Выбрать главу
Выйшаў Шынгебіс з вігвама; З Ветрам Поўначы змагаўся Усю ноч ён на балоце, А пад раніцу дыханне Заняло ў Кабібанокі, Хватка лютая прапала, I пачаў ён на світанні У палац свой адыходзіць, Дзе труса, Вабаса, царства,— Сорам гнаў яго на Поўнач. Як сустрэў, так і праводзіў Дзёрзкі Шынгебіс асілка Песняй: «О Кабібанока, Ты — мой нудны спадарожнік!»
Шавандазі, тлусты, сонны, Жыў на поўдні, дзе ў дрымотным Бляску сонечных праменняў Увесь час пануе лета. Гэта з ласкі Шавандазі Шоша, ластаўка, вясною Прылятае, а таксама Гусі дзікія, Авейса, Сіваграк, і летам маем Мы тытунь ды вінаграду Гронкі з ласкі Шавандазі.
Дым, што з люлькі Шавандазі, Поўніць водарам паветра, На зямлю кладзецца парай, Цьмяным бляскам — на азёры, На абрысы гор — смугою, Ён у Месяц Лыж прыносіць У Паўночную Краіну Мяккай восені дыханне.
Бесклапотны Шавандазі! Толькі раз азмрочыў ценем Ён свой твар, тугою — сэрца: Неяк, гледзячы на поўнач, Ён убачыў сярод стэпу Адзінокую дзяўчыну, Адарвапь вачэй не мог ён Ад яе фігуры зграбнай. Быў на ёй убор зялёны I былі, як сонца, косы.
Дзень за днём глядзеў маўкліва Ён на косы залатыя, Уздыхаў, і сэрца шчырым Разгаралася каханнем Да пяшчотнае дзяўчыны. Але быў гультай заўзяты Бесклапотны Шавандазі, Тлусты, сонны, нерухомы: Уздыхаў, пайсці марудзіў Да каханай на спатканне, Толькі ўсё глядзеў на косы I на стан дзяўчыны прэрый.
Ды аднойчы на світанні Ён заўважыў, як змяніўся Твар дзяўчыны, як раптоўна Збляклі косы залатыя. «О мой брат з Краін Паўночных, Дзе труса, Вабаса, царства, Дзе ўладарыць Сівер Люты! Ты дзяўчыну ўкраў, якую Я лічыў сваёй каханай, Ты яе Паўночнай казкай, Казкай Сіверу прывабіў!»
Так няшчасны Шавандазі Хмаркам скардзіўся дарэмна, I блукаў спякотным стэпам Вецер Поўдня, поўны палкіх Уздыханняў Шавандазі, Ад якіх паплыў паветрам Белы пух, нібы сняжынкі. Так загінула дзяўчына Ад дыхання Шавандазі, А з вачэй яго навечна Зніклі косы залатыя.
Як ты жорстка памыліўся, Летуценнік Шавандазі! Ты ўздыхаў не па жанчыне, Ты глядзеў не на дзяўчыну, А на кветку-абдзіманку. Ты ўздыхаў па ёй сардэчна, З пачуццём такім гарачым, Што твой подых, быццам вецер, Па зямлі яе развеяў. Бедны, бедны, летуценнік!
Так магутны Мэджэківіс, Уладар вятроў, у небе Месца ўсім сынам акрэсліў, Удакладніў абавязкі; Так пакінуў Мэджэківіс За сабой Заходні Вецер.

III. Маленства Гаяваты

Неяк з месяца зляцела У далёкі час Накоміс — На зямлю красуня ўпала: Не дзяўчына, а жанчына, Хоць жанчына, а не маці.
Як з падружкамі сваімі Забаўлялася Накоміс, Калі гушкалі Накоміс Вінаградныя арэлі,— Іх падрэзала падступна Вераломная сяброўка; Вось тады на луг зялёны, Мускадэ, яна і ўпала — Бесклапотная красуня, Чорнай зайздрасці ахвяра. «Зорка вунь зляцела з неба! Зорка!» — людзі гаварылі.
Там, дзе папараць густая, Мяккі мох пад галавою, Там, дзе ціхую даліну Асвятлялі зоры, месяц, Разрадзілася Накоміс Першароднаю дачкою, Ёй імя дала — Венона, I ў даліне, як лілея, Расцвіла яе Венона: Стала гнуткай, стала зграбнай I прыгожаю, як месяц, I чароўнаю, як зоры.
I не раз дачку Венону Папярэджвала Накоміс: «Бойся ты, асцерагайся Мэджэківіса, Венона! Ты ягоных слоў не слухай, Не гуляй у лузе позна, Спаць у кветках не кладзіся, Каб цябе ён не пакрыўдзіў!»
Не паслухала Венона Мудрай матчынай парады. З шэптам хілячы дадолу Травы, кветкі лугавыя, Адшукаў Заходні Вецер, Мэджэківіс, адвячоркам У густой траве Венону, Спакушаў дзяўчыну словам Ён ласкавым і пяшчотным, Аж пакуль не нарадзіла Ашуканая Венона Сына смутку і кахання.