Выбрать главу
Раніцой, на самым золку, Кагагі на сходку клікаў Крумкачоў, варон і соек, Зграю чорных марадзёраў, Што ўзнялі на дрэвах вэрхал, I павёў усіх бясстрашна На пасевы Гаяваты, На Мандаміна магілу.
«Мы яго, — яны крычалі,— З цёмнай выцягнем магілы, Нас не спыніць Мінегагі Зачарованае кола, Ланцужкі слядоў таемных, Што пакінуты на глебе».
Але мудры Гаявата, I разважлівы і пільны, Чуў зняважлівыя кпіны, Смех драпежны чорнай зграі. «Кагагі,— сказаў ён гэтак,— Цар Груган і груганяты, Ко, сябры мае, як след вас Правучу я за абразу».
На дасвецці ён прачнуўся, З валасоў і нітак петлі Па раллі параскідаўшы, Як сіло для марадзёраў, Сам залёг за валунамі, Іх чакаючы прылёту.
Зграя птушак на пасевы Прыляцела з дзікім крыкам, Кіпцюрамі разграбала Глебу, каб хутчэй дазнацца, Дзе Мандамін пахаваны, Каб яго знайсці і знішчыць.
I хаця ў ваенных справах Мелі вопыт і майстэрства Марадзёры, але пастак Не заўважылі, і хутка У палоне Гаяваты Апынуліся іх лапкі.
Выйшаў ён тады з засады, I такі быў грозным выгляд Гаяваты, што ад жаху Марадзёры ўсе прыціхлі. Ён бязлітасна знішчаў іх, Забіваў па дзесяць разам,
А пасля вакол палетка Паразвешваў іх на жэрдках, Каб, як пудзілы, віселі Знакам помсты і для іншых Марадзёраў засцярогай.
Толькі Цар Груган драпежны, Кагагі, не быў забіты Гаяватай, ён старога Як заложніка пакінуў. Крумкачу звязаў ён моцна Крылы, нібы вязню рукі, I да вільчака вігвама Прывязаў вяроўкай з вяза.
«Кагагі, цябе, — сказаў ён,— Як зачыншчыка разбою, Завадатара нападу I абразы нечуванай, Я заложнікам пакіну, Каб твае сыны і ўнукі Зналі, як сябе паводзіць!»
I на вільчаку вігвама Ён заложніка пакінуў, Каб сядзеў, пахмуры, злосны, З гнеўным карканнем драпежным Кагагі, з надзеяй марнай Узляцець альбо сяброўскай Дачакацца дапамогі!
Час ляцеў, і Шавандазі Цеплынёй паўднёвай дыхаў, I маісавае поле Узнялося, паказала Свету свой убор чароўны — Стан зялёны, апярэнне, Косы светла-залатыя I даспелыя кіёўкі, Што даўно з сваіх дзіцячых Павылазілі пялюшак.
I звярталася Накоміс Так тады да Мінегагі: «Гэта Месяц Лістапада; Дзікі рыс ужо сабраны I даспеў маіс на полі; Час уборкі надыходзіць, Час з Мандамінам змагацца — Зрэзаць косы, апярэнне, Зняць убор зялёна-жоўты!»
I Накоміс пакідала Свой вігвам з Вадой Вясёлай, А за імі ўслед кабеты, Юнакі, дзяўчаты выйшлі, Па іх закліку, на поле Ураджай збіраць багаты, Лушчыць спелыя кіёўкі.
А пад соснамі на ўзлессі Гуртам воіны сядзелі, Разам з лысымі дзядамі Люлькі ў зацені курылі. На кабет, дзяўчат і статных Юнакоў яны глядзелі, Любаваліся іх працай, Тым, як дружныя кабеты Балбаталі, што сарокі, Юнакі — вялі размову, Галасістыя дзяўчаты, Як малінаўкі, спявалі.
А траплялася дзяўчыне Адшукаць сярод кіёвак Пурпуровую кіёўку, «Гляньце! — ўсе крычалі разам,— Нэшка! Ты шчаслівай будзеш! Нэшка! Хутка выйдзеш замуж!» «Уг!» — дзяды суладным хорам Адгукаліся на ўзлессі.
А здаралася кабеце, Юнаку альбо дзяўчыне Адшукаць крывы пачатак — Цвілаватую кіёўку, Як збіраліся ўсе разам I крычалі і кульгалі, Пераймаючы крывога Дзеда смешную паходку, I спявалі так: «Грабежнік, Пэмасэд, начны грабежнік, Вагэмін, палеткаў злодзей!»
Так спявалі, покуль нівы Дружны смех іх не пачулі, Покуль Цар Груган палонны, Кагагі, не каркнуў злосна, А на дрэвах прыдарожных Не ўзнялі вароны вэрхал. «Уг!» — дзяды суладным хорам Адгукнуліся на ўзлессі.