5
У школу прыйшоў апалове адзінаццатай. У настаўніцкай пуста — субота ж! Цішыню парушалі толькі гукі спрэчкі, што даносіліся з кабінета дырэктара. Галасы гучалі мужчынскія. Я не стаў прыслухоўвацца да іх — склочніцкі характар дырэктара мне добра вядомы. Не хацелася чарговы раз трапляць пад яго раздачу, псаваць суботні настрой.
Я дастаў план занятка, яшчэ раз прагледзеў этапы яго правядзення, выйшаў у калідор. Амаль тут жа за мной выскачыў і настаўнік фізічнай культуры Юрый Васільевіч. Ён кіпеў. «Тваю маці! — выпускаў фізрук пару разам з лаянкай. — Футбол яму не падабаецца. Бачыш — неэстэтычна! Яму падавай бадмінтон! Эстэт! — Васільевіч заўважыў мяне, спыніўся. — Слухай, Рыгоравіч, — ён жалезным поціскам абхапіў маю руку, — а пайшлі да мяне ў інвентарную. Стрэс трэба зняць пасля размовы з гэтым ёлупнем». — «Урок у мяне, — адмовіўся я. — Дзеці ж адразу заўважаць». — «Дзеці заўважаць, — сумна пагадзіўся ён і адпусціў маю руку. — Яны ўсё заўважаюць і, павер мне, ведаюць паболей нашага».
Праводзіўшы фізрука да спартыўнай залы, я вярнуўся ў настаўніцкую. Там было ціха і пуста, толькі тэхнічка працірала кветкі і нешта шэптам ім распавядала. Я павітаўся. Жанчына спалохана сцялася, аднак, убачыўшы, што гэта я, а не дырэктар, расслабілася, павіталася ў адказ. «А дзе шэф?» — хітнуў я на кабінет дырэктара. — «Толькі што некуды выйшаў, — быццам страшэнны сакрэт прашаптала яна і, азірнуўшыся на дзверы, дадала: — Злосны!»
Мяне зусім не цікавілі ўнутраныя перажыванні дырэктара школы. Ён мяне не чапаў, і я стараўся не абвастраць з ім адносін. Маладзейшыя настаўнікі недалюблівалі кіраўніка за яго мармуровую закасцянеласць, часта пасмейваліся з гэтага, а мне шкада было, сапсаванага савецкай ідэалогіяй, чалавека. Ён, пэўна, быў нядрэнны сем’янін. Пэўна, меў дзяцей, а, магчыма, і ўнукаў. Аднак у сваё асабістае жыццё ён нікога не пускаў і больш за ўсё не любіў, калі яго віншавалі з днём нараджэння.
Я ўзяў класны журнал і накіраваўся да кабінета гісторыі.
Адчыніўшы дзверы ў клас, я на імгненне спыніўся. Вучні дружна, бы па камандзе, падскочылі з месцаў і застылі ў маўклівым чаканні. Мяне гэта здзівіла, бо звычайна, калі я прыходзіў у 9 «А», мяне сустракала не цішыня. Падавалася, што толькі з маім прыходам дзеці прачыналіся і пачыналі рыхтавацца да ўрока: адны шукалі ў партфелях патрэбныя сшыткі і атласы, другія нервова гарталі старонкі падручніка, трэція, бы малітвы, паўтаралі даты і нязвыклыя прозвішчы гістарычных асоб. Нават Кірыл, які ў знак прывітання толькі прыўставаў над стулам, цяпер стаяў побач з партай выцягнуўшыся ў струнку. «Нешта здарылася, — падумаў я, кладучы на настаўніцкі стол журнал. Пэўна, зноў разбілі кветкавы гаршчок ці зламалі яшчэ адну лінейку!» Але я памыліўся. На апошняй парце, ля самай сцяны, сядзеў дырэктар школы і са здзеклівай усмешкай назіраў за маёй разгубленасцю. «Мог бы і папярэдзіць, — зразумеў я прычыну нязвыклай цішыні і, усміхнуўшыся вучням, хітнуў галавой: — Добры дзень, дзеці. Сядайце».
Урок пачаўся.
— Сёння пагаворым пра Кулікоўскую бітву, падрабязна разбяром яе этапы, разгледзім ролю кожнага з вядомых ваявод. Пастараемся быць аб’ектыўнымі і непрадузятымі, — з першых слоў я забыўся пра дырэктара і назіраў толькі за тварамі вучняў. Я бачыў, як весела загарэліся вочы Кірыла, як знікла напружаннасць у паводзінах Карыны і Любы, як нахілілася да парты Ліза, як абапёрся на спінку стула Руслан. Усе ўважліва слухалі мой аповед і, як і я, забыліся пра старонняга на ўроку чалавека. — Дык вось, мы з вамі спынімся на левым беразе Дона, насупраць прытока Няпрадвы. Хутка я так захапіўся, што забыўся пра ўсё на свеце. Я быў там, у мінулым, на полі Куліковым. Я ўвачавідкі назіраў за ходам крывавай бітвы і разам з Цімохам адбіваў шалёныя атакі закаваных у стальную браню тэўтонскіх рыцараў ды французскіх тампліераў.
Вялікая стрэлка гадзінніка няўмольна адлічвала хвіліны ўрока. Дзеці сядзелі і слухалі, бы зачараваныя. Дырэктар таксама ўважліва слухаў і толькі час ад часу рабіў нейкія запісы ў сваім нататніку.
— ...уявіце сабе такі малюнак: раптоўна Дон ажыў. Тысячы барадатых сялян хто на лодках, хто на плытах, сёй-той на бярвёнах кінуліся да месца сечы. Адны сталі збіраць і перавязваць параненых маскавітаў, другія здзіралі з забітых каштоўную вопратку і даспехі, трэція лавілі коней ды збіралі зброю, чацвёртыя несліся ў лагер Мамая, каб там пажывіцца. Аднак усе яны рабілі і яшчэ адну брудную, але патрэбную справу: дабівалі параненых татар.
Княжы пасцельнічы Міхал Брэнк, які быў пераапрануты ў адзенне і даспехі вялікага князя, загінуў. Самога Дзмітрыя знайшлі выпадкова, калі адзін з сялян паспрабаваў сцягнуць браню з параненага ратніка, той застагнаў і назваўся. Селянін перапалохаўся, паклікаў князя Уладзімірскага, які пазнаў у параненым вялікага князя.
Вынікі бітвы даўно падведзены гісторыкамі, яны ёсць у вашых падручніках. Скажу адно — з усяго былога савета пры вялікім князе Дзмітрыі ў жывых застаўся толькі Баброк. Нават стары Фёдар Тарускі загінуў. Больш як палова маскоўскіх князёў склала свае галовы на полі Куліковым.
Я змоўк, сам перажываючы за такую вялікую ахвяру, што паклалі маскавіты на алтар перамогі. Нейкі час, ашаломленыя пачутым, маўчалі і дзеці.
— А ці можа стацца так, што гэта бітва — звычайны міжсабойчык татарскіх ханаў, дзе больш каварны Тахтамыш рукамі маскавітаў знішчыў свайго заклятага ворага Мамая? — ціха, быццам сам у сябе, запытаўся Кірыл.
Пытанне было простае, але настолькі нечаканае, што я сумеўся: «Няўжо з майго расповеду вучні зрабілі такі вынік?» Я нават разгубіўся, бо не ведаў адказу на гэтае пытанне. У гістарычнай навуцы да гэтага часу не існуе адзінай думкі наконт значнасці для Масковіі перамогі на Куліковым полі. І што гэта было: несвоечасовая спроба маскавітаў зажыць асобнай дзяржавай, вызваліцца ад татарскай залежнасці ці звычайная сварка татарскіх ханаў. Нават у сталінскія часы, калі гісторыя пісалася пад пільным кантролем цэнзуры, дзіўныя абставіны Кулікоўскай бітвы выклікалі актыўныя спрэчкі, параджаючы самыя неверагодныя гіпотэзы. Што тады казаць пра сягонняшні час? Таму я шчыра прызнаўся:
— На тваё пытанне, Кірыл, пакуль няма адназначнага адказу. Не хапае летапісных доказаў, а тыя, якія ёсць, часта няпоўныя, супярэчлівыя, заснаваныя на эмоцыях аўтараў.
Хлопчык згодна хітнуў галавой і зноў запытаўся:
— Вы назвалі Перасвета ратнікам, а ў падручніку напісана, што ён быў манахам.
— Я не памыліўся, што інака Аляксандра Перасвета назваў віцезем. Раней ён зваўся Дзмітрыем Бранскім, быў тысячнікам у маскоўскім войску, і пры ганебным збіцці татарамі маскавітаў на рацэ П’яне пакляўся, што, калі выжыве, то аддасць сваё жыццё без астачы Богу. Бог захаваў жыццё смеламу баярыну і той пастрыгся ў манахі Троіцка-Сергіева манастыра, атрымаўшы новае імя Аляксандра Перасвета. Ён умеў трымаць у руках і меч, і дзіду. Гэтага не ведаў татарскі батыр Цемір-мурза, за што і заплаціў сваім жыццём.
— А чаму Данскім назвалі князя Дзмітрыя, а не князя Баброк-Валынскага? Дзмітрый жа не кіраваў маскоўскім войскам, а проста, бы звычайны воін, секся з татарамі! — мілагучным дзявочым галаском прагучала наступнае пытанне.
— Ты, Карына, у нечым маеш рацыю. Розныя гісторыкі па-рознаму тлумачаць рашэнне вялікага князя ісці ў бой у даспехах звычайнага ратніка. Адны сцвяржаюць, што сваім учынкам Дзмітрый натхніў маскоўскую раць на перамогу, стаў для яе ўзорам мужнасці і непахіснасці. Другія кажуць, што вялікі князь усё роўна ніякай ролі ў зыходзе бітвы не адыграў, бо войскам і кіраваў Баброк-Валынскі. Ёсць і такія, хто ў яго ўчынку бачаць звычайную маладушнасць ці, нават, палахлівасць. Скажу адно, нас сапсавалі і сёння працягваюць тлуміць мазгі разуменнем ролі Дзмітрыя, бо справа зусім не ў ім. Залатая Арда на вачах слабела, а таму сярод яе заходніх улусаў павінен быў з’явіцца цэнтр, вакол якога пачалі б збірацца ўсе тыя, хто не жадаў плаціць хабар татарам, хто сам хацеў уладарыць і абкладваць суседзяў данінай. Такім цэнтрам стала Масква. Яшчэ хітры і сквапны Каліта зразумеў гэта і рабіў усё магчымае, каб іншыя князі цягнуліся да Масквы, каб ідалам, сімвалам моцы стала менавіта Масква, а не Уладзімір. Таму і слава даставалася сімвалу-ідалу, а не тым, хто яе здабываў. Таму і легенды складаліся ў першую чаргу пра ідала, і песні спяваліся пра яго, і быліны складваліся.