I было празрыстым неба,
А вада, як шкло, спакойнай;
З глыбіні асетр выскокваў,
Бліскавіцай ззяў на сонцы;
Кідаў цень на Гітчы Гумі
Узбярэжны лес магутны,
Верхавіны дрэў высокіх
Люстраваліся ў заліве.
Як з вады густая пара,
Як з лугоў туман бялюткі,
Знік з аблічча Гаяваты
След былога засмучэння.
Так стаяў ён у чаканні
Дзён святочных, пераможных,
Быццам бачыў набліжэнне
Тых падзей, якія прыйдуць,
Аб якіх ніхто не знае.
Ён прасцёр да сонца рукі,
Павярнуў на ўсход далоні,
I цадзіліся праз пальцы
На ягоны твар праменні.
Як між лісцямі на дубе,
Стракацелі сонца плямы
На ягоным целе голым.
Нешта з даляў невыразных,
З туманоў, з вады світальнай
Уздымалася паволі,
Па вадзе плыло, ляцела
I яснела з кожнай хвіляй,
З кожнай хвіляй, з кожнай хвіляй.
Гэта можа быць казарка?
Пелікан далёкі, Шэйда,
Чапля шызая, Шух-шух-га?
Лебедзь-гусь, што акунае
Шыю ў хвалі час ад часу?
То не лебедзь-гусь, не чапля,
Не казарка, не далёкі
Пелікан плывуць, лятаюць,—
Гэта з вёсламі пірога
То нырае, то ўсплывае,
Сыпле пырскамі на сонцы;
I плывуць па Гітчы Гумі
З царства Вебана, з Усходу
Людзі белыя ў пірозе,
I плыве, ў адзенні чорным,
З імі разам Белатвары
Іх празорца, іх настаўнік.
I прасцёр велікадушна
Гаявата рукі ўгору —
Запрашэння знак гасцінны;
Ён чакаў, увесь святочны,
Покуль з вёсламі пірога
Не прыстала да ўзбярэжжа,
Покуль церціся не стала
Аб пясок яна і гальку
I пакуль з яе не выйшаў
Госць галоўны на ўзбярэжжа.
Прывітаў гасцей святочным
Гучным словам Гаявата:
«Нам і вам, о чужаземцы,
Урачыста свеціць сонца!
З мірам людзі вас чакаюць,
Запрашаюць у вігвамы;
Кожны дом наш — ваш прытулак,
Сэрцы нашы — дружбы дзверы,
Не цвіла ніколі ярка
Так зямля, не ззяла сонца
Над зямлёю так, як сёння
Ззяе ў дзень сустрэчы нашай!
Не было такім спакойным
I для плавання свабодным
Наша возера ніколі,
Як для вашае пірогі.
I не быў такім духмяным
Наш тытунь, а нашы нівы
Не здаваліся ніколі
Нам прыгожымі такімі,
Як сягоння ў дзень святочны
Незабыўнае сустрэчы!»
I адказваў так галоўны
Госць, які ў адзенні чорным,
Мовай дзіўнай і нязвычнай:
«Мір табе, о Гаявата!
Мір табе, твайму народу,
Мір яму і дараванне,
Мір Хрыста, святой Марыі!»
У вігвам свой Гаявата
Вёў гасцінна чужаземцаў,
Там усаджваў іх на скуры
Гарнастая і бізона,
Падавала ім Накоміс
Ежу ў лёгкіх місках з ліпы
I ваду ў драўляных кубках —
Кубках, робленых з бярозы,
Люлькі Міру запаліла.
Жыхары сяла сівыя
I ўсе воіны-суседзі,
I прарокі, Джосакіды,
I Вэбіны, чарадзеі,
Міды, лекаў знаўцы, гэтак
Прывітаць гасцей хацелі:
«О браты! Да нас здалёку
Вы прыехалі! Мы рады!»
Перад самым уваходам
У вігвам яны паўкругам,
Люлькі курачы, сядзелі
У чаканні чужаземцаў,
Аж пакуль да іх не выйшаў
Госць, які ў адзенні чорным,
I звярнуўся з прывітаннем.
«Добра, — людзі адказалі.—
О браты, мы вельмі рады,
Што здалёк да нас прыйшлі вы!»
Расказаў тады народу
Мудры госць, што быў прарокам
Белатварых чужаземцаў,
Аб святой Марыі Дзеве,
Аб яе славутым Сыне.
Расказаў, што ў час далёкі
Сын славуты жыў на свеце,
На зямлі, як мы сягоння;
Як пасціў ён, як маліўся;
Як яго ліхія людзі
Ашукалі і распялі,
Як, пакінуўшы пакутны
Крыж, узняўся ён на неба.
Людзі госцю адказалі:
«Мы твае пачулі словы,
Мы падумаць абяцаем
Аб тваім паведамленні.
О браты, мы вельмі рады,
Што здалёк сюды прыйшлі вы!»
Потым людзі паўставалі,
Па вігвамах разышліся,
Каб усім пра чужаземцаў
Расказаць, каб знала вёска,
Што гасцей прыслаў з Усходу
Уладар Жыцця з наказам.