Выбрать главу
Папярэджвала Накоміс, Ёй адказваў Гаявата: «О Накоміс дарагая! Я люблю ачаг свой родны, Ды, аднак, люблю не меней Месяц той, што ясна свеціць!»
Папярэджвала Накоміс Гаявату: «Нам не трэба Леных рук і ног бяздзейных; Жонку сватай завішную, Каб ахвотна ўсё рабіла, Мела рукі залатыя, Паваротлівыя ногі!»
Ёй адказваў Гаявата: «У паселішчы Дакотаў Майстра стрэл жыве з дачкою, Мінегагаю прыгожай. Прывяду яе ў твой дом я, Хай тваёй дачкою будзе, Ясным месяцам і зоркай, Цеплынёй твайго вігвама, Сонцам нашага народу!»
Папярэджвала Накоміс З асцярогай: «Не бяры ты Жонку з племені Дакотаў! Злосць і дзікасць іх вядомы З дзён, як мы ваюем з імі. Не сціхаюць сваркі нашы, Не загойваюцца раны!»
Смеючыся, адказаў ён: «З той прычыны альбо іншай, Але я хачу, Накоміс, З гэтым племем парадніцца, Каб старыя скончыць спрэчкі, Загаіць цяжкія раны!»
I пайшоў у край красуняў, Край Дакотаў Гаявата. Ен ішоў раздоллем прэрый, Перасігіваў балоты I лясы з іх цішынёю Непарушнай, першароднай.
У чароўных макасінах Што ні крок — рабіў ён мілю; Ды хутчэй ляцелі думкі, Сэрца крокі абганяла; Ён ішоў без адпачынку,
Аж пакуль не ўчуў прызыўны Шум далёкі, гул магутны Вадаспадаў Мінегагі.
«Як прыемна, — прашаптаў ён,— Слухаць гэты гул знаёмы!»
Між святлом лясным і ценем Ён ласіны ўбачыў статак, Што папасваўся на ўзлессі. «Гэй, не схіб!»— загадваў луку, «Трапнай будзь!» — страле наказваў. З тым наказам Гаяваты Лук паслаў стралу, якая I ўпілася ў сэрца лося; Ён яго на плечы ўскінуў I яшчэ шпарчэй пакрочыў.
У вігваме, пры ўваходзе, Майстра стрэл, сівы ад часу, Наканечнікі выточваў З яшмы, з крэмню, з халцэдону. Побач з ім дачка сядзела, Прыгажуня Мінегага, Што калісьці Гаявата Называў Вадой Вясёлай,— З трыснягу пляла цыноўкі. Думаў бацька аб мінулым, А дзяўчына — аб наступным.
Дні юнацтва згадваў бацька, Калі стрэламі такімі ж Забіваў бізонаў грозных, Паражаў нясмелых ланяў, Патрапляў стралой смяротнай На ляту ў гусей крыклівых; Згадваў ён і пра атрады Баявыя, што калісьці Срэлы гэтыя куплялі. Не, цяпер часы не тыя, Слава воінаў звялася! Сёння воіны як бабы: Языкі — іх тамагаўкі!
А дзяўчына ўспамінала Юнака, які заходзіў, Каб купіць у бацькі стрэлы; Гэткі стройны і прыгожы, Нетутэйшы сам, пакінуў Ён вігвам іх неахвотна, На яе зірнуўшы ўпотай. Бацька мужным і адважным Называў яго нярэдка. Ці ён прыйдзе зноў наведаць Вадаспады Мінегагі? Ці ён прыйдзе зноў па стрэлы? Уздыхала Мінегага, Склаўшы рукі ў задуменні.
Цішыню парушыў раптам Нечы крок — і ў той жа момант Апынуўся на парозе Перад імі Гаявата З цяжкай ношаю лясною — З мёртвым лосем за плячамі.
Строгім позіркам акінуў Госця бацька Мінегагі, А пазнаўшы Гаявату, З месца ўстаў, адклаў работу, Запрасіў яго праходзіць: «Калі ласка, Гаявата!»
Каля ног Вады Вясёлай, Зняўшы з плеч, паклаў лясную Ношу госць яе жаданы; На яго зірнула ўдзячна Мінегага і ласкава Гаяваце адказала: «Калі ласка, Гаявата!»
Той вігвам, куды гасцінна Гаявату запрасілі, Зроблен быў са скур аленяў, Скрозь — багі намаляваны, А ўваход у дом прасторны Быў такі, што Гаявата Не згінаў сваёй высокай Галавы з арліным пер'ем.
З месца ўстала прыгажуня Мінегага, не даплёўшы Трысняговую цыноўку, Каб прынесці пачастунак, Па ваду схадзіць да рэчкі; Страву ў місках падавала, А ваду — ў драўляных кубках, Чула ўсё, што госць расказваў, Што яму адказваў бацька, А сама яна ні разу Не прамовіла ні слова.
Сном здаваліся ёй словы Гаяваты пра Накоміс, Што была яму за няньку У маленстве незваротным, Пра сяброў сваіх надзейных — Чайбайабаса, музыку, I пра Квазінда, асілка, Пра дастатак і пра шчасце На зямлі Аджыбуэяў, У яго краіне мірнай.