Выбрать главу

А бедны дзядзька Васіль ляжаў у тубэркулёзным шпіталі за Прагаю. Выбраліся мы да яго ўсе разам. Быў рад, Мікола меў яму што сказаць, Я пацешыла яго, што вясной ён будзе мне дыктаваць і я ўсе запішу… Дзядзька сумна паглядзеў на мяне й сказаў, што вясною ён будзе спаць пад кусьцікам і я да яго прыйду. Ішлі дамоў пехатою, кожны задуманы.

З чэскім выдавецтвам мы дагаварыліся выдаць беларускія паштоўкі. Гэта зрабіць вайною было цяжка, але зноў, як цуд, чэхі ня ўмелі мне ў нечым адказаць. Так і ўбачылі сьвет 12 харошых відокаў[40] нашай прыроды. Мы, усе славяне, моўчкі сябе падтрымоўвалі, затое ніколі не падтрымоўвалі выданьняў з пранямецкім зьместам. Але такога ў нас, беларусаў, не было. Народ мы ня вельмі знаны, і таму ніхто асабліва да нас не прыглядаўся. Прыгледзеліся толькі тады, калі выйшла мая кніжка. Вось гэта не падабалася. У Прагу прыехаў Ермачэнка, выклікаў мяне й загадаў зьбірацца ў дарогу, у Менск! Яго госьці, працаўнікі гестапа, папыталіся ў мяне, з кім я працую, што выйшла мая кніжка, гдзе нічога няма пра Гітлера, пра Герынга й пра новую Эўропу. Я сказала (даслоўна!), што мой талент замалы на тое, каб пісаць пра так высока пастаўленыя асобы. Што я ні з кім не працую. Тады мне сказалі: «Хто не з намі, той супраць нас». Ермачэнка аднёсься да мяне вельмі груба й сказаў мне, што выбару мне няма — толькі Асьвенцім ці Менск, каб выбірала. Калі я запыталася, што я там буду рабіць, мне сказалі, што «пропаганда махэн» (рабіць прапаганду). Я кажу ім, што гэта нельга, бо я толькі хатняя гаспадыня й ніякай прапаганды рабіць ня ўмею. «А нам патрэбна толькі ваша імя», — адказаў мне на гэта немец.

Што ж было мне рабіць? Лісты да мужа йшлі доўга, праходзілі праз строгую цэнзуру. Яшчэ восеньню я ледзь вывернулася з чарговай лавушкі. Муж мне прыслаў выклік, каб з сынам прыехала да яго ў госьці. Я заўважыла, што ў гэтым былі вельмі зацікаўленыя Ермачэнка й яго жонка. Ермачэнка ня вельмі добра высказваўся аб мужу: не падабалася яму, што муж, паводле ягоных слоў, замнога гаворыць, непатрэбнае піша дамоў. Што ён такога пісаў, я ўжо ня памятаю. Абое Ермачэнкі ў адзін голас гаварылі мне аб нявернасьці маяго мужа й каб я да яго неадкладна ехала, каб захаваць сям’ю. Яны мне казалі, што муж завёў сабе проста гарэм! Я ведала, што на такое можна было ўзяць любую агранічаную бабку, зайздрасьць асьляпляе. Пра гарэм, але ў адносінах да самога Ермачэнкі, прабіліся ўжо весткі праз Варшаву ў Прагу, дык чаму ж сама Ермачэнчыха не зьбіралася ў дарогу, а, розна палохаючы, выпраўляла мяне? Аднойчы, калі ён прыехаў, дык прывёз мне ад Янкі ліста, у якім той прасіў чайнік, лекаў і другія драбніцы. Аддаючы мне ліста, Іван Абрамавіч папрасіў, каб я напісала верш у яго гонар. Кажу, што магу яму напісаць толькі памфлет. «Дарма, дарма, Ларыса Антонаўна, а вашае фота стаіць у мяне на століку». Я яму сваёй фатаграфіі не давала. Мне казалі прынесьці рэчы мужу вечарам. Было там некалькі асоб і, як на ваенны час, багатая вячэра, калі я прыйшла. Што ж, запрасілі й мяне. Я выпіла крыху віна, зьела кавалачак кураняці з каляф’ёрам[41]. Памятаю гэта таму, што вячэру гэтую я ледзь не заплаціла жыцьцём. Гутарка была дзіўнай. Усе яны моцна пачалі выступаць супраць непрысутнага Бакача. Выразна нічога не гаварылі, але можна было думаць, што яму нешта грозіць. Я выразіла свае зьдзіўленьне й папрасіла пры мне гэтага чалавека ня ганьбіць… Было позна, калі мы выйшлі ад іх. Адзін чалавек, якога не хачу называць, ахвяраваўся мяне праводзіць дамоў. Я з абурэньнем адкінула гэта і, са злосьці забыўшыся пра страх, бегла праз Прагу дамоў, бо трамваі ўжо не хадзілі. Сяброў у мяне не было, гэта я пазнавала з вялікім сумам. А дзядзька Васіль з паняй Крэчэўскай жылі за Прагаю.

I вось я атрымоўваю лісты ад мужа, каб да яго прыехаць. Мне гэта не падабалася, але я пачала зьбірацца. Рабіць гэта трэба было праз гэстапа, куды я занесла патрэбныя дадзеныя. Паперы гэтыя й розныя даведкі я мусяла некалькі разоў дапаўняць. Нарэшце, пасьля некалькіх тыдняў, а мо й болей, мне сказалі прыйсьці па пашпарт. Мы пайшлі разам з Юрачкам, з сынам мне было бяспечней. У пакой, гдзе сядзела ля стала поўна людзей, Юрачку не пусьцілі. Настрой быў вельмі напружаны, на мяне пільна ўглядаліся з усіх бакоў. Нарэшце сказалі мне, што даюць мне дазвол на паездку ў Слонім, куды ўжо перавялі мужа з клінікі на абласнога лекара, але толькі ў адзін бок. Я сьмела сказала, што такое ня прыйдзе ва ўвагу, на такіх варунках я не паеду. Мне груба сказалі, што чаму ж я ім дурыла галаву й што я там на месцы дастану дазвол, каб ехаць назад. За дзьвярыма чакала на мяне мае дзіця, і дух мне заняло, калі я ўсьведаміла сабе, куды я яго, абаронцу маяго маленькага, з сабою ўзяла.

Назаўтра я дала тэлеграму бацькам мужа ў Зэльве: што мне рабіць? Яны тэлефанавалі Яначцы й тэлеграфавалі мне, каб на такіх варунках нікуды ня ехала. Я лічыла, што мне пашыхавала[42], што гэта была лавушка. Божа мой, што б было? Як мы пасьля ўдакладнілі, дык у час, калі мы з Юрам меліся прыехаць у Слонім, там была жудасная аблава, гдзе не пыталіся, хто адкуль, а толькі забівалі каго папала. Тады загінула жонка Гальяша Леўчыка. Дык пасьля тае вячэры ў Ермачэнкі мяне схапілі жудасныя ваніты, жаўцізна й слабасьць. Мяне ледзь выратавалі, паласкалі страўнік, некалькі дзён я не ўставала з ложка, а цяпер зноў такое… Быць паэтам знача ня толькі любоў зьняволеных землякоў, але й помста сільных ворагаў нашай зямлі й свабоды. Нечаму мне прыпомніўся допыт Когана многа пазьней у Менску й дакор, чаму я не прыехала за акупацыі ў Менск, што я шмат дапамагла б партызанам. Нічога я ім не памагла б, паэты не забіваюць, паэты не забываюць крывавага…

Вельмі спагадліва аднесьліся да мяне Шпэры. Яны былі супраць якога-кольвек маяго выезду з Прагі. I вось зноў мяне змушаюць выехаць, і што ім трэба? У Ермачэнкі былі вялікія багатыя апартамэнты ў сярэдзіне Прагі. Сам ён не працаваў, яго кабінет вёў нейкі расеец, а ля дзьвярэй стаяў такі дзяржыморда, што калі ён не адчыніць дзьвярэй, то нельга было выбрацца на вонак. Гэта ўсім было вельмі загадкава. Ермачэнка назначыў дзень і гадзіну мае гатовасьці з ім ехаць. Я дала тэлеграму Абрамчыку, каб ратаваў мяне, і зноў пайшла з просьбаю да Піпэраў, якія вельмі праняліся маім лёсам. Што рабіў у гэтай справе Піпэр, я ня ведаю, але ён мне сказаў, каб я перад тым, як ісьці да Ермачэнкі, пайшла да гестапа й папыталася, чаму, калі мне забралі мужа, грозяць мяне пасадзіць у Асьвенцім, каб болей нічога не казала. Я так і зрабіла. Мне сказалі, што мяне не пашлюць у Асьвенцім і што, калі я не хачу, дык ніхто мяне ня мусіць сілаю вязьці і ў Менск… А я, як цыбуля, надзела на сябе тры пары бялізны, дзіця аддала знаёмым украінцам і гатовая была ўжо йсьці на цярпеньне. Мне ня верылася, што мяне проста пусьцілі. Але да Ермачэнкі я пайшла! Заходжу, дзяржыморда мяне ўпусьціў. Заўсёды падкрэсьлена ветлівы Ермачэнка зьвярнуўся да мяне, як да нейкае рабыні, нават не запрасіў ні далей прайсьці, ні сесьці. Папытаўся толькі, ці паеду з дзецям? Тады я яму й пасыпала, што ведала. Ён павалок мяне за руку ў пакой, яго твар перамяніўся зусім! «Чаго чалавек ня зробіць дзеля бацькаўшчыны, гэта таму я вас клікаў. Я ўпаду перад вамі на калені й буду прасіць, каб мы ехалі ў Менск, я зраблю Янку міністрам аховы здароўя, толькі едзьце ў Менск». — «Вы не чалавек, вы ж хамэлеон, вы ж здраднік! Згінеце вы рззам са сваімі немцамі, якія ўжо трашчаць!» А ён не суні маецца: «Калі немцы прайграюць, я вас завязу ў Швэцыю, я забясьпечу вас, толькі едзем!» Ну й ну! Ну й каша, ну й дрэнь чалавек. Ах, як цяжка, як небясьпечна пісаць для Айчыны, што будзе далей? А далей доктар Піпэр хацеў пісаць на яго, што непакоіць сем’і людзей, якія пасланыя на працу на Усход. Я прасіла яго, каб гэтага не рабіў. Я ніколі ня мсьцілася, а дарма. Я дорага за гэта заплаціла, яшчэ горай было з мужам і Юрачкам. Я толькі малілася Богу, каб Ён ратаваў нас, бедных, у водавароце гэтай вайны. Вялікай, амаль адзінай падтрымкай маёю быў мой маленькі, сьмелы, вельмі харошы сынок.

А тым часам у Богніцах за Прагаю ў санаторыі для цяжкахворых тубэркулёзам дажываў свой век Васіль Іванавіч Захарка, міністар фінансаў і намесьнік Старшыні Рады БНР. Толькі я ад яго вярнулася, як за пару дзен атрымала ад яго паштовую картку, запырсканую крывёю. Прасіў мяне: «Донечка, хутчэй прыяжджай» і г.д. Прыехала якраз і пані Крэчэўская, якая сказала мне, што дзядзька вельмі аслаб, у яго горлам кінулася кроў і ён неадкладна хоча мяне бачыць. Дзядзька даўно ўжо прасіў мяне, каб я часьцей да яго наведвалася, ён баяўся іншых людзей, нікога не хацеў бачыць. Дзядзька быў накрыты сваёю коўдраю, белая наўлечда якой была ўся ў крыві. Ён сказаў мне, што прыходзіць канец яго жыцьця, што ён быў адным з тварцоў акту Дваццаць Пятага Сакавіка 1918 г., пасьля сьмерці А.Крэчэўскага зьяўляецца Старшынею БНР і, як выбраны народам сябра ўраду, адыходзячы, хоча перадаць свае паўнамоцтвы дастойнаму чалавеку. Што рабіць? Няма адпаведнага чалавека, ёсьць толькі такая жанчына, а жанчына ня можа быць прэзыдэнтам. Што ж, гэта быў 1943 год… Не, кажу, так рабіць нельга! Нельга браць у магілу ідэі незалежнасьці нашага народу! «Нікому ня веру, донечка. Ёсьць многа людзей, але ў кожнага на некага арыентацыя, а тут трэба быць верным толькі народу. На гэтае становішча я мог бы паставіць толькі цябе, каб ты не была жанчынай». Тады я запрапанавала Абрамчыка. Я доўга даказвала дзядзьку ўсю паважнасьць, прадбачлівасьць і любоў да Беларусі гэтага чалавека. Я толькі не сказала, што Мікола крыху замяккі, крыху задобры, каб стаць на такое змаганьне. Мікола ведаў мовы, вельмі добра арыентаваўся ў палітыцы, ненавідзеў немцаў, умеў выкарыстаць любую нагоду, каб толькі нешта вартаснае зрабіць для Беларусі. Дзядзька папрасіў падаць яму папер. Я паправіла яму падушку, ён сеў і пачаў пісаць тэстамэнт, які прасіў мяне перапісаць у трох экзэмплярах на машынцы й назаўтра яму прынесьці. Пані Косач-Шыманоўская, сястра Лэсі Украінкі, хораша перапісала мне гэты тэстамэнт, і назаўтра дзядзька Васіль падпісаў іх, яшчэ паправіўшы дробныя памылкі. У тэстамэнце Мікола Абрамчык назначаўся Прэзыдэнтам Беларускай Народнай Рэспублікі, Ларыса Геніюш — Генеральным Сакратаром БНР. На нас абаіх пераходзіў архіў БНР, які быў у кватэры дзядзькі Васіля. Я неадкладна дала тэлеграму Міколу, каб прыехаў у Прагу. Яго не пускалі. Не пусьцілі і яшчэ на адну тэлеграму. Дзядзьку было ведама, што мэдпэрсанал падкуплены і яны некаму мусялі адразу паведамляць аб дзядзькавай сьмерці. Дзядзька жыў, дажываў свой век у вечным страху перад гестапам, ён вельмі баяўся лагера сьмерці. Нават даючы нам з Міколаю тэстамэнт, ён прасіў нас нічога не прадпрыймаць за яго жыцьця. Ён баяўся, каб мы, маючы такія паўнамоцтвы, не паднялі на Беларусі нацыянальнае партызанкі. Мы такі сьпярша аб гэтым падумалі, але ўрэшце дайшлі да вываду, што гэта было б толькі фізычнае нішчаньне нашых людзей. На жэсты мы шкадавалі крыві беларускай. Палітычнае становішча зарысоўвалася так, што трэба было добра аглядацца, гдзе, куды і як ступіць, каб толькі не пашкодзіць справе. А цяпер нам было трэба ратаваць, вывозіць з Прагі беларускі дзяржаўны архіў, каб яго не захапілі немцы. Акту прагалошаньня незалежнасьці, на жаль, ужо ў архіве не было. Былі дагаворы з літоўцамі, з Галіцкай Украінскай Рэспублікай і інш., папкі з архівамі міністэрстваў БНР і іншымі важнымі дакументамі.

вернуться

40

Відок (дыял.) — карціна, пераважна пейзаж.

вернуться

41

Каляф’ёр (польск. kalafior) — цвятная капуста.

вернуться

42

Пашыхаваць (дыял.) — пашанцаваць.