Зноў цяпер з вігвама выйшаў
По-Пок-Ківіс пасваволіць.
Ён зайшоў з такім намерам
У вігвам старога Ягу,
Дзе якраз сышлася моладзь
Слухаць казкі і паданні,
Незвычайныя прыгоды.
Ягу ўсім расказваў казку
Аб Аджызе, творцы лета:
Як яна, прабіўшы неба,
Апынуўшыся на небе,
З дзіркі лета выпускала;
Як зрабіць спачатку гэта
Спрабаваў бабёр і выдра,
Рысь, барсук, але дарэмна
Узбіраліся на ўзвышша:
Кулакі паразбівалі
I галовы аб нябёсы,
Толькі трэснула скляпенне
Неба, ды не падалося;
Тут наважылася скочыць
Расамаха, падвярнуўшы
Ногі гэтак, як вавёрка,
Як цвыркун, адвёўшы рукі.
«Першы раз паспрабавала
Неба дах прабіць, — расказваў
Слухачам стары, — над ёю
Увагнулася скляпенне,
Як вясною лёд на рэчцы,
I яшчэ зрабіла спробу —
Трэснуў дах, як лёд на рэчцы
У бурлівы час паводкі!
А на трэці раз — о дзіва! —
Неба ўшчэнт яна разбіла,
Знікла ў ім у вокамгненне,
I за ёй Аджыга, ласка,
Апынулася на небе».
«Слухай, ты! — яшчэ з парога
Крыкнуў Ягу По-Пок-Ківіс. —
Час канчаць, мяне стаміла
Балбатня старога Ягу
I прамудрасць Гаяваты.
Я з'явіўся, каб пацешыць
Вас не байкай, а гульнёю».
Даставаў пасля ўрачыста
Ён мяшэчак з воўчай скуры,
Там быў келіх і трынаццаць
Розных пешак Пагасэна,
З двух бакоў афарбаваных
Фарбай белай і чырвонай:
Дзве фігуркі змей, Кінэбік,
Тры фігуркі качанятак,
Шышэбнэг, чатыры дыскі —
Азавабік, рыбка, Кіго,
Тамагаўк, дзве простых пешкі,
З косці зроблены фігуркі
Для гульні, за выключэннем
Азавабік — медных дыскаў:
З гладкай, быццам шкло, паверхняй,
З цёмнаю — на адвароце.
Ён, паклаўшы фішкі ў келіх,
Страсянуў, перамяшаў іх,
На зямлю перад сабою
Сыпануў і растлумачыў:
«Фішкі ўсе — з чырвоным верхам,
I Кінэбік — на паверхні
Гладкай дыска, адпаведны
Маюць лік — васьмі адзінак
I трынаццаці дзесяткаў».
Зноў, паклаўшы фішкі ў келіх,
Страсянуў, перамяшаў іх,
Сыпануў перад сабою
На зямлю і растлумачыў:
«Дзве Кінэбік — з белым верхам,
Пешкі дзве — таксама з белым,
А астатнія — з чырвоным;
Пяцьдзесят і восем будзе».
Так прысутным ён тлумачыў
Сэнс гульні сваёй азартнай —
Разнастайныя выпадкі,
Спалучэнні і значэнні.
Дзесяць пар вачэй глядзелі
Са спакусай нецярплівай.
«Гульняў шмат, — сказаў тут Ягу, —
Рызыкоўных і майстэрскіх
Перабачыць давялося
Мне ў краінах самых розных.
Хто гуляць бярэцца з Ягу,
Мець павінен спрыт вялікі!
Хоць сябе ты, По-Пок-Ківіс,
Лічыш майстрам, не хваліся,
Аблуплю цябе як ліпку,
Навучу гуляць як трэба!»
Маладыя і старыя
Селі ў кола і гулялі
На адзенне і на зброю
Да паўночы, да світання.
Абгуляў усіх каварны,
Спрытны ў гульнях По-Пок-Ківіс,
Не пакінуў ім нічога,
Забіраў сабе ўсю зброю,
Паясы, адзенне, вампум,
Капшукі, каралі, люлькі.
На ягоную здабычу
Дзесяць пар вачэй глядзелі,
Як ваўкоў драпежных вочы.
Так сказаў ім По-Пок-Ківіс:
«Я адзін жыву ў вігваме,
Для прыгод і вандраванняў
Трэба мне таварыш верны
I прыслужнік, Мэшынова,
Каб за мной насіў ён люльку.
Я гатоў на кон паставіць
Паясы, адзенне, вампум,
Капшукі, каралі, люлькі,
Зброю ўсю, увесь мой выйгрыш
За таго вунь чалавека!»
Гэта быў пляменнік Ягу,
Год шаснаццаці падлетак,
Што мянушку меў — Пахмурны.
Як пад прысакам у люльцы
Аганёк чырвоны тлее,
Так пад цёмнымі брывамі
Вочы бліснулі ў старога.
«Уг!» — адказваў Ягу злосна;
«Уг!» — астатнія сказалі.
I схапіў драўляны келіх
Ягу, келіх той, Анэган,
Моцна сціснуўшы рукамі,
Страсянуў, ажно фігуркі
Зазвінелі, і са злосцю
Вытрас іх перад сабою.