Выбрать главу

Пасля ўзыходу сонца татарскі стан зашавяліўся, а пасля непрацяглай малітвы, з енкам і падвываннем, людская маса ў рознакаляровых апратках пакацілася на прыступ.

— Пасцеражыся, — на ўсе лёгкія выгукнуў каманду Цімоха. — Усім ад байніц. Лучнікам страляць усляпую.

Тысячы варожых стрэл абрынуліся на крэпасныя сцены, зацокалі па бярвёнах, вылушчваючы з іх трэскі. І адразу ж насупраць байніц загрукаталі цяжкія штурмавыя лесвіцы, а на іх, з крывымі шаблямі і крукамі, паказаліся татары.

— Бі, сячы, — не разгубіўся Цімоха і, выхапіўшы з похваў свой меч, у адной кальчузе, без шчыта, кінуўся сустракаць захопнікаў.

Першаму татарыну ён знёс галаву, другога — распалавініў да пояса. Трэці аказаўся лаўчэйшым, аднак і ён не змог адбіць Цімохавых удараў і хутка зваліўся ў крэпасны роў.

— Кідай бярвёны, лі вар, — выкрыкваў сотнік каманды і, не звяртаючы ўвагі на варожыя стрэлы, сек нападаючых. Ён верыў, што падначаленыя не аслухацца яго, таму і не азіраўся, быў спакойны за сваю спіну.

Бойка закіпала. Плячом да пляча з Цімохам секся яго сусед і сябра па кавальскім цэху Сава. Акрываўлены з ног да галавы, ён шчыраваў баявой сякерай і вакол яго байніцы ўжо валялася груда знявечаных татар. Бярвёны, каменне, дроцікі і стрэлы ляцелі ў ворагаў. Тысячы стрэл сыпаліся з татарскага боку на абаронцаў, і многія з іх знаходзілі сваю ахвяру. Загінулых, сваіх і чужых, выкідвалі за крэпасную сцяну — няхай у апошні раз паслужаць праўдзівай справе.

Да вечара працягвалася бязлітасная сеча. Малады князь Асцей прысылаў на сцены падмацаванне, зброю, смалу і каменне. Сам з’яўляўся на небяспечных участках і ўласным прыкладам падмацоўваў веру ў перамогу. Абаронцы без жалю забіралі чужыя жыцці, без шкадавання аддавалі свае.

Участак сцяны, які бараніла сотня Цімохі, быў шчыльна заваленыны целамі татар. Іх не паспявалі скідваць, таму тапталіся па іх, не зважаючы, хто пад нагамі, — мёртвы ці паранены. З наступленнем вечара татары адкацілі ад крэпасці. Звон сталі сціх, але жудасныя стогны, выццё і крыкі паміраючых пад сценамі даносіліся да слыху абаронцаў да самай раніцы.

А з узыходам сонца пачаўся чарговы прыступ і паўтарылася тое ж самае. Татары лезлі на сцены, абаронцы іх секлі і скідвалі на груды ўжо акалелых за ноч трупаў. Тахтамыш глядзеў на гэтае смертазабойства, бачыў яго бессэнсоўнасць і разумеў: крэпасць яму не ўзяць. Не той ужо маскавіт, што быў дзесяць гадоў таму! Не той ваявода кіруе яе абаронай! Знікае страх у людзей паспалітых перад татарскай сілай! Застаецца адзінае выйсце: прымяніць зброю, якая ламала і не такія цвярдыні — подкуп, падман, хітрасць. Гэта подла, дорага, несправядліва, аднак, эфектыўна!

Тахтамыш па чарзе агледзеў твары сваіх дарадцаў і ваяводаў. «Ну і ад’еліся, — з пагардай падумаў ён пра суайчыннікаў. — З кім прыходзіцца ваяваць! Яны ж мяне ў піяле з кумысам утапіць гатовы!»

— Паклічце сюды князя Сямёна! Тэрмінова! — услых загадаў ён, а пра сябе падумаў: — Няхай, сабака, адпрацоўвае нашу да яго ласку.

Раніцай дваццаць сёмага жніўня ад татарскага стана да абаронцаў крэпасці данесліся рэзкія гукі труб. Гэта было нешта незвычайнае, таму не толькі ратнікі, але і ваяводы высыпалі на сцены.

Ля галоўных варот у суправаджэнні пяці коннікаў пад белым сцягам таптаўся былы дарадца Дзмітрыя Данскога, родны брат вялікай княгіні, князь Сямён Наўгародскі.

— Што табе трэба, здраднік? — неслася са сцен крэпасці. — Сыходзь адсюль, пакуль не атрымаў стралу ў грудзі!

Аднак князь Наўгародскі ніяк не рэагаваў на лаянку ў свой адрас, ведаў, што яго надзейна бароніць не столькі белы сцяг, колькі прастата і даверлівасць маскавітаў.

— Паклічце князя Цвярскога, — некалькі разоў крыкнуў ён абаронцам і, калі князь паказаўся на сцяне, гучна, каб чулі ўсе, дадаў: — Я ад вялікага князя Дзмітрыя Данскога з граматай.

На сценах крэпасці пачалася мітусня. Абаронцы адразу пранікліся сімпатыяй да таго, каго нядаўна называлі здраднікам.

— Адчыніце вароты, прапусціце князя Сямёна.

Вароты адчынілі і князь Наўгародскі разам са сваім суправаджэннем уехаў на крэпасны двор.

Хутка Асцею перадалі дзве граматы: ад вялікага князя Дзмітрыя і ад Тахтамыша.

Князь Асцей быў юнаком, аднак уважліва агледзеў пячаткі, почырк вялікага князя, паклікаў іншых князёў, каб і яны выказалі сваё меркаванне пра сапраўднасць пячаткі і подпісу Дзмітрыя, і толькі потым, калі ўсе ўпэўнена пацвердзілі, што пячатка і подпіс не падробныя, зачытаў змест паслання. Вялікі князь Маскоўскі Дзмітрый Данскі ў сваёй грамаце злаваўся на князя Асцея за яго непаслушэнства і загадваў неадкладна адчыніць вароты Тахтамышу. Тахтамыш у сваім пасланні хваліў князя Асцея і яго дружыну за смеласць, абяцаў забыцца на нядаўняе непаразуменне і дарэмнае кровапраліцце, не руйнаваць горад і не караць яго жыхароў. Нагадваў пра дамову з вялікім князем Дзмітрыем аб выплаце даніны.Аднак не ўсе паверылі ў сапраўднасць граматы вялікага князя.

— Не мог князь Дзмітрый напісаць такога, не мог! — у адчаі заломваў рукі князь Міхал Цвярскі. — Ён хутка збярэ войска і сам прыйдзе нам на падмогу.

— Трымай кішэнь шырэй, — злосна прашыпеў нехта з баяр. — Калі б ён паехаў збіраць войска, то не забраў бы з сабой казну і сваю сям’ю. Уцёк ён, ганебна ўцёк! Кінуў нас на волю лёсу!

— Хутка ён будзе тут, вось пабачыце!

— Ты, князь Міхал, пра свой двор пячэшся, поўны срэбра і золата, дзе цябе чакае маладая жонка...

Хто не спрачаўся, той думаў. Адзін князь Наўгародскі з абыякавым выразам на твары чакаў адказу. Унутрана ён захапляўся сабой, бо менавіта ён ноччу напісаў граматку ад імя вялікага князя, падрабіў подпіс і прышлёпнуў напісанае некалі скрадзенай у Дзмітрыя пячаткай. А яны, ёлупы, паверылі. Ладна, гэты малады ліцвін Асцей! А астатнія? Цьфу, балваны!

Вырашылі перадаць Тахтамышу, што вароты яму адчыняць заўтра з узыходам сонца.

Ноччу тыя, хто не верыў у татарскую шчырасць, каго нішто не трымала ў горадзе, праз рэчку выбраліся з крэпасці і схаваліся ў навакольных лясах.

Пакінуў горад і Цімоха са сваёй сям’ёй. «Я добрую навуку атрымаў ад татар на Вожы і на Кулікоўскім полі. Толькі дурань не хоча засвойваць іх урокаў вераломства ды можа чарговы раз паверыць нехрысцю!»

Раніцай наступнага дня Асцей з групай ваяводаў і баяр адчыніў вароты. Урачыста апрануты, у суправаджэнні баяр і духавенства, з багатымі падарункамі для хана і яго шматлікіх жонак, ён накіраваўся да шатра Тахтамыша.

А татары не змяніліся: яны адсеклі галовы Асцею і яго князям, уварваліся ў горад праз адчыненыя вароты, абрабавалі і пабілі ўсіх жыхароў, а потым паселішча падпалілі. Горкі дым ахутаў Масковію...

Я прачнуўся, прынюхаўся. З кухні да мяне даходзіў пах рыбных катлет. Па тэлевізары паказвалі матч з англійскай прэм’ерлігі. «Чорт, — стараючыся ўспомніць, хто ўключыў тэлевізар, я ці жонка, зручней уладкаваўся на канапе. — Гэта ж сягоння гуляе “Арсенал” з “Ліверпулем”!»

Напружаная барацьба на футбольным полі захапіла, адразу выцесніла з галавы думкі і пра князя Маскоўскага, і пра Тахтамыша, і пра Цімоху з Савай. Нават пра нараду, на якой мяне, пэўна, будуць вучыць розуму, я забыўся. Перажываў за дружыну Арсена Венгера, шчыра жадаў ёй перамогі.

8

А вось дырэктар школы не забыўся пра сваё абяцанне. У панядзелак пасля ўрокаў амаль увесь педагагічны калектыў школы цясніўся ў настаўніцкім пакоі. Многія з калег нешта чулі пра нашу суботнюю спрэчку і сёння з цікавасцю чакалі пачатку нарады. У некаторых гэтыя пазапланавыя пасядзелкі выклікалі нуду, яны не стараліся схаваць сваё раздражненне, нецярпліва пазіралі на гадзіннікі, цяжка, бы на хаўтурах, уздыхалі.