Авені не стала іншай;
Засталася той жа самай
Як была — сівой бабулькай,
З тым жа сумам невыказным.
Аж пакуль не ўзняў Асэа
Да нябёс вачэй пакутных
I не крыкнуў зноў з адчаем,
Як у лесе каля дуба.
I зрабілася раптоўна
Авені былой красуняй,
Лахманы яе старыя
Сталі футрай з гарнастая,
Цёмны кій — пяром блішчастым!
Зноў вігвам увесь затросся,
Загайдаўся, паімчаўся
Скрозь туманныя хмарынкі
I на дол Вячэрняй Зоркі
Асцярожна апусціўся,
Як сняжынка на сняжынку,
Як лісток на гладзь рачную,
Як таполі пух на хвалю.
I тады з вігвама бацька
Выйшаў з радаснай усмешкай,
З цёплым позіркам святочным,
З сівізной высакароднай
I сказаў: «Мой сын Асэа,
У вігвам заходзь, а клетку
З металічнымі пруткамі,
Клетку з птушкамі сваімі
Ты павесь над уваходам».
Дзе загадваў бацька, вешаў
Клетку з птушкамі Асэа,
У вігвам заходзіў з жонкай;
Ім сказаў Вячэрняй Зоркі
Уладар: «О сын Асэа,
Маладосць табе вярнуў я,
А сясцёр і ганарыстых
Іх мужоў сваім закляццем
Я на птушак перайначыў
За іх здзекі над табою.
З іх ніхто не змог убачыць
За тваім абліччам сумным,
За маршчынамі старымі
Твайго сэрца маладога,
Авені адна, Асэа,
Тваё сэрца зразумела.
Глянь, Асэа, на нябёсы,
На маленькай зорцы ўлева,
Што мігціць нібы ў тумане,
У вігваме чараўнічым
Чарадзей жыве, Вэбіна,
Дух зайздрослівы і злосны,
Гэта ён цябе, Асэа,
Вахлаком зрабіў калісьці,
Пазбягай яго праменняў —
То праклятых чараў стрэлы!»
Многа год пражыў Асэа
Пад бацькоўскаю страхою,
Многа год вісела клетка
З металічнымі пруткамі,
Бесклапотна ў клетцы гэтай
Птушкі лёталі, спявалі;
Авені, Асэа жонка,
Сына мужу нарадзіла —
Сын прыгожы быў, як маці,
I адважны быў, як бацька.
Хлопчык рос; зрабіў малому
Невялікі лук і стрэлы
Для гульні Асэа; клетку
З металічнымі пруткамі
Расчыніў, павыпускаўшы
Тых дзядзькоў яго і цётак —
Каб страляў ён з лука ў птушак.
Птушкі лёталі маланкай,
Апынуўшыся на волі,
Абуджалі спевам гучным,
Напаўнялі шумам крылаў
Цішыню Вячэрняй Зоркі;
Вось маленькі паляўнічы
Лук сагнуў, страла ахвяру
Адшукала ў той жа момант —
I параненая птушка
Каля ног стралка ляжала.
Толькі — вось дзе цуд! — не птушка
Перад хлопчыкам ляжала,
А красуня маладая
Са стралой пад самым сэрцам.
Калі кроў ахвяры ўпала
На свяшчэнную планету,
На траву Вячэрняй Зоркі,
Сілу страціла закляцце,
I адчуў стралок адважны,
Наш маленькі паляўнічы,
Як уніз пачаў ён падаць;
Ды яго рукой нябачнай
Сіла нейкая трымала,
Аж пакуль ён не спусціўся
На зялёны, травяністы
Востраў Мора-Акіяна.
Тут убачыў ён, як птушкі
Над ягонай галавою
Плаўна кружаць, нібы ўвосень
Каляровая лістота;
Тут жа ўбачыў замест клеткі
З металічнымі пруткамі
Ён вігвам з жардзін трывалых,
Са страхой, карою крытай, —
Той вігвам на луг спусціўся
I прынёс з сабой Асэа,
Авені прынёс з сабою.
I вярнуліся ўсім птушкам
Чалавечыя абліччы,
Але толькі рост Пігмеяў
Ім пакінула закляцце,
Так, Пігмеяў — Пок-Уэджыс,
I, пабраўшыся за рукі,
Пры святле Вячэрняй Зоркі
Кожны раз яны танцуюць
На тым мысе камяністым,
На пясчаным узбярэжжы.
Гэта іх вігвам заўважыць
Можна вечарам лагодным,
Гэта з ціхага ўзбярэжжа
Рыбакі іх спевы чуюць,
Карагод іх шумны бачаць!»
Казку скончыў і ўрачыста
На гасцей зачараваных
Ягу, выдумшчык выдатны,
Хітра глянуў, так дадаўшы:
«Людзі ёсць з душой узнёслай,
Для другіх незразумелай,
Хай жа тым, хто з іх смяецца,
Крыўдна кпіць, жартуе злосна,
Гэта казка пра Асэа
Прагучыць як засцярога!»
Казку дзіўную з увагай
Госці выслухалі, потым
Гучна пляскалі ў далоні,
Перашэптваліся ціха:
«Ён каго на ўвазе мае?
Ці не мы — дзядзькі і цёткі?»