Выбрать главу

— Атрымліваецца, што князь Дзмітрый быў звычайнай лялькай у руках сваіх баяр?

— Не, Дзмітрый быў смелым воем, далёка не дурнем, у меру справядлівым. Ён не жадаў весці фінансавыя справы, не любіў кіраваць. Вось чаму за яго кіраваў савет з князёў і баяр, і добра, калі ў яго ўваходзілі разумныя людзі. А калі туды трапляла пара-другая недалёкіх людзей, тады чакай бяды!

— А я недзе чытала, што Дзмітрый Данскі спалохаўся бунту маскоўскіх полаўцаў і ўцёк з Масквы, а яго за гэта ледзьве не забілі свае ж маскавіты, — уступіла ў гутарку Ліза. — Ці было такое?

Я зірнуў на гадзіннік — да заканчэння ўрока заставалася каля трох хвілін, таму яшчэ паспею адказаць на гэтае пытанне. Адначасова крайком вока я заўважыў, якім нядобрым, нават злосным, позіркам глядзеў у спіну дзяўчынкі дырэктар школы. Аднак я не стаў маніць і дыпламатычна загаворваць гэтае пытанне.

— Людзі па-рознаму адносяцца да сваіх лідараў. Кагосьці любяць, на другіх пазіраюць з пагардай, да трэціх ставяцца абыякава, бы да нейкай непазбежнасці... Так, быў у жыцці Дзмітрыя ганебны момант, калі ён ратаваў сваё жыццё ўцёкамі з Масквы ў Кастраму. Па дарозе ён са сваёй сям’ёй і дружынай праязджаў праз Мурам. Вось жыхары гэтага горада і адмовілі князю ў прытулку, кідалі на яго смецце, абвінавачвалі ў здрадзе і палахлівасці. А ягоную жонку Аўдоццю Дзмітрыеўну ды дзяцей наогул распранулі дагала і княжай дружыне ледзь удалося іх адбіць у раз’юшанага натоўпу... Так сведчаць летапісы.

— Атрымліваецца, што перамога маскавітаў на Кулікоўскім полі была зведзена да нуля чалавекам, якога гісторыя ўхваляе нібыта святога?

Празвінеў званок, аднак ніхто: ні вучні, ні дырэктар школы не падняліся з-за сталоў, чакалі майго адказу.

— Хто яго ведае, якім шляхам пачала б развівацца Маскоўская дзяржава, калі б не было гэтай перамогі. Урэшце Залатая Арда развалілася і з часам большая частка яе абшараў адышла да Масквы. Усё ў свеце зменлівае.

— А, можа, гэта Залатая Арда, са сваімі законамі, звычаямі і абрадамі, трансфарміравалася і пераўтварылася б у Маскоўскае княства? — не здаваўся Кірыл, чым давёў да белага шаленства дырэктара школы.

Я бачыў, што хлопчык гатоў спрачацца да бясконцасці, што мноства пытанняў і, пэўна, вострых, ледзьве месціцца ў яго разумнай галаве. Спрэчка са мной пры носіла яму асалоду, магчыма, усведамленне ўласнай значнасці перад дзяўчынкамі. Я паспрабаваў некалькі прытушыць ягоны запал, ветліва ўсміхнуўся, пастукаў па шкельцу гадзінніка і развёў рукі:

— Факультатыў закончаны. Да пабачэння.

6

Дырэктар чакаў мяне ў настаўніцкай.

— М-да, паважаны Міхаіл Рыгоравіч! — расцягваючы словы і хаваючы ад мяне свой позірк, прамовіў ён. — Не думаў я, што вы такой бачыце старажытную расійскую гісторыю... Чуў, што яе крэмзалі і перабельвалі апрычнікі Кацярыны ІІ, падганялі пад пэўных асоб, але ж не настолькі і не так нахабна, як вы!

Я маўчаў. Што мог адказаць чалавеку, якога выхоўвала не сям’я, а партыя бальшавікоў? Ці мела сэнс спрачацца з чалавекам, які лічыў сябе добрым знаўцам гісторыі, бо некалі выкладаў у мяцовым тэхнікуме гісторыю КПСС, потым доўгі час працаваў другім сакратаром райкама партыі, а з выхадам на пенсію ўзначаліў школу? Таму я маўчаў і толькі краем вуха слухаў яго павучанні. Аднак словы: «Сёння гісторыя самы небяспечны прадмет і з ёй трэба быць вельмі і вельмі асцярожным» мяне вярнулі да рэчаіснасці Тут я быў з ім часткова згодны.

— Што вы маўчыце? Скажыце што-небудзь у сваё апраўданне! На ўроку так маляўніча і красамоўна апаганьвалі гераічную мінуўшчыну нашых братоў расіян, а тут маўчыце, бы вады ў рот набралі!

Я паставіў на месца класны журнал, паспрабаваў злавіць позірк субяседніка. Аднак той чамусьці настойліва адводзіў вочы і гэта мяне забаўляла. «Або няўпэўнены ў сваёй праваце, або баіцца маіх адказаў, не хоча чуць праўды!»

— Не такія ўжо і браты нам расіяне. Аднак, паважаны Валерый Іванавіч, я не збіраюся ні ў чым перад вамі апраўдвацца. Я люблю гісторыю, як сур’ёзную навуку. Ніколі не маніў і не збіраюся падманваць дзяцей. Ім я выкладаю факты, а вывады няхай робяць самі.

— Чуў я, якія вывады яны робяць на вашых уроках, — урэшце дырэктар школы ахінуў мяне сваім ліпучым, халодным позіркам. — А як па Кірылу, дык па ім ужо турма плача. Мы з вамі жывём у грамадстве, дзе ўсе людзі павінны імкнуцца да адной мэты: пабудове моцнай, квітнеючай, савецкай дзяржавы. Яны могуць думаць па-рознаму, я гэта дапускаю, але да мэты павінны ісці адным шляхам, у адным накірунку, разам з усімі. Яны абавязаны аддаць усё дзеля дасягнення агульнай мэты, і наша гісторыя павінна дапамагаць ім у гэтым.Таму мы абавязаны стварыць новую гістарычную памяць народа, дашчэнту выкінуць з яе ўспаміны пра тое, што адбывалася пры царах і капіталістах, што зняпраўджвае ідэі нашага кіраўніцтва. Скажыце, навошта рабацягам ды іх дзецям ведаць падрабязнасці пра далёкую мінуўшчыну, усіх гэтых Альгердаў і Вітаўтаў? Хай лепш дбаюць пра сапраўднае і мараць пра свой дабрабыт і сваю сытую будучыню!

Я сумеўся. Не думаў, што камуністычная карозія настолькі раз’ела мозг гэтага немаладога чалавека. Я агледзеўся па баках: ці не ўстаноўлены тут дзе-небудзь мікрафоны, бо не паверыў, што разважлівы чалавек на поўным сур’ёзе можа несці такую ахінею. Так і не заўважыўшы нічога падазронага, я адказаў:

— А я думаю, што гісторыю нельга скажаць дзеля ідэі. Гэта навука, якую павінен ведаць кожны з нас, каб не паўтараць памылкі, дапушчаныя нашымі продкамі, каб зноў і зноў не наступаць на тыя знакамітыя граблі.

— Ладна, — дырэктар стомлена адмахнуўся ад мяне. — Бачу, што вы мяне не разумееце ці не хочаце зразумець. Таму працягнем нашу гутарку ў панядзелак, на нарадзе пасля ўрокаў.

Унутры мяне ўсё клакатала, аднак я стрымаўся і як мага спакайней развітаўся:

— Усяго добрага.

Калі выйшаў у школьны калідор, я прыгадаў фізрука і ледзь, як і ён, не вылаяўся. Мацюкі амаль не апаганілі мае вусны, але я стрымаў сябе.

Ногі самі прывялі мяне ў спартыўную залу. Юрый Васільевіч акінуў мяне акаселым позіркам і з разуменнем прамовіў:

— З дырэктарам размаўляў, бачу, — ён на два павароты ключа зачыніў дзверы, хітнуў на пакойчык, дзе захоўваўся спартыўны інвентар: — Прашу.

Аднекуль з-за шафы фізрук выцягнуў пачатую пляшку, трасянуў яе, паглядзеў на этыкетку, па складах прачытаў назву. «Грузінскі каньяк нервы супакойвае добра. Праверыў».

У мяне знайшоўся кавалак пліткі горкага шакаладу і пад такую закуску мы, не спяшаючыся, дапілі напой, які на самай справе аказаўся не такім ужо і дрэнным...

Дадому я вярнуўся надвячоркам. Насця яшчэ не прыйшла з працы, яна рабіла навуковым супрацоўнікам у краязнаўчым музеі, таму павячэраў на хуткую руку і з кніжкай узваліўся на канапу.

7

Дваццаць пятага жніўня 1382 года было звычайным, нічым не адметным у прыродзе днём. Як і належыць у жніўні, з раніцы над ракой завіс густы туман. Паступова ён падняўся вышэй, запоўніў брудныя і крывыя гарадскія вулачкі, дробнымі кропелькамі расы асеў на панцырах і зброі маскоўскіх ратнікаў. З узыходам сонца гэтыя кропелькі зазіхацелі каштоўнымі камянямі, але да іх прыгожага ззяння нікому не было справы, бо пад сценамі горада ўжо два дні тапталася татарская Арда. Саюзнік Дзмітрыя Іванавіча Тахтамыш прыйшоў да Масквы, каб жорстка пакараць маскоўскіх полаўцаў, якія паднялі бунт супраць свайго ўладара, вялікага князя.

Цімоха стаяў на крэпасной сцяне і праз байніцу глядзеў на татарскае войска. Ягоная сотня адказвала за прамежак паміж Спаскай і Крамлёўскай вежамі. Сам ваявода Асцей нядаўна зацвердзіў Цімоху на пасадзе сотніка і былы каваль вельмі ганарыўся гэтым. Ён зусім не хваляваўся, бо ўжо біў татар на рацэ Вожы, і на Кулікоўскім полі. Ведаў, што тыя смелыя толькі ў пераважнай большасці, а пры першых прыкметах небяспекі адразу кідаюцца ўцякаць. Цяпер жа пад сценамі Масквы татар было намнога болей, чым абаронцаў. У тым, што яны пойдуць на прыступ, маскавіт ніколькі не сумняваўся. «Шкада, што ў мяне многа пасадскіх людзей і я не паспеў як след навучыць іх ратнай справе. Але ж за свае папаленыя двары яны будуць помсціць люта».