Выбрать главу

А маскавітам не было спраў да татарскіх перажыванняў.

— Узяць самастрэлы, — вярнула да звыклай справы самастрэльшчыкаў гучная каманда сотніка. — Зарадзіць самастрэлы. Шчыты адхіліць. Куркі спусціць.

Сотні стальных стрэл паляцелі наўздагон татарам, смяротна джалячы іх і іх коней. Паніка ўзнікла ў радах Таш-бека. Яны баяліся аднаго: атрымаць у спіну смяротны металічны дручок, і, не звяртаючы ўвагі на каманды камандзіраў, кінуліся прэч з пагорка. Па дарозе яны змялі лёгкую конніцу Кавергі. Гэтыя бедалагі ірваліся ў сечу, з нецярпеннем чакалі моманту, калі рынуцца ў бой, пачнуць высякаць маскавітаў. А большасць з іх загінула пад капытамі коней сваіх жа ратнікаў, адзінаверцаў. «Шайтан.» — павіс смяротны вокліч над лагерам любімца Мамая. Але ўжо нішто не магло спыніць лавіну ўцекачоў. Сярод татар узнікла паніка. Вузкі брод быў шчыльна забіты коннікамі. Многія з іх пад цяжарам брані танулі ў нешырокай рачулцы.

Толькі тумены Каструка не паддаліся паніцы, не кінуліся да рэчкі. Бывалы ваявода адразу зразумеў у якое небяспечнае становішча ён патрапіў з-за Таш-бека. Таму ён пачаў адводзіць сваіх ратнікаў у поле, далей ад Вожы. Адступаў ён арганізавана, адбіваючы флангавыя атакі, не дапускаючы ліцвінскую конніцу Андрэя Альгердавіча ў свой тыл.

А ля пераправы адбывалася немаведама што. Многія татарскія коннікі, кінуліся праз невялікую рэчку ўплаў, аднак, зразумеўшы, што супрацьлеглы бераг не мае дна, павярнулі назад. Але з берага на іх напірала новая маса ўцекачоў. Крыкі жаху, лаянка, конскае іржанне напоўнілі наваколле рэчкі. А палкі маскавітаў і воі Тахтамыша шчыльней прыціскалі татар да вады і бязлітасна іх высякалі.

Ніводны татарскі ваявода не выратаваўся. Усе, уключаючы мурзу Бегіча, або загінулі ад мяча маскавіта, або захліпнуліся ў рачной багне. І толькі ноч не дазволіла конніцы Баброк-Валынскага высячы татар пагалоўна. Невялікая іх частка ўсё ж выратавалася.

Узбуджаны відовішчам смерці і пахам крыві, вялікі князь маскоўскі Дзмітрый ірваўся ў самую гушчу сечы. У пакамечаным, акрываўленым панцыры, змяніўшы чарговага каня, ён з шалёным бляскам у вачах кідаўся на ворага, сек, не даваў нікому літасці. Ён бачыў, што яго раці перамаглі, разумеў, што трэба спыніцца, аднак ніяк не мог утаймаваць у сабе прыхаванай лютасці да татар, якія больш за стагоддзе трымалі ягоны род у палоне страху. Ён і не хацеў спыняцца. Дзмітрый сек, сек, сек. З кожным выдыхам ён высякаў у сабе той старадаўні жах, тое халуйскае, рабскае, што паспела прарасці нябачнымі карэньчыкамі ў душах многіх яго падданых, ды і ў ім самім. І, напэўна, калі б Брэнка не перахапіў яго каня, то Дзмітрый кінуўся б і ў пераслед уцякаючых ворагаў. Аднак...

4

— Уставай, соня! — нехта ўпарта трос мяне за плячо. — Уставай, інакш спознішся на працу!

— Якая праца, — квола, канчаткова не адышоўшы ад сну, запярэчыў я, — сёння ж субота!

— Ну і што. У цябе факультатыў у дзявятым класе.

І праўда, у суботу ў мяне ў дзявятым класе факультатыў па гісторыі. Трэба падымацца. Шкада толькі, што жонка разбудзіла так рана. Пачакала б крышачку, дала б дагледзець сон. Проста цікава, ці застаўся жывым Цімоха? І хаця я ведаў, што ў сечы ля Вожы згуба маскавітаў была невялікай, каля трох соцень воінаў, але ўсё ж было шкада, што жонка не дала дагледзець сон да канца.

Трэба ўставаць.

Я расплюшчыў вочы, паглядзеў на гадзіннік: не было і васьмі. І навошта мне падымацца так рана? Факультатыў пачнецца ў адзінаццаць гадзін, а дарога да школы займае не больш як дваццаць хвілін пешкі.

Я ўстаў, прывёў сябе ў парадак і, па-звычцы, пацягнуўся на кухню, бо такі рэжым ужо закасцянеў за дваццаць пяць гадоў сямейнага жыцця. Ён мне падабаўся і я ніколі не думаў мяняць яго нават у дробязях.

Са сваёй жонкай я пазнаёміўся ў далёкія студэнцкія гады. Я, дваццаціпяцігадовы выпускнік універсітэта і яна — маладзенькая першакурсніца. За маімі плячыма была служба ў радах Савецкай Арміі, які-ніякі жыццёвы вопыт. За яе ж — сярэдняя школа ў далёкім пасёлку на поўначы Віцебскай вобласці.

А злучыла нас банальная спрэчка. Такія дыспуты між студэнтамі часта ўзнікалі на нашым гістарычным факультэце. Здаралася, што яны працягваліся і на перапынках, перацякалі нават у сталоўку. Справа ў тым, што адну і тую ж гістарычную падзею кожны можа трактаваць па-свойму, зыходзячы з уласнага бачання гістарычнай перспектывы, уласнага адчування нацыянальнай годнасці ці веравызначэння. Да боек такія дыспуты не даходзілі, аднак, здаралася, апаненты разыходзіліся ворагамі.

У той дзень сярод студэнтаў нашай групы ўзнікла спрэчка наконт смерці караля Польшчы і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя. Адны, у тым ліку і я даказвалі, што ён памёр сваёй смерцю з-за хворых нырак. Другія — што яго атруцілі. Прычым, другія, не хацелі нават слухаць ні пра паказанні яго лекараў Міколы Бучэла і Сімонія, ні пра заключэнне, зробленае па выніках медыцынскага ўскрыцця цела памерлага, ні пра пісьмовае апісанне хваробы караля, якое зрабіў Сімоній па парадзе літоўскага надворнага маршалка Радзівіла. Такія доказы супрацьлеглы бок лічыў дробяззю, не вартай увагі. А вось Мікалай Карамзін, расійскі гісторык выклікаў у іх шчымлівае трымценне. А ён некалі пісаў: «Стэфан Баторый быў адным з найбольш знакамітых манархаў свету, адным з самых небяспечных ворагаў Расіі, чыя смерць больш нас пацешыла, чым дзяржаве, у якой ён панаваў, смутку прынесла...» Вось гэта доказ! Забойны. Яскравы. А калі да слоў Карамзіна дадаць трынаццаць прыкмет, што сведчаць пра атручванне і якія апісаў лекар Шэўрынг, то атрымліваецца цэласны і яскравы малюнак: Баторыя атруцілі па замове магутных пратэстанцкіх колаў Кароны і Літвы, якія баяліся ўзмацнення каталіцызму пасля заваёвы ім Масковіі. Менавіта пра гэта даводзіў мой сябар Кастусь. Я ўжо з ім не спрачаўся, стаміўся. Уважліва вывучаў кошты ў меню студэнцкай сталоўкі і думаў толькі пра тое: ці хопіць у мяне грошай разлічыцца за яшчэ адну шклянку смятаны. А Косця не адступаў, усё даказваў сваю праўду.

— Ды атруцілі Баторыя, вы маеце рацыю, — раптоўна падтрымала яго дзяўчо, што стаяла перада мной у чарзе. — Я пра гэта яшчэ са школы памятаю.

Я прамаўчаў. Заціх і збіты з панталыку сябар.

Так адбылося наша першае знаёмства.

Другі раз я сустрэў сваю жонку на Навагодняй дыскатэцы. Я запрасіў яе на танец, яна не адмовіла. Тады і даведаўся, што завуць яе Насця, што родам яна з Віцебскай вобласці, што толькі ў гэтым годзе паступіла на гістарычны факультэт. Я нагадаў ёй пра нашу першую сустрэчу ў сталоўцы, пра яе словы ў падтрымку версіі атручэння Стэфана Баторыя. Яна засмяялася:

— А цябе я памятаю яшчэ з верасня, калі ты з сябрамі, прыязджаў у вёску, дзе мы ўсёй групай капалі бульбу, на танцы.

Я сумеўся:

— Не памятаю. Пэўна, быў на падпітку. Інакш такую прыгажуню не прапусціў бы.

— Ну, у адрозненне ад сяброў, ты быў цвярозы... А пра смерць Баторыя скажу наступнае: яго атруцілі. Але атруцілі не ворагі, а ўласныя хворыя ныркі. Яго арганізм не мог да бясконцасці змагацца з атрутнымі прадуктамі абмену рэчываў. Магчыма, калі б ён быў на дыеце і не піў куфлямі моцнае венгерскае віно, то яшчэ працягнуў бы год-другі. А так.

Хіба пасля такога адказу я мог застацца абыякавым да Насці? Вось я і не ўтрымаўся, пра што, скажу шчыра, ніколі не шкадаваў і, спадяюся, не пашкадую ў далейшым.

Насця на шэсць гадоў маладзейшая за мяне. Невысокая, хударлявая, бы ваўчок, рухавая, з вялікімі блакітнымі вачыма. Яна не паходзіла на прынцэсу з дзіцячых казак, яе нават прыгожай назваць было нельга. Рысы твару, як і ў большасці хударлявых жанчын, былі дробнымі, рэзка акрэсленымі. Прамы нос, тонкая, дзіцячая шыя, невялікія, крыху адтапыраныя вушы. Яна была па-вясковаму простай ды шчырай, не саромелася адкрыта выказваць свае пачуцці, як гэта робяць многія правінцыйныя дзяўчаты. Насця нічым не адрознівалася ад іншых жанчын, аднак, менавіта за гэтую прастату і шчырасць я і пакахаў яе. І якое ж гэта шчасце вось ужо чвэрць стагоддзя аддаваць ёй усё сваё жыццё!