
Ад яго вытокаў горных
Аж да самых хваль Павэцін,
Да заліва Такваміна.
VIII. Рыбная лоўля
Па праменнай Гітчы Гумі,
Гладдзю Велічнага Мора,
З новай лёскай, лёскай з кедру,
Што з кары ягонай звіта,
На бярозавай пірозе
Плыў святочны Гаявата,
Плыў адзін на ўлоў асетра,
На здабычу Мішэ-Намы.