Выбрать главу
I стаяў перад закрытым Уваходам Гаявата, Надзяваў ён рукавіцы, Мэджыкэван, моцна грукаў Імі ў скалы з гулкім крыкам: «Адчыні! Я Гаявата!» Уладар не адгукнуўся, Адмыкаць не стаў ён брамы Тых маўклівых скал пясчаных, Спратаў змрочнага бяздоння.
I тады пачаў, прасцёршы Рукі, клікаць Гаявата Гром магутны, Энэмікі, I Вэвэсіма, маланку;
I прынесла іх з далёкіх Гор Грымотных навальніца На ўзбярэжжа Гітчы Гумі; Да зямлі прыпаў ад страху По-Пок-Ківіс, як убачыў Вочы яркай бліскавіцы, Як пачуў грымотаў крокі.
I Вэвэсіма, маланка, Браму паліцай разбіла — Уваход у схоў бяздонны Непарушных скал пясчаных, А магутны Энэмікі Што ёсць сілы ў глыб пячоры Загукаў: «Дзе По-Пок-Ківіс?» Абваліліся ад гулу Скалы ўсе, і пахаваны Быў пад імі По-Пок-Ківіс, Спрытны, хітры і каварны, У абліччы чалавечым.
Надышоў канец ягоным Трапным жартам, весялосці, Адышло ў нябыт штукарства По-Пок-Ківіса, свавольства, Гульні, забаўкі, залёты Да дзяўчат, кабет прыгожых.
Дух ягоны Гаявата — Чалавек высакародны, Даставаў, сказаўшы ўладна: «Больш ніколі, По-Пок-Ківіс, Ты не будзеш чалавекам, Больш не пусцішся ў прыгоды З вострым словам, трапным жартам,
Не закруціш пыл і лісце Шпаркім танцам, а ў нябёсах Будзеш ты Кіню магутным, Баявым арлом, кружыцца, Будзеш ты, з майго дазволу, Там над птушкамі ўладарыць».
Не забыты По-Пок-Ківіс Ні паданнем, ні легендай, Ані песняю народнай; I зімой, калі завея Круціць снег вакол вігвамаў, Калі вецер не сціхае, Дзіка свішча ў дымаходах,— «Гэта свішча, — так гавораць Людзі,— хітры По-Пок-Ківіс, Гэта ён пусціўся ў скокі Ад вігвама да вігвама!»

XVIII. Смерць Квазінда

Слава Квазінда далёка Паразнеслася па свеце; Не было сярод асілкаў Роўных Квазінду па сіле, Але сейбіты ўсіх сварак Пок-Уэджыс — гэта племя Маларослае Пігмеяў, Загубіць яго рашыла.
«Калі Квазінд ненавісны,— Разважалі так Пігмеі,— Будзе жыць, як жыў дагэтуль: Да чаго ні дакранецца — Будзе ўсё крышыць і нішчыць, Свет здзіўляць сваёй адвагай,— Хто тады аб нас падбае, Аб няшчасных Пок-Уэджыс? Як грыбы, ён нас патрушчыць, У ваду ён нас загоніць, Ён нас кіне на з'ядзенне Злоснай сіле Ні-бэ-но-бэйз, Вадзяной нячыстай сіле».
Так Малыя Людзі знішчыць Згаварыліся асілка, Згаварыліся пазбавіць Свет ад Квазінда, ад сілы Небяспечнай, бессардэчнай, Дзёрзкай, смелай, нежаданай.
I знаходзілася гэта Сіла ў цемені ягоным; Але там была і слабасць Наймагутнага асілка, Бо магла яго параніць Змовы зброя толькі ў цемя.
Ні стралой, ні тамагаўкам Не маглі асілка знішчыць, А маглі смяротна раніць Толькі шышкаю сасновай Ці блакітнай шышкай елкі. I ніхто з жывых не ведаў Гэтай страшнай таямніцы, Толькі ведалі смяротны Гэты сродак Пок-Уэджыс.
I сасны насенных шышак, I блакітных шышак елкі Назапасілі Пігмеі, Нагруваздзілі смяротных Шышак горы на ўзбярэжжы Ціхаплыннай Такваміна. Там яны ў Чырвоных скалах, Што звісаюць над вадою, Падпільноўвалі ў таемных Спратах Квазінда-асілка.
Быў спякотны летні поўдзень, Нерухомае паветра Над ракой трымцела соннай, Над вадой, дзе спалі цені, Дзе ў праменнях сонца яркіх Насякомыя ляталі, Напаўняючы гудзеннем Задрамаўшае наўколле.
Плыў ракой асілак Квазінд На бярозавай пірозе, Плыў уніз па ціхай плыні, Па маруднай Такваміна, Ехаў, млявы ад спякоты, Ад дрымоты летняй сонны.
З тых галін, што панавіслі Над вадою, з кос бярозы, Непрыкмечаны, спусціўся На яго Дух Сну, Напэвін, Абкружыў асілка войскам Спадарожнікаў нябачных, Ён над Квазінда дрымотнай Галавой лунаў, кружыўся Страказою, Дэш-кво-ні-шы.