I са сцежкі ўбок саскочыў
Трус бялявы і, на лапкі
Стаўшы заднія, прамовіў
Паляўнічаму малому
Жартаўліва і нясмела:
«Не страляй, о Гаявата!»
Іх не слухаў Гаявата,—
Нібы сонны, крочыў лесам,
Думаў толькі пра аленя,
У сляды яго ўглядаўся,
Што па сцежцы ўніз да рэчкі
Прывялі яго тым часам.
За алешынай густою
Дачакаўся ён аленя:
Меў ён рогі, як галіны,
Меў два вокі, як маланкі,
Дзве наздры, як подых буры;
Да ракі алень спускаўся,
Ад лістоў — у ценях-плямах,
I ад сонца — ў плямах светлых
Звера ўбачыўшы на сцежцы,
Наш стралок закалаціўся
Сам, як лёгкі ліст бярозы.
I, прыпаўшы на калена,
Ён нацэліўся ў аленя,
Ледзь крануў рукой галінку,
Як алень насцеражыўся,
Гучна тупнуў капытамі,
Скочыў, нібы ад удару,
Скочыў, быццам нечакана
На стралу нагой наткнуўся.
Як аса, страла звінела,
Як аса, ў яго ўпілася!
Мёртвы ўпаў ён каля броду;
Сэрца біцца перастала
У рагатага аленя;
А затое ў Гаяваты
Ледзь не выскачыла сэрца,
Як дамоў ён нёс здабычу;
Нёс, а Ягу і Накоміс
Гучна пляскалі ў далоні.
I пашыла плашч Накоміс
Паляўнічаму са скуры,
Для гасцей-суседзяў з мяса
Смачных страў нагатавала,
Частаваліся суседзі,
Гаявату называлі
Сон-джы-тэгэ! — хлопец дужы,
Ман-го-тэйзі! — малайчына.
IV. Гаявата I Мэджэківіс
Адышлі гады маленства,
Пасталеў наш Гаявата;
Паляўнічае майстэрства,
Гульні светлай маладосці
I дзядоў сівую мудрасць
Зразумеў ён, пасталеўшы.
Спрыту шмат у Гаяваты!
Як стралу запусціць з лука,
Следам ён бяжыць так хутка,
Што стралу пераганяе.
Сілы шмат у Гаяваты!
Лукам так сваім валодаў,
Што дзесятаю стралою
Мог дагнаць стралу, якую
З цецівы пускаў ён першай.
Меў ён сілы цудадзейнай
Рукавіцы, Мінджыкэван,
Мог у гэтых рукавіцах
Ён крышыць на часткі скалы.
Макасіны Гаяваты
Сілы поўны чарадзейнай:
Іх да ног прымацаваўшы,
Прывязаўшы рамянямі,
Мог рабіць па цэлай мілі
З кожным крокам Гаявата.
Пра бацькоў сваіх нярэдка
Ён распытваў у Накоміс;
Ад яе юнак дазнаўся,
Як згубіў Венону здрадай
Вераломны Мэджэківіс.
Запалала, быццам вугаль,
Сэрца ў грудзях Гаяваты.
Ён сказаў старой Накоміс:
«Я хачу пабачыць бацьку,
Я знайду яго ў тым царстве,
Перад брамамі якога
Вартай стаў Заходні Вецер».
Выпраўляўся ў шлях далёкі
Ён, нібы на паляванне;
Быў на ім убор багаты:
Галава ў арліных пер'ях,
Пояс — з вампума і пругкі
Лук, сагнуты цецівою,
Цецівою з сухажылля,
Стрэлы — зробленыя з дубу,
Наканечнікі іх — з яшмы,
Мінджыкэван, рукавіцы,
Захапіў з сабой і сілы
Цудадзейнай макасіны.
Гаварыла Гаяваце
Асцярожная Накоміс:
«Не хадзі ў той край далёкі,
Дзе ўладар — Заходні Вецер:
Там цябе каварствам знішчыць
Мэджэківіс вераломны!»
Толькі смелы Гаявата
Слоў не слухаў асцярожных,
Пакідаў вігвам, і кожны
Крок яго быў роўны мілі.
Лес яму здаваўся змрочным,
Неба — цёмным, а паветра
Спёкай дыхала пякельнай,
Дымам курнага балота,
Нібы ў час лясных пажараў,—
Гнеўна сэрца Гаяваты
Разгаралася, як вугаль.
Так на захад і на захад
Ён імчаў хутчэй аленя,
Абганяючы бізона,
Пераплыў ён Эсканаба,
Пераплыў ён Місісіпі,
Мінаваў ён Горы Прэрый,
Край Варон і хітрых Лісаў,
Пасяленні Чарнаногіх
I прыйшоў да Гор Скалістых,
Дзе жыве Заходні Вецер,
Дзе ўладарыць над вятрамі —
Над віхураю, над бурай —
Састарэлы Мэджэківіс.
З тайным страхам Гаявата
Перад бацькам прыпыніўся —
Валасы яго сівыя
Развяваліся ў паветры,
Быццам снег іскрысты, ззялі;
Ішкудой, каметай яркай,
Косы бацькі зіхацелі.