Выбрать главу
Так радзіўся Гаявата, Сын кахання, цуд прыроды; А пяшчотная Венона Ад бяды-тугі памерла, Бо каварны Мэджэківіс, Бессардэчны ашуканец, Назаўжды яе пакінуў.
Доўга-доўга галасіла Па сваёй дачцэ Накоміс: «О калі была б я мёртвай, Каб магла ляжаць з табою! Я ўжо выплакала вочы! Ваганомін, ваганомін!»
На ўзбярэжжы Гітчы Гумі, Каля Велічнага Мора У той час жыла Накоміс. За сцяной яе вігвама Дзень і ноч шумела нетра Цёмных хвой і елак змрочных, А з другога боку — мора Падступала да вігвама I, празрыстыя, шумелі Хвалі Велічнага Мора.
Там унука калыхала Шматпакутная Накоміс У калысцы, змайстраванай З ліпы, звязанай надзейна Лані моцным сухажыллем I засланай мяккім мохам, Калыхала і спявала: «Спі! А то мядзведзь пачуе! Люлі-люлі, мой савёнак! Што там свеціцца ў вігваме, Што за вочы-вачаняткі? Люлі-люлі, мой савёнак!»
Калыхала, гаварыла Пра начныя зоры ўнуку, Паказала хвост каметы — Ішкуду з касой агністай, Паказала каляровы Танец воінаў нябёсных, Іх блішчастых паліц ззянне Над Паўночнаю Краінай; Паказала серабрысты Шлях усіх нябёсных зданяў — Белы шлях на цёмным небе, Поўны прывідаў і ценяў.
Цёплым вечарам улетку Слухаў хлопчык на парозе Ціхі гоман хвой вячыстых, Слухаў ціхі плёскат хваляў, Гукі дзіўных слоў і песень: «Міні-вава!» — чуў у хвоях, «Мэдвэй-ошка! — чуў у хвалях.
Бачыў там ён Ва-ва-тэйзі, Светлячка, які лятае, Як агеньчык, свеціць свечкай Над кустамі, над травою; Ён спяваў паціху песню, Што Накоміс навучыла: «Ва-ва-тэйзі, светлячок мой! Светлячок, малая мушка, Светлячок, начны агеньчык, Пасвяці сваёю свечкай Перад тым, як спаць я лягу, Як свае заплюшчу вочкі!»
Бачыў, як над Гітчы Гумі Поўны месяц падымаўся, Бачыў цень на ім і плямы I пытаў: «Што там, Накоміс?»
I адказвала Накоміс: «Гэта воін раззлаваны Неяк раз схапіў бабульку I закінуў аж на месяц: Плямы, што на ім ты бачыш,— Гэта цела той бабулькі».
Прыкмячаў вясёлку ў небе Ён на ўсходзе і паціху Гаварыў: «Што там, Накоміс?» I адказвала Накоміс: «То дыван, сатканы небам,— Гэта кветкі ўсе лясныя I лілеі дзікіх прэрый, Што завянулі калісьці, Зноў у небе расцвітаюць».
Калі чуў ён крык савіны, Смех, выццё ў начных гушчарах, Дык палохаўся: «Што гэта? — Ён шаптаў.—Што там, Накоміс?» I адказвала Накоміс: «Гэта совы, Куку-Кугу — I нічога болыш — у лесе На сваёй гавораць мове!»
Так хлапчук, унук Накоміс, Навучаўся мове птушак, Знаў іх тайны, іх імёны: Як звіваюць гнёзды летам, Дзе зімой прытулак маюць; Размаўляў ён часта з імі, Зваў: «Мае вы птушаняткі!»
Вывучаў ён мову звера, Ад саміх звяроў дазнаўся, Як бабёр жытло будуе, Дзе вавёрка спраты мае, Што аленя робіць жвавым, А Вабаса палахлівым; Часта з імі Гаявата Размаўляў і зваў «братамі».
I вялікі знаўца казак — Самахвал вядомы, Ягу, Гаварун і валацуга, Верны друг старой Накоміс, Лук зрабіў для Гаяваты; Ягу з ясеню надзейны Лук зрабіў, а стрэлы — з дубу, Наканечнікі іх — з яшмы, Цеціву — са скуры лані.
I сказаў ён Гаяваце: «Ну, сынок, збірайся ў пушчу, Дзе аленяў ходзяць статкі, Застралі самца, што горда Носіць рогі, як галіны».
Гаявата лук і стрэлы Браў — і рушыў смела ў пушчу А вакол яго спявалі Птушкі, лётаючы ў дрэвах. «Не страляй нас, Гаявата!» — Так малінаўка спявала; Сіваграк, Авейса, ўторыў: «Не страляй нас, Гаявата!»
Ён ішоў, яго вавёрка, Аджыдома, выглядала I скакала па галінах, I прыцмоквала са смехам, I са смехам прымаўляла: «Не страляй, о Гаявата!»