Перад тым, як сонца зойдзе,
Хмурны, ранены, змарнелы,
З разадранай рукавіцай,
З калчаном, дзе засталося
Толькі тры стралы, спыніўся
Адпачыць, на лук прыпаўшы,
Гаявата пад сасною,
Скрозь пакрытай шэрым мохам,
Цвіллю жоўтай, нібы скурай
Чалавечага абутку —
Страшнай згадкай аб памершых.
Нечакана дзяцел, Мэма,
Прабубніў над галавою:
«Цэлься ў скронь стралою трапнай,
Бі ў карэнні незаклятых
Валасоў і кос ягоных.
Толькі гэтак чарадзея
Можна раніць, Гаявата!»
Выбраў момант Гаявата,
Калі вораг нахіліўся,
Каб падняць і кінуць камень,—
I стралой, ад пер'яў — лёгкай,
I ад яшмы — вострай, трапіў
У карэнні незаклятых
Кос ягоных; спатыкнуўся
Чарадзей, рвануўся ўперад,
Як бізон, стралком падбіты
На заснежаных прасторах.
I яшчэ трапней ад першай
Біла ў цэль страла другая,
I ўпілася больш глыбока,
I працяла больш балюча;
Захістаўся Меджысогван,
Пачалі калені гнуцца,
Як трысцё пад буйным ветрам.
Ад стралы апошняй, трэцяй,
Што, як громам, аглушыла,
Дзень пагас, і Меджысогван
Смерці крок пачуў у цемры,
Голас Погака прызыўны,
I адчуў у вечным змроку
На сабе ягоны позірк.
Пад нагамі Гаяваты
Чарадзей ляжаў забіты.
I тады пазваў удзячны
Гаявата Мэму, дзятла,
З той сасны, сасны маркотнай;
Меджысогвана крывёю
Фарбаваў чупрыну Мэмы
Ён у знак заслуг ягоных;
З дня таго зялёны дзяцел
Носіць горда чуб чырвоны —
Знак заслуг сваіх мінулых,
Не забытых Гаяватай.
З чарадзея скінуў потым
Ён жамчужную кальчугу,
Як змагання знак, як памяць
Незабыўнай перамогі.
Цела берагу пакінуў,
Частку — хвалям, частку — сушы:
Галаву вада схавала,
Жоўты жвір засыпаў ногі.
Над забытаю ахвярай
Баявы арол кружыўся,
З кожным кругам ён зніжаўся,
Набліжаўся, набліжаўся.
З Меджысогвана харомаў
Вынес скарбы Гаявата,
Незлічоныя багацці,
Горы футраў сабаліных,
Скур бабра і гарнастая,
Паясы, каралі, стрэлы,
Наканечнікі са срэбра.
Ён дабром сваю пірогу
Нагрузіў, паплыў дадому
Па вадзе, як дзёгаць, чорнай,
Міма змей, якіх ён знішчыў.
Вёз трафеі Гаявата
З гучнай песняй перамогі.
На пясчаны бераг выйшлі,
Каб сустрэць як след героя,
Што дадому ехаў з песняй,
Састарэлая Накоміс,
Чайбайабас, дужы Квазінд;
I народ зварот ягоны
Адзначаў шумлівым святам,
Гучнай песняй, прывітаннем:
«Слава, слава Гаяваце!
Ён забіў таго, хто зваўся
З веку ў век Пяром Жамчужным,
Хто труціў нас, хто знішчаў нас
Векавечнай ліхаманкай,
Багны пошасцю смяротнай!»
Назаўжды застаўся ў сэрцы
Гаяваты дзяцел, Мэма.
Каб не гасла памяць бітвай
Змацаванага сяброўства,
Люльку мірную ўпрыгожыў
Ён чубком з чырвоных пер'яў,
Грабяньком барвовым Мэмы.
А багацце чарадзея,
Незлічоныя трафеі,
Ён аддаў свайму народу,
Раздзяліў усім пароўну.
X. Сватанне Гаяваты
«Цеціва патрэбна луку,
Як жанчына для мужчыны:
Хоць яна яго згінае,
Але ён кіруе ёю;
Хоць яна яго і цягне,
Ды за ім ідзе слухмяна;
Сэнс жыцця іх — у адзінстве!»
Так нярэдка Гаявата
Разважаў, калі з адчаем
І трывожнаю надзеяй,
I гарачым хваляваннем
Аддаваўся летуценню
Аб прыгожай Мінегазе,
Што жыве ў краі Дакотаў.
«Не шукай па свеце жонкі,—
Папярэджвала Накоміс, —
Не прыводзь з чужога краю!
Не красой дачка суседа —
Цеплынёй вігвам сагрэе,
А красою чужаземкі
Не сагрэць яго, як ноччу
Месяц неба не сагрэе!»