Бацька ўсіх вятроў на свеце,
Ён сабе навек пакінуў
Кэйбіен, Заходні Вецер,
А сынам аддаў другія:
Вебану — Усходні Вецер,
Шавандазі — Вецер Поўдня;
А Паўночны люты Вецер —
Аддаваў Кабібаноку.
Малады, прыгожы Вебан!
Гэта ён нясе евітанне,
Гоніць стрэламі праменняў
Змрок начны з далін і ўзгоркаў
То яго чало і шчокі
Афарбованы зарою,
А прызыўны голас будзіць
Паляўнічага і звера.
Адзінокі ў небе Вебан!
Хай яму спявалі птушкі,
Хай яму на лузе кветкі
Пах духмяны разлівалі,
Хай яго прыход шумлівы
Сустракалі луг і рэчка,
Ды заўсёды сумаваў ён:
Адзінокі ў небе Вебан.
На зямлю глядзеў аднойчы
Рана ён, як вёска спала
I туман бяліў палотны;
I ў той час на ўсходзе сонца
Запрыкмеціў ён дзяўчыну,
Што хадзіла і збірала
I чарот і доўгі шпажнік
Па-над рэчкаю ў даліне.
З той хвіліны бачыў Вебан
Што ні дзень дзяўчыны вочы,
Як блакітныя азёры,
На яго яны глядзелі,
З ім чакаючы спаткання;
Пакахаў дзяўчыну Вебан:
Бо яна была самотнай
На зямлі, а ён — у небе.
Песціў сонечнай усмешкай
Ён каханую дзяўчыну,
Ціхім словам і ўздыханнем,
Ціхім спевам заляцаўся,
Ціхім шэптам дрэў вячыстых,
Кветак слодыччу духмянай.
Прытуліў пасля да сэрца,
Яркай чырванню ахутаў —
I дзяўчына задрыжала
На грудзях ягоных зоркай.
Так да нашых дзён у небе
Карагодзяць неразлучна:
Вебан, побач Вебан-Ананг —
Вебан і Світання Зорка.
Сярод айсбергаў спрадвечных,
Дзе труса, Вабаса, царства,
Лютай сцюжы панаванне,
Вецер жыў — Кабібанока.
Гэта ён увосень лісце
Размалёўвае старанна
Фарбай жоўтай і чырвонай,
Гэта ён нясе завеі,
Злосна ў лесе завывае,
Лёдам скоўвае азёры,
Вастракрылых чаек гоніць,
Гоніць чаплю і баклана
У далёкі цёплы вырай,
Дзе прытулак іх на ўзмор'і,
Там, дзе царства Шавандазі.
Выйшаў раз Кабібанока
З ледзяных сваіх палацаў,
Злосны, рынуўся на поўдзень
Па зямлі, скаванай сцюжай,
Валасы яго даўгія,
Зацярушаныя снегам,
Валакліся чорнай рэчкай —
Чорнай стужкаю зімовай.
На зямлі, скаванай сцюжай,
Зімаваць чырок застаўся,
Што цягаў балотам снежным
За сабою нізкі рыбы:
Жыў той Шынгебіс самотна
Без братоў сваіх, якія
Падаліся ў цёплы вырай.
Закрычаў Кабібанока
Гнеўна: «Хто сабе дазволіў
Пагарджаць Кабібанокам?
Хто ў маім застаўся царстве,
Калі Вава і Шух-шух-га,
Гусь здзічэлая і чапля,
Адляцелі ў цёплы вырай?
Я вігвам яго зруйную,
Я ачаг ягоны знішчу!»
I прыйшоў Кабібанока
На парог варожы ноччу.
Ён намёў сумётаў горы,
Выў ад злосці ў дымаходзе,
Трасучы шалёна дзверы.
Смелы Шынгебіс ніякай
Не звяртаў на гэта ўвагі.
Ён агонь свой забяспечыў
Харчаваннем — аж чатыры
Сухадрэвіны цяжкія,
Па адной — на кожны месяц,
А галодны страўнік — рыбай,
Сам жа, сыты і сагрэты,
Пеў ён: «О Кабібанока,
Ты — мой нудны спадарожнік!»
I тады Кабібанока
У жыллё ўварваўся злосна;
I хаця адчуў дыханне
Ледзяной зімовай сцюжы
Смелы Шынгебіс, ды гучна
Не пакінуў ён смяяцца;
Павярнуў палена толькі,
Каб ярчэй агонь успыхнуў,
Запалаў і заіскрыўся.
З твару, з кос Кабібанокі,
Зацярушаных завеяй,
Кроплі падалі на прысак,
Пакідалі наздраваты
След, як дождж у пыле цёплым,
З кос, нібы са стрэх вясною,
Кроплі падалі, тачылі
Прысак той, як дрэва шашаль.
Пераможаны пякельным
Тым агнём і раззлаваны
Спевам, выскачыў з вігвама
На прастор Кабібанока,
Цяжка тупаў па сумётах;
Дзе ішоў ён, там рабіўся
Пад нагамі снег цвярдзейшы,
На азёрах — лёд таўсцейшы,
Гучна клікаў, каб выходзіў
Дзёрзкі Шынгебіс з вігвама,
На заснежаным балоце
Пачынаў з ім бой адкрыты.