Выбрать главу

Я была радая хоць тым, што Мікола мог яшчэ ўбачыць дзядзьку й з яго ўласных рук атрымаць гэты дакумент. Першы экзэмпляр далі мне, другі Міколу, а трэці пакінуў сабе дзядзька Васіль. Ніхто пра гэта нічога ня ведаў, усё рабілася тайна. У Менску ўжо існавала Цэнтральная Рада, а гэта быў як другі ўрад, як апазыцыя. Не па нутру гэта было й немцам, якім дэмакратычная БНР нс магла й не хацела, ніяк не хацела падпарадкоўвацца. Яны давалі дзядзьку Васілю вялікія грошы, каб ён выступіў ад імя БНР. Дзядзька адказаў ім: «Гэта завялікія для мяне грошы, але зямалыя для маяго народу». I так жыў ён на вельмі скупыя сродкі ад чэскага Чырвонага Крыжа. Ён умеў сабе ва ўсім адказаць. Пастушок з дзяцінства, з нішчаты, перанёсшы ў раньнім юнацтве тубэркулёз, дабіўся саматугам сякога-такога становішча, аб якім ня думаўшы кінуўся ў вір барацьбы й змаганьня за волю сваяго народу, ён чэсным і верным застаўся да канца. Найболей было гэта страшным для Сталіна, які ўжо паказаў у 37-м годзе, дый раней, што намерваецца зрабіць з Беларусьсю. Нездарма мне сказалі на сьледстве, што іх паляваньне на мяне пачалося якраз з 43-га года. Я гэта адчувала, ведала, чаму мяне хочуць дастаць у Менск, і вельмі, вельмі баялася Ермачэнкі. Каб ён быў з адньші немцамі, ён даўно выдаў бы Вольфсанаў — думалася мне, але я ведала, што ён вораг чэхаў і наагул вораг дэмакрацыі. Ён вельмі разьлічваў на дзядзькаў тэстамэнт, але дзядзька цяпер яго не баяўся. Дзядзька паміраў. Васіль Русак разьлічваў на гэта таксама, але дзядзька не давяраў і яму. Не падабаўся яму й Кастусь Езавітаў, сябра ўраду БНР, які жыў у Рызе. Ён пачаў хіліцца да немцаў, хоць гэта было ня шчыра, а вонкава. Дзядзька ня мог сьцерпець і гэтага. Ён казаў мне: «Езавітаў, як генеральская кабыла, заўсёды хоча быць першым» — а тут трэба ўмець і быць апошнім. Прыйдзе час, і будзем першымі ня мы, дык патомкі нашыя, на вольнай зямлі нашых продкаў! Час гэты прыйдзе!!! Найболей я баялася ўдару з боку Ермачэнкі, гэта была хітрая штука, ды ў яго руках быў мой муж… Я малілася Богу, каб даў мне сілы быць моцным чалавекам у самых найгоршых варунках жыцьця.

Спакавалі мы з Міколам пару чамаданаў нашага дзяржаўнага архіву, і ён павёз гэта ўсе да сябе з думкай усё гэта пераправіць у Францыю. Я й да сяньня ня ведаю, як яму й ці яму гэта ўдалося. Гэты архіў вельмі хацеў вырваць мне з душы Цанава, паставіўшы шмат пазьней мяне перад абліччам сьмерці. Што ж: «Бяз волі Божай волас мне з галавы не ўпадзе, і я вас не баюся!» — ледзь стоячы на нагах з голаду, хваробы, допытаў і трываўшай ужо год турмы, дастойна й спакойна гаварыла я. А лютасьць маіх прасьледавацеляў і сымерць нагла заглядалі мне ў вочы. А пакуль што ў ноч адыходзіў з чамаданамі Мікола Абрамчык, з трывогай аб лёсе хворага дзядзькі Васіля, нашага архіву, нашага народу.

А дзядзька згасаў з кожным днём. 13 сакавіка 43-га года ў нядзелю я наведала яго. Заўважыла, што яго перавялі да найцяжэйшых хворых. Ляжаў ён жоўты, слабы. Хацеў, каб падалі яму судна. Я папрасіла, каб не ўстыдаўся мяне, ён ужо мала на што рэагаваў. Прасіў толькі, каб я так хуценька не хадзіла, каб крыху прысела ля яго. Аддаў мне свой экзэмпляр тэстамэнту й папрасіў, каб гадзіньнік яго я пакінула сабе. Я яму абяцала гэта. Мы разьвіталіся.

Калі назаўтра я пайшла ў больніцу, дзядзька Васіль ужо памёр. Мне апалі рукі, каля мяне дзеяліся незразумелыя рэчы. Я атрымала загадкавага ліста ад нейкае Энгельгарт, якая загадала мне прыйсьці ўвечары на вуліцу Філіпа дэ Монтэ, грозячы, калі не прыйду. (Была гэта, як пасьля высьветлілася, афэрыстка.) Падыходзілі да мяне нейкія людзі на вуліцы, усб было несамавіта. Мне трэба было вытрымаць усё й толькі як сьлед пахаваць дзядзьку. Назаўтра я ўсё, што магла, аформіла ў паграбальным урадзе. Чэхі ў вынятковай ласкавасьці далі дзядзьку мэталёвы гроб, чаго вайною нікому не рабілі. Мне думалася, што некалі мы пазьбіраем усіх сваіх жывых і мёртвых і прывязем у свой беларускі дом, які будзе народным, бацькавым, любым домам для нас. Некалі, некалі… А тым часам то я раўла, то ізноў гатавалася да пахаваньня. Быў бы хоць Яначка, а то сама, як палец.

Назаўтра прыехалі Мікола Абрамчык і Стась Грынкевіч з Бэрліна, прыйшла пані Крэчэўская, і мне стала лягчэй. Стася я ведала з лістоў. Пісаў ён мне з нямецкага лагеру ваеннапалонных польскай арміі, гдзе быў разам з мужавым сваяком, якому мы пісалі, пасылалі кніжкі, часам пасылку. Быў гэта добры беларус, афіцэр польскай арміі, недакончаны лскар. Яго патрыятызм, інтэлігенцыя й выхаваньне ды нейкая чэснасьць беларуская прытым мне падабаліся. Вызначылі час пахаваньня. На Альшанскія могілкі ў праваслаўную капліцу перавезьлі цела памершага. Хоць дадаткова было заплачана за агаленьне нябожчыка, на жаль, і тут мяне ашукалі. Людзей на пахаваньне сабралася вельмі многа. Было шмат вянкоў. Я трымалася вельмі добра. Юрачку вяла пані Ядзя, адна мая знаёмая. Ён, здавалася, разумеў усю важнасьць гэтай хвіліны, быў спакойны, задуманы. Хораша адпраўляў набажэнства айцец Ісакій, расеец, вельмі харошы чалавек і сьвятар. Калі ён пачаў гаварыць апошняе слова па дзядзьку, ды такое — аб долі Беларусі, аб долі памершага, як бы сам быў з нашага народу. Вось тады я ня вытрымала, абмякла, падкасіліся ногі. Мяне вывелі. Бог няхай будзе літасьцівы й вечна міласэрны да таго харошага сьвятара. Вельмі многа зрабілі здымкаў з пахаваньня, а калі ўжо ўсе разышліся, Стась Грынкевіч пабег яшчэ па фатографа, і ўжо фатаграфавалі мяне ля магілаў. Дзядзьку Васіля палажылі ля ягонае жонкі Паліны з Ляўтаў, бо магіла загадзя была закупленай і разьлічанай на дваіх. Стаяў там і помнік з вырытым знакам Пагоні. На помнік толькі прырабілі пасьля мрамарную дошку з імем дзядзькі. Яго званьня напісаць было нельга. Не прызнавалі й тады незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Гітлер і яго генералы й не генералы будавалі т. зв. Новую Эўропу, тысячалетні нямецкі «райх»[43], гдзе беларусам у рэшце рэшт адводзілася месца нявольнікаў, як і ўсім славянам. Прымаючы словы спагаданьня ад чэхаў і роздых нацыянальнасьцяў эмігрантаў, я адчувала, што адышоў наш вялікі чалавек, які як умеў, так чэсна адносна сваяго народу рэпрэзэнтаваў нашую Айчыну за межамі. Цёплае слова сказаў і Гайда, гэта быў чэх, пасол у Ліцьве за часу прабываньня там БНР, які застаўся заўсёды верным сябрам беларусаў і асабіста дзядзькі. Многа пазьней пад час неймаверна шалёнай пургі на Інце падышла да мяне адна эстонка й пачала вельмі хваліць дзядзьку Васіля Захарку. Яна яго ведала. Яе родная цётка-эстонка была жонкай консула чэскага Гайды. Сем’і з сабою дружылі, і гэтая маладая жанчына ня раз гасьціла з імі ў дзядзькі Васіля, калі бывала ў Празе.

вернуться

43

Райх (ням. Reich) — дзяржава, імперыя.