Дык вось, Ермачэнка падае немцам спісак, каму яшчэ ехаць на Беларусь, уключае толькі лекараў, бо, мусіць, другіх асоб было нельга. Колькасьць даволі вялікая, але сярод іх і мае імя! Вось тут і пачаўся перапалох! Усе лёталі, шукалі дапамогі, не шкадавалі грошай, а ў нас ні грошай, ні грамадзянства нават, ніякае дапамогі! Вось тады мы й пастанавілі схадзіць да Піпэраў: Што ж, нас прынялі вельмі ветліва, але Піпэр немец і адказны за гэта, бо ён як міністар аховы здароўя. Але бачу, што вельмі яму хочацца нам памагчы. Перад усiм ён адразу сказаў: «Вас, фрау Геніюш, я абараню, бо вы ня лекар і няма чаго там рабіць, гэта тут нешта нячэснае, а вось дваіх абараніць — гэта я ніяк не магу. Пакуль, доктар, едзьце, а там будзем бачыць».
Цяжка было мужу пакідаць нас і Прагу, цяжка было Градзілу з ім расставацца, і не было ніякага ратунку… Муж цягнуў час, хоць на дзянёк яшчэ, каб пабыць удома, аж прыйшоў гэстапавец і ветліва папытаўся, чаму муж байкатуе «бэфэль»?[36] Злажылі мы тое, што лічылі яму неабходным, і раніцай я яго правяла на цягнік. Плакала, дык да непрызваітасьці[37] — душа вырывалася з гора… А ўдома вісела ягонае пальто, ляжалі яго кніжкі, рэчы, а ён не прыходзіў, і я ведала, што ня прыйдзе, і зноў я залівалася сьлязьмі… Пасьля ўсё яго пахавала, ведала, што трэба глядзець Юрку, і так зьмірылася. Перад ад’ездам яшчэ я папрасіла мужа, каб ветліва папрасіў М.Забэйду і іншых, каб не надакучалі мне ў гэты час, што муж і зрабіў. Юра вучыўся, я перастала добра пісаць — асабісты боль заглушыў на час вялікае, патрыятычнае. Цяпер я чакала лістоў ад мужа, вестак з Беларусі. Яшчэ калі Ермачэнка прыяжджаў са сваім гаафёрам і клікаў усіх да сябе ў Менск, дык гаварыў, што там нам дадуць нямецкія карткі на ежу. Пытаюся: «А што там нашыя людзі ядуць, народ наш, інтэлігенцыя?» —. «А, ім даюць там нешта…» — «Ага, — кажу, — дык як жа можна есьці тое, што вораг, калі народ галадае, я дык ела б толькі тое, што нашыя людзі». — «Ну, паглядзелі б мы там», — кажа ён як заўсёды з усьмехам, ад якога мне халадно… Мы з Яначкам дамовіліся, што ён будзе толькі лекарам і болей ніякіх функцый, як і напісана ў той паперы. Так і працаваў ён у клініцы ў Баранавічах. А мы засталіся ў Празе.
Дзядзька Васіль захварэў на лёгкія. Пад сакрэтам сказала мне пані Крэчэўская, што ягоны нейкі вельмі падазроны кватэрант парнуў яго ў бок нажом… З якой прычыны — магу толькі дадумацца сяньня, калі болей ведаю «мэтады». Дзядзька адмовіўся ад варункаў, якія яму давалі немцы, і яму, і Беларусі, і дрыжучы даставаў дапамогу ад Чырвонага Крыжа й чакаў нядобрага. Ратавала яго, як і доктара Градзіла, радыё. Дзядзька быў дэмакрат, і апэратыўнае мудрае Бі-бі-сі толькі яго й трымала на духу. Ён вельмі баяўся, каб якія самазваныя фюрэры не паявіліся ў нас і не павялі дрэнна палітыкі. Ён пазнаў немцаў і сказаў мне так: «Няма ў нас выбару: альбо-альбо. Калі выйграюць немцы, дык вынішчаць усіх нас, калі выйграюць саветы, дык вынішчаць інтэлігенцыю й асымілююць народ, але гэта лепей, чымсьці сьмерць усяго народу… Трэцяга выхаду няма».
А ў Празе тым часам выходзіла мая кніжка «Ад родных ніў». Чэхі стараліся выдаваць як мага сваю класіку, і мая гордая, чыстая, не халуйская ў гэты час жудасны кніжка была ім вельмі даспадобы! Казаў мне гэта чэскі цэнзар, нейкі ўкраінец Лявіцкі. Кнігу ўкладаў доктар Тумаш, мой завочны сябра й цудоўны крытык і вельмі строгі патрабавальнік мае паэзіі. Ён першы аказаўся на мой голас, ён і вёў мяне, як малую, вучачы, хвалячы й караючы, да большай паэтычнасьці, лепшай формы верша, каб не агітацыя, а паэзія, розум. Але аднойчы ён мне напісаў, што пасадзіў кітаец рыс і глядзеў яго, паліваў, а кальвачко расло й прабіла страху кітайцавай хаты, і расло да неба, і «бедны кулі» ўжо ня мог дасягнуць да яго. Я з гэтага ўсьцешылася крыху, але мне самой яшчэ мая паэзія не падабалася, і я ўсё хацела нечага большага, каб навечна зрабіць душы маіх суродзічаў беларускімі, вытрывалымі, моцнымі на ўсе нягоды беларускага жыцьця, а іх можна было чакаць.
Да нас часта прыходзіў Бакач. Гэта быў сакратар Б.Тарашкевіча, які адседзеў 4 гады ў гродзенскай турме за «Грамаду» і ўцёк у Чэхаславаччыну. Тут ён вучыўся ва унівэрсытэце й працаваў, як некалі Яначка, гдзе толькі мог. У час нашага знаёмства ён быў нечым накшталт служанкі ў аднаго белагвардзейскага генерала. I тут набоб Ермачэнка нічога не памог чалавеку… Бакач, родам недзе ля Ізабэліна, быў добры беларус, харошы, скромны чалавек, вельмі бледны, вымучаны турмою, напэўна, і нездаровы. Ён нейк быў на пабягушках у пражскіх дзеячоў, іх нязьменны сакратар. Жыў ён у харошых чэхаў, і ягоная гаспадыня кахала яго, як толькі можа кахаць чалавека чыстае, самае адданае жаночае сэрца. З ім мы мелі не адзін клопат, як, напрыклад, ладжаньне забэйдаўскіх канцэртаў у Празе — і каб зала найлепшая, і каб гледачоў многа, і каб рэклама, і газеты, і грошы, і «лаўры». Набегаліся мы нямала, і цудоўны голас маэстра меней дзейнічаў на нас, як той страх, каб хоць добра падарыўся сам канцэрт. Бо першы канцэрт, які даваў Забэйда-Суміцкі ў слаўнай чэскай «Смэтанавай сіні»[38], быў дэфіцытны настолькі, што мы нічога не маглі даць спеваку, акрамя рэкламы й славы, бо ў Празе яшчэ яго ня ведалі. Ён нам гэтага доўга ня мог дараваць. З Петрам жылі мы па-братэрску, былі з сабою шчырыя, і я заўсёды за яго заступалася, а ці ён за мяне, дык я сумняваюся… Настолькі чэсным гэты чалавек ня быў.
Жук, які ў нас бываў таксама, быў ведамы як камуніст, чаго ён не скрываў перад намі. Ён хацеў выжыць, дачакацца камунізму. А нам што? Мы былі дэмакраты, якія шанавалі перакананьні чужыя, і таксама жадалі, каб шанавалі й нашыя. Калі ён быў галодны, дык крыху яго падкормлівалі, калі немцы яго арыштавалі, дык ратавалі яго. Затое ён, калі мяне выкрадалі з Прагі, вадзіў кагэбістаў па чэскіх кватэрах, каб знайсьці й выдаць мяне. Яму гэта не ўдалося. Каб забралі нас тады, у 45-м годзе, мы ўжо не жылі б напэўна… Пасьля прыйшоў да нас, мы былі да сьмерці напалоханыя, але я яму паказала дзьверы. Хто здрадзіў сяброўства, дык няма такому месца ў скромнай хаце, гдзе мы жывём. Ка жуць, што ўдзячнасьцю мерыцца культура людзей, і ў гэтым ёсьць праўда.
З Парыжа пераехаў у Бэрлін Мікола Абрамчык і вельмі падняў узровень беларускай работы ў Нямеччыне. Арганізаваў сваіх, бараніў ад нямецкіх напасьцяў, дапамагаў што мог. Было відно, што думае аб сваіх. Людзі, якія ведалі яго, высказваліся пра яго з энтузіязмам. Нейк ён прыехаў і ў Прагу да Русака, і як звычайна яны зайшлі да мяне. Мікола быў сярэдняга росту, чарнявы, меў вельмі інтэлігентны твар, што пацьвердзілася ў гутарцы з ім. Гэты чалавек, здавалася, ня меў слабасьцяў і ведаў, чаго ён хоча. Аб беларускіх справах і людзях ён спакойна гаварыць ня мог, ён жыў гэтым. Гэта быў чалавек чыну, мяне ён цаніў. Гэта пачуцьцё ўмацавалася, калі мы пазнаёміліся. Мы доўга й шчыра гутарылі, калі ён прыйшоў да мяне назаўтра. Мне падабаўся дыяпазон яго інтарэсаў і тое, што ён ужо прадбачыў вынік вайны (гэта было ў 42-м годзе) і ўжо думаў пра нашую масу завезеных на работы ці палонных з польскай арміі. Ён прыехаў наконт мае кніжкі, якая мелася друкавацца. Я ня ведала, як гэта ўсё робіцца, бо кніжку фінансаваў Камітэт. Мы напісалі дагавор, што мне належыць 50 % ад чыстага зыску[39] за кніжку й 50 аўтарскіх экзэмпляраў. Я слухала яго й падпісала дагавор. Пасьля аказалася, што аўтару ў Заходняй Эўропе належыць толькі 15 % чыстага даходу ад кнігі. Мікола, калі я не хацела браць за кніжку грошай, бо за свае вершы я іх ніколі ня брала, сказаў мне: «А вось мы гэта й прадбачылі, немагчымая ты асоба, і таму цябе „апуталі“ догаварам». Я ўсё роўна ўсяго не ўзяла, бо лічыла, што мы ўсе павінны працаваць для народу без нагароды. У мяне быў муж, і ў мяне быў хлеб, і гэтага нам хапала. Мець магчымасьць працаваць для культуры сваяго народу — гэта велічна ўжо само па сабе, а ўздымаць яго адраджэньне — гэта як маліцца Найвышэйшаму, які дае нам мудрасьць і сілы, каб узьняць свой народ. Нядобрая маці адзінага сына, якая не змагла выгадаваць яго, не магла яго забясьпечыць, і ён стаўся ахвяраю вогненнага патрыятызму бацькоў. Але ён быў галодны, і людзі не заўседы накармілі яго, але заўсёды пакрыўдзілі. Не, людзі, якія йдуць за народ свой змагацца, ня маюць права мець сем’яў, рабіць няшчаснымі сваіх дзяцей…