Вам, хто любіць слухаць казкі,
Галасы легенд далёкіх,
Тых, якія запрашаюць
Нас спыніцца на хвіліну,
Што гучаць так непасрэдна,
Ціха так, што не адрозніць —
Гукі гэта альбо словы, —
Прапаную я легенду,
Гэты Спеў аб Гаяваце!
Вам, хто сэрцам першародным
Верыць богу і прыродзе,
Шчыра ўпэўнены, што людзі
Быць заўжды людзьмі павінны,
Лічыць, што і ў жорсткім сэрцы
Абудзіцца можа прага
Да дабра і спраў карысных,
Што слабыя і сляпыя
Праўду вобмацкам знаходзяць
У глухой адвечнай цемры
Іх цяжкога існавання,—
Прапаную прастадушна
Гэты Спеў аб Гаяваце!
Вы, хто іншы раз блукае
Па даўно забытых сцежках,
Дзе да змрочнай агарожы,
Што ад часу заімшэла,
Барбарыс прыпаў чырвоны;
Хто схіляецца з увагай
Над магільнаю плітою,
Разглядае, сцёрты часам,
Верш няўмелы, надпіс просты,
Але поўны шкадавання,
Веры чыстай і развагі
Аб Мінулым і Наступным,—
Прыпыніцеся, чытайце
Гэты надпіс мой няхітры,
Гэты Спеў аб Гаяваце!
I. Люлька міру
На гарах сярод раўніны,
На высокім іх кар'еры,
На абрыве Скал Чырвоных
Гітчы Маніта магутны,
Уладар Жыцця, ўзвышаўся —
I адтуль склікаў народы,
Жыхароў краін вакольных.
З-пад яго слядоў імкліва
Бегла рэчка на світанні,
Зіхацела, як камета,
I зрывалася ў бяздонне.
I Уладар Жыцця рукою
Ёй накрэсліў на даліне
Вілаваты шлях, сказаўшы:
«Вось твой шлях з хвіліны гэтай!»
Ад скалы чырвонай потым
Адламаў рукой кавалак
Гітчы Маніта, і ў люльку
Камень той ператварыў ён;
Вырваў з рэчкі чараціну
I зрабіў цыбук для люлькі,
I, карой вярбы чырвонай
Люльку гэтую набіўшы,
Ён на лес суседні дзьмухнуў,
Каб здабыць агонь, — і дрэвы
Сталі церціся сукамі,
Загарэліся, як свечкі,—
Ад іх полымя ляснога
Прыпаліўшы Люльку Міру,
Гітчы Маніта народам
Падаваў сігнал прызыўны.
З люлькі дым паціху віўся
Урачыста на світанні:
Рыскай цёмнаю — спачатку,
А пасля ўжо — сіняй парай,
А далей — як дрэў вяршыні,
Што да воблакаў падобны,
Над зямлёю заклубіўся,
Покуль неба не крануўся,
Не разбіўся аб нябёсы,
Не разлёгся па прасторах.
На даліне Тавазента,
На даліне Ваямінга,
У лясістай Таскалузе,
Са Скалістых Гор далёкіх
I азёр Зямлі Паўночнай
Людзі ўбачылі выразна
Той сігнал, той дым далёкі —
Дым Пакваны, Люлькі Міру.
I празорцы ўсіх народаў
Гаварылі: «Дым Пакваны!
Гэтым дымам, што дадолу,
Як вярба, з паклонам нізкім
Нахіляецца гасцінна,
Гітчы Маніта магутны
На нараду ўсе плямёны
Навакольныя склікае!»
I ад кожнага народа
Пасланцы ішлі са зброяй,
Пасланцы Аджыбуэяў,
Далавераў і Магокаў,
Чарнаногіх і Дакотаў;
I Чактосы, і Каманчы,
I Шашоны, і Амогі,
I Гуроны, і Мэндэны
Пасыходзіліся разам
Па сігналу Люлькі Міру
Да вяршыні, дзе чакаў іх
Гітчы Маніта магутны.
Там стаялі ў фарбах яркіх
Пасланцы — як дрэвы ўвосень
Альбо неба на світанні —
I адзін другога дзіка,
Ваяўніча аглядалі;
Вочы іх — смяротны выклік,
Сэрцы — лютая варожасць,
Помсты прага — неадольны
Запавет адвечны продкаў.
Гітчы Маніта ўсеўладны,
Што стварыў усе народы,
Пазіраў на іх з бацькоўскім
Жалем, любасцю, спагадай —
Іхні гнеў яму здаваўся
Смешнай злосцю малалетак,
Спрэчкі — забаўкай дзіцячай.
Ён прасцёр руку над імі,
Каб іх лютасць папярэдзіць,
Каб стрымаць шалёны нораў
Усеўладнаю рукою.
I вялікасны пачуўся
Голас, шуму рэк падобны,
Шуму гулкіх вадаспадаў,
Як дакор і засцярога: