З Мускадэ, з нізіны, з лугу,
Знак падаў ім По-Пок-Ківіс,
Ён, відаць, дамоў вяртаўся,
Ды, заўважыўшы пагоню,
Кпліва ёй махнуў рукою.
Гучна крыкнуў Гаявата
Са скалы яму высокай:
«Не такі ўжо свет бясконцы,
Не такі ўжо шлях суровы,
Каб цябе не пакаралі
Справядлівы гнеў і помста!»
Цераз горы, цераз рэчкі,
Праз лясныя бураломы
Бег каварны По-Пок-Ківіс;
Ён скакаў як антылопа,
Аж пакуль ставок у лесе
Не спыніў яго на момант
У тым месцы нечаканым,
Дзе ручай ракой разліўся,
Дзе бабры пабудавалі
З дрэў падрэзаных запруду:
У вадзе стаяў па пояс
Лес, і плавалі лілеі,
I трысцё шумела ціха.
Узышоў ён на плаціну,
На лясное збудаванне,
Цераз шчыліны якога,
Цераз верх вада лілася.
З дна бабёр усплыў і кінуў
На яго цікаўны позірк,
Усё роўна як пытаўся
По-Пок-Ківіса аб нечым.
Той стаяў на збудаванні,
Па нагах ручай празрысты
Цёк, зіхцеў, пераліваўся;
Так сказаў бабру каварны
По-Пок-Ківіс: «О мой дружа,
О Амік, бабёр славуты,
Так зрабі, каб я таксама
Стаў бабром, каб мог схавацца
У вадзе такой прыемнай,
У тваім пабыць вігваме!»
I Амік, бабёр, адказваў
Нерашуча, асцярожна:
«Мне параіцца спачатку
Трэба з іншымі бабрамі».
У ваду ён апусціўся,
Патануў, як цяжкі камень,
Між галін, зялёных лісцяў,
Між сукоў, карчоў рагатых.
I чакаць яго застаўся
На плаціне По-Пок-Ківіс;
А пад ім ручай празрысты
Цск праз шчыліны ў запрудзе,
Цераз край пераліваўся;
Ён стаяў, над ім паціху
Дрэвы лісцем шапацелі,
Ад святла і ценяў хісткіх
Быў у плямах твар ягоны.
З дна бабры ўсплывалі ціха.
Над паверхняю спачатку
Галава адна ўзнялася,
А пасля, як вокам кінуць,
Скрозь іх лычыкі чарнелі.
Да баброў звярнуўся хітры
По-Пок-Ківіс: «Як харомы —
Вадзяныя вашы сховы!
Ад пагоні спрат надзейны;
Дык хіба, пры ўмельстве вашым,
Вы не зробіце, каб тут жа
Я ў бабра ператварыўся?»
«Добра! — так Амік адказваў,
Сам Кароль Баброў славуты.—
Ты да нас уніз спускайся,
У ваду нырай паціху».
У ставок нырнуў паціху
I ў бабра ператварыўся
Між бабрамі По-Пок-Ківіс:
Стала ўсё яго адзенне
Чорным, гладкім і блішчастым,
Пачарнелі макасіны
I хвасты на закаблуччы.
«О сябры, я быць хацеў бы,—
Зноў прасіў іх По-Пок Ківіс,—
Ад усіх баброў вышэйшым!»
«Добра! — так бабёр галоўны
Адказаў.— Калі ты зойдзеш
У вігвам, цябе мы зробім
Там у дзесяць раз вышэйшым».
Вось на дно з бабрамі разам
Апусціўся По-Пок-Ківіс;
Там, сярод карчоў рагатых,
Дрэў паваленых, прыкмеціў
Ён запасы харчавання
Перад брамаю вігвама,
Перад самым уваходам
У прасторныя пакоі.
Тут яны яго зрабілі
Ад усіх баброў вышэйшым,
Аж у дзесяць раз вышэйшым.
«Кіраваць ты намі будзеш»,—
Так яны яму сказалі.
Ды не доўга По-Пок-Ківіс
Між баброў пакрасаваўся:
Даляцеў адтуль, дзе шпажнік
I лілеі, гучны голас
Вартавога на плаціне:
«Гаявата! Гаявата
З паляўнічымі з'явіўся!»
А яатым яны пачулі
Крык і тупат над сабою,
Пачала вада зніжацца
I варонкамі круціцца,
Тут бабры і зразумелі,
Што разбурана запруда.
Паляўнічыя нагамі
Праламалі дах вігвама,
Што, як сіта, засвяціўся;
Павыскоквалі праз дзверы
У ваду бабры і ў ямках
Пахаваліся глыбейшых;
Велічэзны По-Пок-Ківіс
Не пралез за імі ў дзверы:
Ён ад гордасці раздзьмуўся,
Як пузыр, распух ад ежы.
Праз дзіравы дах вігвама
Крыкнуў гучна Гаявата:
«Спрыт і ўсе ператварэнні
Тут табе не дапамогуць!
Я іх знаю, По-Пок-Ківіс!»
Білі ёмкімі дубцамі
Баламута аж да смерці,
Як цапамі малацілі.
I таўклі, як проса ў ступе.