I, калі іх запрасілі
На сямейную вячэру,
Што была прыгатавана
Гаспадынямі вігвама,
З ценяў выйшаўшы, схапілі
Прагна з міскі незнаёмкі
Тую долю, што прызначыў
Мінегазе Гаявата;
Не сказаўшы дзякуй, госці,
З'еўшы лепшыя кавалкі —
Смачны белы тлушч аленя,
Падаліся ў кут свой цёмны.
I гасцей не папракнулі
Ані позіркам, ні словам
Састарэлая Накоміс,
Мінегага з Гаяватай.
Толькі ціха прашаптала
Мінегага з горкім жалем:
«Іх, няшчасных, мучыць голад,
Хай жа будзе пачастункам
Ім усё, што даспадобы».
Многа раз зара згасала,
Многа дзён зімовых стрэслі
Ночы цёмныя, як хвоі
Снег страсаюць з лапаў цёмных.
Дзень за днём сядзелі моўчкі
У вігваме незнаёмкі,
А ўначы завеяй лютай
Ці пры зор святле паўночным
На апал збіралі шышкі,
У вігвам цягалі моўчкі
Сухадрэвіны лясныя.
Кожны раз, калі вяртаўся
Гаявата з палявання
I калі іх запрашалі
На сямейную вячэру,
З ценю выйшаўшы, хапалі
Прагна з міскі Мінегагі
Ежы лепшыя кавалкі
Незнаёмкі і знікалі
Зноў у кут свой, дзе сядзелі
Быццам цені сярод ценяў.
I ніколі Гаявата
Ім не выказаў папроку;
Не зняважыла ні разу
Іх Накоміс раздражненнем;
Чужаземкам Мінегага
Крыўд сваіх не паказала;
Так яны сябе трымалі,
Каб ні словам не парушыць,
Каб ні жэстам не прынізіць
Права госця і ягонай
Непарушнае свабоды,
Вось аднойчы позна ноччу
Пільным слыхам Гаявата
У вігваме, пры няяркім
Асвятленні галавешак,
Што марудна дагаралі,
Нечы енк пачуў жалобны,
Нечы плач такі гаротны.
Гаспадар устаў з пасцелі,
Што з калматых скур бізона,
Адхіліў убок фіранку,
Што з аленя мяккай скуры,
I гасцей убачыў цені
I пачуў іх плач паўночны.
I сказаў ім так: «О госці!
Ад чаго баляць вам сэрцы,
Што рыдаць вас прымушае?
Можа чым не дагадзіла
Мінегага вам, а можа
Вас пакрыўдзіла сваёю
Негасціннасцю Накоміс?»
I тады прыціхлі цені,
Змоўклі горкія рыданні,
Ціха Здані адказалі:
«Мы людзей памёршых душы,
Мы прыйшлі сюды з далёкіх
Чайбайабаса ўладанняў,
Мы прыйшлі з выпрабаваннем,
Мы прыйшлі з перасцярогай.
Гора крык, пакуты лямант,
Боль жывых чуваць штодзённа
Нам на Востраве Шчаслівых,
Плач жывых назад нас кліча
Да сябе, але дарэмна;
Мы прыйшлі з выпрабаваннем,
Ды ніхто не пазнае нас,
Мы нікому не патрэбны,
Мы цяжар для вас, і мёртвым
Сярод вас няма прытулку.
Нашы словы, Гаявата,
Перадай свайму народу,
Каб ад гэтых дзён навекі
Не азмрочвалі жывыя
Нас, памёршых, горкім плачам,
Болем, жалем бескарысным.
Не кладуць няхай жывыя
У магілы пахаваных
Футры, кубкі, міскі з гліны,
Бо памёршыя ў дарозе
Ад цяжкой слабеюць ношы,
Хай дадуць ім толькі ежы
I агню, каб вёў да мэты.
Ім чатыры дні патрэбна,
Каб прыйсці ў краіну зданяў,
Ім чатыры ночы трэба
Раскладаць агонь бівачны;
А таму няхай жывыя
Раскладаюць на магілах
Свой агонь, каб нежывыя
Весялей ішлі да мэты,
Каб яны сляпую цемень
Не абмацвалі рукамі.
Дык бывай, высакародны
Гаявата! Ты цярпліва
Перанёс выпрабаванне,
Ты трываў абразы нашы
I зняважлівыя ўчынкі,
Дык няхай твой дух не зломіць
Час цяжкіх выпрабаванняў,
Што ў жыцці цябе чакаюць!»
Галасы на гэтым змоўклі,
Дагарэлі галавешкі,
Чуў адзення ціхі шорах
У вігваме Гаявата,
Адхіліў убок фіранку
Хтось рукою на парозе,
Зоры бліснулі на момант,
Гаспадар адчуў дыханне
На сабе начы сцюдзёнай,
Але зданяў больш не бачыў
Тых, што зноў павандравалі
У далёкі край Паніма.
XX. Голад
О тужлівы час зімовы!
О халодны, люты сівер!
Лёд рабіўся ўсё таўсцейшым,
І таўсцейшым, і таўсцейшым,
Снег рабіўся ўсё глыбейшым,
I глыбейшым, і глыбейшым;
Па лясах, вакол паселішч
Намялі сумётаў буры.