Выбрать главу

Казаў мне адзін чалавек, што тады было агульнае азьвярэньне, насалода з мукаў чалавечых і канец сьвету. Так недзе наступаў некалькі вякоў таму Чынгісхан на славянскія землі… Сумнае было злучэньне зямлі нашай, неблагаславеннае добрай справай.

З дзядзькам Васілём жылі мы вельмі дружна. Старэнькі любіў заехаць да нас. Ён не спадзяваўся, што з ганарыстага маяго Янкі будзе такі добры муж. Цешыўся гэтым. Янка цікавіўся болей літаратурай і прыгожымі дамамі й зусім мала палітыкай, а дзядзька Васіль толькі палітыкай.

Хутка пасьля маяго прыезду ў Прагу памёр Тамаш Грыб — таксама член ураду БНР, наймалодшы яго міністар. Памёр на васпаленьне лёгкіх — дарагі Флемінг тады яшчэ ня даў людзям пэніцыліну. Усе мы езьдзілі на крэмацыю, якая сама па сабе ўжо была для мяне дзівам. Там я пазнаёмілася з Ермачэнкам, Русаком, Бакачом, Калошам і інш. Труна паволі адплывала ад нас, і на хорах нейкі ўкраінскі сьпявак прачула сьпяваў «Не пагаснуць зоркі ў небе». Я таксама адчула, што і я ўжо на чужыне, і горка зашчаміла сэрца. Пасьля былі грамадзкія хаўтуры. Пад гэрбам нашым і сьцягам вісеў прыгожы Грыбаў партрэт, зышлося многа людзей — чэхаў і братоў-эмігрантаў. Валодзя Тамашчык мне іх называў. Ад чэхаў быў ведамы славіст, прафэсар Славік, выступаў сардэчна, прадумана. Ад украінцаў выступаў, здаецца, прафэсар Дарашэнка, які некалі першы напісаў кніжачку аб нашым адраджэньні. Сам ён з Чарнігаўшчыны, дык беззаганна валодаў беларускай мовай. Ад рускіх эсэраў гаварыў вельмі цікавы Чарноў. Была на хаўтурах і Радзянко. Яна, здаецца, любіла мяне, мы часта сустракаліся ў цэркве. Скромна ў хустачцы пад бараду гэтая шляхотная дзяячка, здаецца, ніколі ня думала пра сябе. Пасьля заканчэньня унівэрсытэту доктар Грыб працаваў у славянскім архіве ў беларускім яго аддзеле. Плацілі там грашы, і ён дарабляў у няшчодрае беспрацоўе як мог, насіў нават і прадаваў, казалі, краваткі[24] па людзях, а ў архіве пісаў, заўзята працаваў для Беларусі. Кажуць, засталося пасьля яго многа вартасных навуковых працаў. Часам выдавалі беларусы ў Празе «Іскры Скарыны»[25], над якімі працаваў пераважна доктар Грыб, а фінансаваў іх Васіль Русак — мажны й вельмі энэргічны слуцкі паўстанец[26], які памёр пасьля вайны ў савецкім зьняволеньні. Былі яшчэ Клаўсуць, Вітушка, Астапкевіч і інш. Яны пераважна пажаніліся з чэшкамі й жылі ня ў Празе.

Беларусы, за малымі выняткамі, жылі вельмі бедна. Загадкава багата жыў толькі адзін Іван Абрамавіч Ермачэнка. Быў гэта лекар, які меў багатыя апартаменты ў цэнтры Прагі і інзэраты[27] аб сваім кабінэце даслоўна ва ўсіх чэскіх газэтах. Гэта быў вельмі добра апрануты сярэдняга росту нехуды чалавек, які вечна ўсьміхаўся, але зусім не выклікаў.да сябе даверу. Жанаты ён быў з нейкай рускай з Румыніі, якая таксама скончыла мэдыцыну (зубніха) на беларускую стыпэндыю, мелі яны дзьве дачкі. Акрамя яго ніхто ні слова не гаварыў па-беларуску. Багаты гэты чалавек ня меў ніякае літасьці над беднымі сваімі суайчыньнікамі, ён наагул, як казалі, сэпараваўся ад іх, але вось цяпер пачаў браць удзел у беларускім жыцьці, цікавіцца падзеямі й высоўвацца наперад. Я яго нечаму неўзлюбіла, і ён ніколі не здабыў маей сымпатыі й маяго даверу. Яго ўсе баяліся, але я, пасьля таго здарэньня ўдома, калі пачулася вельмі сільнай, не баялася нікога, а супраць яго пачала выступаць. Як можна выступаць ад імя народу, ня маючы адкрытай душы для ўсіх нашых бедаў і інтарэсаў? Я, вясковая дзяўчына, ніяк не магла гэтага сьцяміць… Інтарэсы маяго народу — мая сьвятасьць, я крывёй магла заплаціць за яго лепшае заўтра, але я хачу, каб усе тут мелі чыстыя сэрцы й рукі! Я прыехала адтуль, гдзе народу вельмі цяжка, і ў імя яго дабра я буду толькі працаваць і жыць. Другіх меркаваньняў ня ведаго, і ні з кім мне пакуль што не па дарозе. Моцна да ўсіх прыглядаюся, практыкі ў гэтым у мяне ніякай няма, але шлях свой я ведаю. Я, напрыклад, вельмі веру дзядзьку Васілю, пані Крэчэўскай, Тамашчыку, нават Русаку, ну а з Ермачэнкам — я супраць! Напрыклад, мой муж у вельмі цяжкую хвіліну, калі быў сапраўды бяздомны й галодны, прасіў пазычыць крыху грошай. Ён не пазычыў, але на 200 карон заручыўся за яго ў банку й вельмі баяўся, каб яны яму не прапалі. Сябру Калошы ён даў працу чорнарабочага ў сябе на віле ля Прагі й плаціў чалавеку грашы. А вось пані Крэчэўскай ці дзядзьку Васілю — старым, вартым і вельмі бедным людзям, такі багач нават не падумаў, каб дапамагчы. Зусім спакойна наглядаў іх убогасьць жыцьця. Былі й другія з вышэйшаю асьветаю нашыя сябры, і яны сапраўды галадалі… Усё гэта ўзважыўшы, я прыйшла да пераконаньня, што гэта не патрыёт, і тады чаму хоча правіць у гэтай маленькай сям’і, калі за сям’ю яе ня лічыць? Што за кабала й хто яго паслаў на нашую голаў і пашто? Калі яны даведаліся аб маёй тэлеграме прэзыдэнту Бэнэшу, дык дзядзька разумна гэта прамаўчаў, а Ермачэнка горка зацеміў, што гэта неразумна, бо трэба йсьці супраць Граду, не з Градам. Але ён не пашкодзіў мне тады, ня выдаў.

Пасьля ўпадку Польшчы, якой мы былі грамадзянамі, мы згубілі сваё грамадзянства зусім. Па-нямецку гэта было «штатэнлез»[28] — знача без грамадзянства. Гэта было ня так непрыемна, як небяспечна. Кожны чужынец быў узяты пад строгі кантроль, хто змог, дык уцякалі, а куды было падзецца нам? Нявесела… Немцы са сваёй ведамай дакладнасьцю загадалі ўсім арганізавацца ў свае, імі дазволеныя арганізацыі, і тады мелі іх перагляд. Беларусам дазволілі Камітэт самапомачы[29], беларускі, безумоўна. Арганізаваць яго было трэба самым. Нас было мала, не было ні памяшканьня, ні сродкаў на гэта, было тугавата. Сабраліся ў кафэ ўсе разам. Выбралі кандыдатаў на старшыню, але мы з дзядзькам Васілём свае кандыдатуры адразу зьнялі, засталіся двое: Русак і Ермачэнка. Апошні палохае нас, дае пазнаць, што ён усясільны й без яго нічога нельга рабіць. Выбралі яго адным голасам болей. Людзі яго не любілі, крыху баяліся, дзядзька маўчаў. Сакратаром выбралі Бакача, мяне скарбнікам, і выкруціцца мне было нельга, дый няма пашто. Ермачэнка ўступіў пад Камітэт адзін з пакояў сваіх апартаментаў, у Камітэт наплывалі людзі. Русак аднойчы прывёў Вольфсана, гэта быў яўрэй. Вельмі хацелася яго выратаваць. Узялі нарэшце яго, сына й дачку. Гэтых дваіх мы ніколі ня бачылі, але яны, як і мы, мелі легітымацыі Камітэту й так выжылі. Акрамя невялічкіх членскіх узносаў яны іншых выдаткаў ня мелі. Узяць іх было небясьпечна, але здрадніка сярод нас не знайшлося. Ніякай палітыкі ў Камітэце мы не праводзілі, дый не маглі праводзіць. Толькі дурань можа цьвердзіць, што немцы маглі дазволіць некаму нейкую палітыку. Усё зводзілася да цесных, акрэсьленых рамак Самапомачы. Камітэт ніякай дзейнасьці не праводзіў, а невялікую суму членскіх узносаў я проста аддавала пад распiску Бакачу, бо сапраўды ён ня меў з чаго жыць.

Казалі, што беларусы вельмі добра біліся, але ўсе гэта было дарма, і вось паявіліся нашыя палонныя, а было іх шмат. У Бэрліне пачала для іх выходзіць газета «Раніца»[30], якая хутка трапіла і ў Прагу. Муж яе выпісаў. Акрамя нямецкіх зводкаў былі там і беларускія пытаньні, вершы, карэспандэнцыя. Была гэта нічуць ня горшая газета за ўсе пратэктарацкія і іншыя, якія мы чыталі, ды была на роднай мове. Людзі вельмі стараліся, каб мела й беларускі зьмест. Цяпер ужо яна была адзіным друкаваным беларускім словам.

вернуться

24

Краватка (польск. krawat) — гальштук.

вернуться

25

Беларускі літаратурны і культурна-грамадскі часопіс, выходзіў у Празе, 1931–1935.

вернуться

26

Удзельнік узброенага выступлення на Случчыне, 14.11.–28.12.1920.

вернуться

27

Інзэрат (польск. inserat) — аб’ява.

вернуться

28

Штатэнлез (ням. staatenlos) — без грамадзянства.

вернуться

29

У 1939 годзе ў Данцыгу на канферэнцыі беларускіх эмігранцкіх цэнтраў некаторых заходніх краін было створана Беларускае бюро даверу пры Міністэрстве ўнутраных спраў Германіі, а пры ім — Беларускі камітэт самапомачы. У Празе ўтварыўся яго філіял — Пражскі камітэт самапомачы.

вернуться

30

Беларуская газета, якая выходзіла ў Берліне (1939–1945).