«Дзеці горкія, о дзеці,
Неразумныя, малыя!
Слова мудрае звяртаю,
Слова мірнае парады
Я да вас, ваш бацька родны!
Я зямлю вам даў — палюйце!
Даў ваду — лавіце рыбу!
Даў мядзведзя і бізона,
Даў аленя і казулю,
Даў бабра вам і казарку;
Засяліў я рыбай рэкі,
А балота — птушкай дзікай;
Хто ж вас, дзеці, прымушае
Паляваць адзін другога?
Я стаміўся ад штодзённых
Вашых сварак, вашых спрэчак,
Ад крывавых вашых боек
I ад крэўнай помсты вашай.
Ваша сіла — толькі ў згодзе,
А бяссілле — у разладзе.
Памірыцеся, жывіце,
Як браты, заўсёды ў згодзе!
Я пашлю да вас Прарока,
Знае шлях ён да ратунку;
Будзе жыць ён разам з вамі
I пакутваць з вамі разам.
Слухаць будзеце яго вы —
Свет пазбавіцца разладаў,
А не будзеце — асудзяць
Вас разлады на знішчэнне!
Акунайцеся, змывайце
З твараў фарбы баявыя,
Змыйце з пальцаў кроў, і зброю
Закапайце назаўсёды,
Так, як я, зрабіце люлькі,
Люлькі Міру, Люлькі Згоды,
Чарацін для іх нарвіце,
Ярка пер'ямі ўпрыгожце,
Закурыце Люлькі Міру,
Як браты, жывіце ў згодзе!»
Пасланцы свае даспехі
Паздымалі, паскідалі
На зямлю сваё адзенне,
Смела кінуліся ў рэчку,
Змылі фарбы баявыя.
З гор на іх вада лілася
Чыстай хваляй са скалы той,
Дзе Ўладар Жыцця ўзвышаўся,
А далей паток каціўся,
Як крывёй афарбаваны,
Мутнай хваляю чырвонай.
Змыўшы фарбы баявыя,
Выйшлі воіны на бераг,
Закапалі на ўзбярэжжы
Зброю ўсю і ўсе даспехі.
Гітчы Маніта магутны,
Дух Вялікі і Стваральнік,
Іх усмешкай стрэў зычлівай.
Ад скалы чырвоны камень
Адкалоўшы, Люлькі Міру
Пасланцы з яго зрабілі,
Каля рэчкі чарацінак
Наламалі, яркім пер'ем
Цыбукі пааздаблялі
I пайшлі дамоў — і хмаркі
У той самы час над імі
Расступіліся, і згінуў
Гітчы Маніта ў тых хмарках,
Знік у белых клубах дыму
Ад Пакваны, Люлькі Міру.
II. Чатыры вятры
«Слаўся, дужы Мэджэківіс!» —
Гучна воіны крычалі
I дзяды, калі з паходу
Ён прынёс дамоў Свяшчэнны
Пояс з вампума, здабыты
Ім на Поўначы Суровай,
Дзе труса, Вабаса, царства.
Выкраў ён Свяшчэнны Пояс
У Вялікага Мядзведзя,
З шыі зняў у Мішэ-Моквы,
Што пагрозай слыў усюды,
Зняў тады, як на вяршыні
Спаў мядзведзь камлыгай грузнай,
Глыбай той, што заімшэла,
Глыбай той, што ў плямах бурых.
Да яго ён падкрадаўся
Гэтак ціха, гэтак блізка,
Што чырвоны кіпець звера
Ледзь яго не дакрануўся.
Як здымаў ён Пояс Вампум
Па вачах — мядзведзь не бачыў,
Па вушах — не чуў асілак,
Як здымаў па доўгім носе —
Ноздры чорныя, нібыта
Рукавіцы скураныя,
Мэджэківісавы пальцы
Цёплай парай сагравалі.
Потым паліцаю ёмкай
Замахнуўся і з працяглым
Гучным крыкам Мішэ-Мокву
Між вачэй ударыў моцна
Пераможны Мэджэківіс!
Як аглушаны грымотай,
Уставаў Мядзведзь Вялікі,
Ледзьве ён падаўся ўперад,
Як затрэсліся калені,
I, на лапы сеўшы грузна,
Ён заенчыў, быццам баба.
А магутны Мэджэківіс
Перад ім стаяў бясстрашна,
Смеючыся з Мішэ-Моквы,
Прамаўляючы з пагардай:
«О мядзведзь! Ты — Шагадая!
Не герой, якім лічыўся,
Бо іначай ты б не енчыў,
Не стагнаў, не выў, як баба!
З вашым племем пачалі мы
Бой даўно, і хто дужэйшы —
Ты цяпер пераканаўся.
Ваша племя палахліва
Ад пагрозы ў лес знікае!
Калі б ты мяне падужаў,
Перад смерцю я б не енчыў.
Ты ж увесь свой род няславіш
Тым, што поўзаеш і стогнеш,
Як агідны баязлівец,
Як нікчэмны Шагадая».
Потым паліцай ударыў
Зноў мядзведзя Мэджэківіс
Між брывей, і трэснуў чэрал
Пад бязлітасным ударам,
Нібы лёд пад рыбаловам.
Так загінуў Мішэ-Моква,
Так сканаў Мядзведзь Вялікі,
Страх і жах усіх народаў.
«Слаўся, дужы Мэджэківіс! —
Людзі ўсе яго віталі.—
Слаўся, слаўся, Мэджэківіс!
I ад гэтых дзён навечна
Быць табе Заходнім Ветрам,
Так, як бацьку над сынамі,
Над вятрамі — уладарыць.
Ты цяпер не Мэджэківіс,
Ты цяпер — Заходні Вецер!»