Даволі паважнай фігурай сярод праскіх беларусоў быў Васіль Русак, слуцкі паўстанец. Гэта быў энэргічны дзеяч, вельмі шчыры беларус, але, паводле мяне, недалёкага маштабу. Ён па жонцы меў краму, гдзе таргаваў і зарабляў няблага, меў харошую вілу за Прагаю й ня меў дзяцей. Часам ён фінансаваў «Іскры Скарыны» ці нешта іншае, што пераважна афармляў да друку доктар Грыб. Русак вельмі любіў усюды быць першым, што яму не заўсёды ўдавалася. Гаварыў, дык на нейкім славянскім эспэранта. Многа каму крыху памагаў, але казалі, што кожную дапамогу землякам заносіў у спэцыяльную кнігу, так мовячы, для парадку. Дзядзька ён быў не благі й не дурны, але крыху арыгінал. Ня мог зразумець, як гэта такому скромнаму Геніюшу, які ў свае гады не дабіўся нават капіталу, можна мець усе забэйдаўскія кружэлкі. Мала яшчэ тыя кружэлкі, але яшчэ такую беларускую жонку? Пасьля ад’езду Яначкі ён явіўся да нас з падаркамі, з прадуктамі, лепш кажучы. Прынёс усяго пакрысе й вельмі быў уражаны тым, што я яму за ўсё заплаціла й забараніла болей нешта для нас прыносіць. Ён розна мудраваў, як гэта дапамагчы мне. Выдумаў, што яму трэба схаваць у мяне прадукты, бо немцы могуць зрабіць рэвізію ў краме. «Не, не, — кажу, — сябра, нічога мне вашага ня трэба». Разыходзілася яму аб тое, каб я менавіта напісала аб ім паэму й пры гэтым аб слуцкім паўстаньні. Ня мела я тады часу нават выслухаць гэтых спраў, чаго вельмі шкадую сяньня. Русак меў добры голас і ахвотна сьпяваў у аматарскай групе опэрных чэскіх артыстаў у Празе. Яго выдалі чэхі недзе ў 1945 годзе, і ў лагеры, кажуць, забілі яго. Аднойчы ў лагеры на Інце я загледзелася на адну жанчыну, вельмі да яго падобную. Яна была са Слуцка і, як аказалася пасьля, яго родная пляменьніца Каця Русак…
Недалёка за Прагаю жыў у пана й даіў кароў Мікола Судзьдзеў. Быў гэта харошы просты хлапец з арміі Балаховіча. Жыў з чэшкаю Мажанкаю, вельмі працавітай жанчынаю. Дзяцей у іх не было. Судзьдзеў ахвотна прыяжджаў да нас, галасіўся да беларусаў і ўмеў жыць куды лепей за ўсіх нас, асьвечаных ідэалістаў. Мяне ён вельмі любіў. Пасьля вайны ўзяў савецкае грамадзянства й прынёс на яго анкеты нам. Калі я ад іх адмовілася, дык з болем зацеміў: «Вы будзеце вялікай па сьмерці». Паводле яго практычных разьлікаў, такое не аплачвалася… Кожнаму свае.
Былі і іншыя беларусы ў Чэхах і ў Славаччыне, але яны да нас не галасіліся, беларускія пэрспэктывы былі не цікавыя. Каб нешта сапраўды зрабіць для народу, дык трэба было йсьці на небясьпеку й забывацца зусім аб сабе. Ня кожнаму такое да густу, ды горай, ня ўсім пад сілу. Чэхам было бясьпечней. Мы вельмі спагадалі чэхам, але ім здавалася тады, што яны маюць ворагаў толькі немцаў, а ў нас ворагаў болей, ад якіх нам гразіў проста апартэід, і мы гэта добра разумелі.
Змаганьне нашае пакуль што было амаль без пэрспэктыў, але ні на што нягледзячы, уніжаныя часта й пакрыўджаныя, мы ўпарта змагаліся за правы свае, за зямлю дзядоў сваіх, за мову нашую прыгнечаную, за сваю гісторыю й дзяржаўнасьць. Ля такой барацьбы заставаліся толькі адчайныя волаты. Нямала было такіх. А іначай нам было, як чэхам. Той самы страх пасьля атэнтату[45] на Гайдрыха, той самы боль, калі пералічваліся іх ахвяры.
У мяне бяз мужа было даволі цяжкае матэрыяльнае становішча. Справа ў тым, што доктар Градзіл плаціў мужу вельмі нямнога, а каб таньней яму было, дык у працоўнай кніжцы ганарар мужа быў запісаны напалову меншы, бо тады меней плаціць на касу хворых для работніка і інш. Калі ж мужа забралі, дык плацілі мне толькі паводле кніжкі. Градзіл ведаў гэта, але яму такое было абыякава. На карткі пражыць было цяжка, а дакупіць што ўжо не было за што. Гатоўкі ў нас не было ніколі, бо замнога было галодных і наагул патрабуючых. Я расказала ўсе фрау Піпэр, і яны парадзілі мне схадзіць да доктара Вэхтэра, які быў на чальнікам Саюзу нямецкіх лекараў і загадваў усімі мэдычнымі справамі.
Я пайшла да яго. Гэта быў сярэдніх гадоў чалавек, даволі сымпатычны вонкава, са шрамам, як належыць нямецкаму студэнту. Гутарылі мы крыху па-чэску, крыху па-нямецку. Я яму коратка ўсе расказала й кажу, што за такія грошы не пражыву. «А вы Градзілу казалі пра гэта?» — пытае. «Не, не казала, ён сам гэта павінен ведаць». — «Ага, не казалі, дык гэта фальшывая гордасьць з вашага боку, вось што: трэба тады Градзіла падаць у суд». — «Не, — кажу, — калі мой муж ня меў куска хлеба, ён даў яму працу, хоць скромную, і няхай я буду галодная, але злом за добрае не заплачу». Вэхтэра паклікалі, і я пайшла. Крыху пазьней сказалі мне Піпэры, што паводле меркаваньня доктара Вэхтэра, дык беларусы шляхотны народ… А дапамог мне, як заўсёды, доктар Піпэр. Ён зьвярнуўся да чэха, прыматара, гэта знача як бургамістра горада Прагі, і ён крыху пабольшыў маленькую нашую зарплату. Жыць было можна. Да таго нашая суседка пані Мораўцава шыла скураныя рукавіцы ад крамы, гдзе ёй давалі іх пакроенымі. Вось часам я памагала ёй, гэта былі дэкаратыўныя швы й няблага ў мяне атрымоўваліся. Была гэта бедная жанчына, але як жа харошая.
Юра бегаў у школу, і Свіцкі, дырэктар школы, вельмі хацеў, каб ён заўсёды быў з яго сынамі Нікам і Ваням, каб яны набіраліся энэргіі й шустрасьці крыху ад яго. Хлопчык вучыўся надзвычай добра. Фактычна ён не вучыўся, вечна выкручваўся й вырабляўся, але калі аднойчы настаўніца прачытала кусок нейкай цікавай прозы й загадала яму расказаць, дык малы паўтарыў гэта слова ў слова, чым непамерна зьдзівіў клас.
Юра быў надзіва набожны. Яшчэ маленькі штораніцы шукаў нечага пад падушачкай, што туды клаў яму ноччу ангельчык. А ангельчык быў кахаючы, шчодры, і дзень пачынаўся радасна. Калі часам той ангельчык забываўся нешта палажыць, хлопчык крыўдаваў, і раз сказаў нават «кака ангельчык», але болей такога не паўтарыў. Ангел быў добры. Хлопчык быў чысты й вельмі літасьцівы для ўсяго жывога. Калі аднойчы загубілася яму любімая цацка, дык прыходжу, а ён стаіць на каленях і вядзе гутарку з добрым Бозенькам, гдзе можа быць тая цацка, каб ён дапамог яе знайсьці. Гэта пазьней вельмі дапамагло самотнаму замучанаму юнаку перахітрыць прасьледавацеляў, якія намагаліся маральна яго зьнішчыць, і застацца добрым чалавекам. Аб Юрку, яго здольнасьцях і розуме расказвалі па Празе анекдоты. Юра пісаў вершы. Почырк у яго быў немагчыма паганы, але настаўнік чэскае мовы сказаў мне, што ўсе вялікія людзі пішуць заўсёды непрыгожа…
Добры той чэх высока цаніў малога беларуса, а вось расейскія настаўнікі ня ўсе яго любілі і ён ня ўсіх. Адна настаўніца, відавочна манархістка, заявіла ў школе, што няма ніякае Беларусі і т. п. Хлопчык абурыўся й сказаў: «Я маленькі й магу паказаць на карце, гдзе ляжыць Беларусь, а вы велькая й гэтага ня ведаеце, сорамна гэта…»
Адзін раз вярнуўся са школы вельмі задуманы, нешта тварылася ў яго дзяцінай душы. Нарэшце падышоў да мяне й кажа: «Мамачка, я сяньня цярпеў за Беларусь». Я зьбянтэжылася: «Як жа, сынок?» А справа была такая: настаўнік, які не прызнаваў Беларусі, толькі сваю адзіную й недзялімую Расею, расьцягнуў хлопчыка на лаўцы й добра яму ўсыпаў. Можа, і была на гэта якая невялікая прычына, але чыстая дзіцячая душа добра разумела, за што яго б’юць, маленькага… У чэскай школе было б іначай, але чужынцам у час акупацыі нельга было ў чэскую школу.
Так горкая доля нашага народу клалася на нашую нашчадзь ужо ад дзяцінства. Ня раз яшчэ білі хлопчыка за яго беларускасьць, дабівалі яго фізычна й маральна. Б’юць яго яшчэ й сяньня, а што будзе з маленькімі ўнукамі? Няўжо і ім давядзецца цярпець, як і нам? Што ж, што ўжо Бог ім дасьць, толькі няхай ня будуць горшымі ад нас, няхай не адракаюцца ад сваяго, няхай будуць чэснымі людзьмі й сапраўднымі сынамі нашага Народу!
А дарагі мой Расьціслаў, як толькі змог, уцёк дамоў. Хлопцы ў Бэрліне дапамаглі яму ў гэтым, і ён прыехаў у Жлобаўцы. Зямля гэта ўжо была нямецкая. Яе, як і другія маёнткі, прызначылі немцы для сваіх герояў вайны, а Гродзеншчыну ўжо загадзя прылучылі да свае Прусіі. Брата пакінулі пакуль што як нейкага эканома ў яго родных Жлобаўцах. Што ж, і гэта няблага пакуль што. Расьціслаў аднайшоў самотную бабку Рыгорыху, старэнькую ўдаву па нашым парабку Рыгору, і ўзяў яе сабе замест маці. Пасьля прыбіліся да яго нейкія хлапцы. Славачка перавёз з Гудзевіч наш перавезены туды немаведама чаму дом і стаў жыць. Гэты велікан любіў, як дзіця, маці. Для яе, вывезенай недзе ў дзікі Казахстан, ён і перавозіў гэты дом, каб мела куды вярнуцца з высылкі. Людзкія сэрцы не маглі верыць таму, што й пасьля вайны ня спыніцца нечалавечы зьдзек над людзьмі, гэтага нельга было зразумець сапраўд ным жыхарам старой беларускай зямлі. Так было толькі, казалі, некалі, за татараў… Але татары яшчэ ня самае горшае ў гісторыі нашай зямлі. Мэтады нішчаньня людзей, чужых культур і народаў не былі ў іх так удасканаленыя, як сяньня… Дарма чакалі мы з Расьціславам сваіх бацькоў. Вырак сьмерці напісалі ім нелюдзі загадзя. А мы яшчэ верылі.