Выбрать главу

Так, як Чэхаславаччына, як і Гродзеншчына, так і нашая Зэльва, і родныя Жлобаўцы былі вайною прылучаныя немцамі да Нямеччыны. Гэта давала нам больш магчымасьцяў пасылаць пасылкі адныя другім. Памагалі мы так мужавым бацькам і Расьціславу. Ён перавозіў дамоў нашую хату, і я пасылала яму з Прагі цьвікі, рознае жалеза й асабліва косы, яны былі вельмі добрыя й патрэбныя людзям. А волат Расьціслаў заказаў сабе зрабіць касу паўтара мэтра шырынею. Калі касіў, дык тры жанчыны вязалі за ім снапы. Ён быў так сьвята прывязаны да Жлобаўцаў, што ніяк ня мог зразумець, што я туды не прыеду. Неяк ня цяміў, што абавязкі жонкі й маці важней за наш родны кут…

А кут той мне сьніўся начамі. Не зусім было добра там сьветлавалосаму Расьціславу, было адзінока. Аднойчы атрымалі мы дзіўнага ліста. Расьціслава прасьледаваў чорны цень. Ён яго часта стаў бачыць на панадворку і ў хаце. Вяртаецца сутоньнем з поля, паявіцца ля яго высокі чорны чалавек, уздыхне й згіне ў паветры. Мой муж, цьвярозы мэдык, прачытаўшы ліста, рашыў, што Расьціслаў мог гэта бачыць толькі ў нецьвярозым стане. Я яму так і напісала. Аказалася зусім іначай. Брат, гэты чысты і, як сьляза, незаганны юнак, пачаў і піць, і курыць, як пісаў, з гора й з адзіноты. Толькі чорнага чалавека бачылі ўсе, хто тады жыў у Жлобаўцах, — і старая Рыгорыха, і дзяўчына, якую Славачка ўзяў у помач Рыгорысе, і хлапцы, якія з імі жылі. Мы з Расьціславам ніколі не махлявалі, проста лічылі гэта ніжэй нашага гонару, і нельга было яму ня верыць. Яшчэ сяньня расказваюць сяляне аб тым чорным чалавеку, як загрудкі браў Расьціслава начамі. Брат ня ўсе мне аб ім расказаў, шкадаваў мяне відавочна.

Што ж, зноў старыя сямейныя духі, якія так ведамыя ў сем’ях маіх бацькоў. Можа, у цяжкі час перадсьмяротны так наведваюць сваю верную нашчадзь у палёх духі іх продкаў. Нешта ж між зямлёю й небам ёсьць. Брату я часта пісала, і ён называў мяне «Рыбка залатая», гэта таму, што ўсё мне хацелася аддаць яму, усё выслаць, усім дапамагчы. Чэхі мне ўсе давалі — і дзьверцы да пліты, і самую пліту. Толькі дзіва мне, як гэта ўсе тады даходзіла — а даходзіла ўсё. Калі раз вечарам летнім вяртаўся Расьціслаў з хлопцамі з рэчкі, да іх падышлі партызаны. Што ж, паклікалі іх у хату, напаілі, накармілі, тады сьвіснулі партызаны, і пазьбягаліся ўсе тыя, што акружылі Жлобаўцы, ня ведаючы, як брат зарэагуе на іх візыт. Ракою ж пралілі кроў нашага роду ў 41-м годзе… Партызаны пасябравалі са Славачкам. Яны завялі яго да Люціка, якога хацелі забіць за тое, што падпісаўся й выдаў на вываз бацькоў. Расьціслаў, як я, хрысьціянін, папрасіў іх усіх выйсьці, спыніць свой гаеў і помсту пакінуць Богу…

А мама калела з холаду й з голаду ў Казахстане, дагарала яе жыцьцё. Аркадзі й Аляксей ваявалі ў Андэрса. Маленькая Люся расла ля казахскіх гавец, а Ксеня й Ніна найменей думалі аб хворай маці. Недзе, няведама гдзе нават, здаецца ў гродзенскай турме, крычала, прасіла аб помсьце нявінна пралітая кроў таты. Але мы з Расьціславам ня мсьціліся, мы не любілі Сваіх ворагаў, настолькі хрысьціянамі мы не былі, але мы памагалі ім у цяжкі час, можа, крыху спадзяваліся, што дабро ачалавечыць ім душы, а можа, і нічога не спадзяваліся, проста мы няздольныя былі зрабіць зло.

Начальнік таго невялікага партызанскага збору ля Воўпы, нейкі Міша, здаецца, вельмі зачасьціў са сваімі хлопцамі да Расьціслава. Яны абодва абмяркоўвалі апэрацыі, вельмі пры гэтым аглядаючыся, каб ня нішчыць народу. Крыху пазьней мы прагутарылі з братам ноч напралёт, было гэта ў Зэльве. Расьціслаў клікаў мяне ў Жлобаўцы, але мяне не пусьцілі. Ён запэўніў мяне, што партызаны радыя мяне сустрэнуць, і вось тады пачаў расказваць пра іх. Я пыталася: ці ня ўдарыў яго камісар нямецкі? Ён папрасіў, каб я аб гэтым ніколі не запыталася яго болей. Сказаў толькі, што мама мусіць жыць і яму трэба яе дачакацца.

А той камісар быў раней у Зэльве, быў гэта нейкі, кажуць, немец з палякаў, меў адну руку й сабаку, якога рад нацкоўваў на людзей. У Зэльве вешаў яўрэяў, біў беларусаў і любіў полек. Казаў мне Славачка, што наш знаёмы настаўнік Файкоўскі перакладчыкам у яго, дык ужо мае зусім крывы твар і вывернутую шчаку ад пабояў таго камісара. А на семнаццацігадовую дзяўчыну нацкаваў сабаку, які так пашматаў дзяўчо, што сканала… «Чаму ж не заб’еце гада?» — пытаюся. «Нельга, Залатая рыбка, сто чалавек нашых за яго забілі б, сёлы трэба нам сьцерагчы».

Казаў, што аднаго такога запынілі ў ляску на спацыры на кані, дык грымнуўся гад на калені й крычаў: я быў добры, я быў добры! Яго толькі адлупілі, здаецца, таксама думаючы пра сёлы. Той Міша, відно, не дурны быў хлапец. Ён ажаніўся з дзяўчынаю з Палавок, вёскі, што каля нас, і памёр, казалі, пасьля вайны ад сухотаў…

Ведаючы нямецкую мову, шмат каму памагаў Расьціслаў. Жыў ён спакойна, бо людзі любілі яго, але пад канец прыйшлі нейкія невядомыя далёкія партызаны й ледзь яго не забілі. Не хацеў ён ехаць да нас у Прагу. Кахаў маці й чакаў яе, завяраючы мяне, што бальшавікі цяпер перамяніліся і ўжо перасталі глуміць і вынішчаць людзей. Маці, маці й маці…

У Красным Грудзе жыла мая дваюрадная сястра, што за Каліноўскім. У іх бываў Расьціслаў, перавёз да іх свае рэчы, калі ў 44-м годзе адыходзіў у Савецкую Армію. Ён хаваўся спачатку, бо хацеў ехаць шукаць нашай маці, але тая нашая сястра яго выдала. Расьціслаў загінуў 26 красавіка 1945 года[46], пахаваны недзе ў раёне Барнім у Нямеччыне.

Шмат пазьней сястра Ніна прасіла мяне, каб я кінула думаць пра Беларусь, бо яны вынішчаць усю нашую сям’ю. Яны забілі маяго тату, дамучылі сьведама маму, атруцілі сястронку Люсю ў 1952 годзе[47] ва Вроцлаве, даканалі маральна й фізычна Юрку, а ў канцы вайны савецкі афіцэр забіў выстралам у вісок Расьціслава, кажучы: «Твая сястра-пісьменьніца супраць нас, і ты кулацкі сын…» Вестку гэтую трудна мне праверыць, але, мяркуючы па тым, як яны нішчылі людзей і асабліва нашую сям’ю, гэта зусім праўдападобна. Такога не рабілі нават гітлераўцы, асабліва са сваімі людзьмі. Высокі мой, сьветлы мой, каханы малады брат… Я толькі пытаюся ў Бога — за што?

Нейк пару гадоў таму падышоў да мяне чалавек у Воўпе. Ён мне сказаў, што ў арміі хлапцы з Данілаўцаў угаворвалі Расьціслава ўцякаць з-пад Бэрліна, ён адмовіўся. Сказаў, што ўдома ёсьць Папенюкі і іншыя, якім ён зрабіў дабро, і яны цяпер выслугоўваюцца перад балыпавікамі тым, што яго прасьледуюць… Што ж, і гэта пакінем Богу… Мы з Расьціславам, як дзеці, і пакуль што гэта наш крыж.

Калі мы вярнуліся з лагеру, дык былі зусім бедныя, амаль абдзёртыя. Тады я паехала па просьбе Яначкі да тае свае стрыечнае сястры Лены ў Красны Груд. Славачка пісаў мне, што завёз да яе й маю зінгераўскую машыну. Меў да нас пасьля доўгае разлукі прыехаць наш сын. Мы хацелі прадаць машыну й крыху лепей прыняць сына. У Воўпе сустрэлі мяне нашыя сяляне, яны завялі мяне ў сяло, брыгадзір даў каня й чалавека, і мы паехалі ў Красны Груд. Сястра мая сядзела пад яблыняю, і перад ёю ляжалі горы яблыкаў, якімі яна мяне частавала. Яна вельмі зьдзівілася, што я добра выглядаю, а што яна хворая, ходзіць на ўколы. Пачала бедаваць, што яна бедная, тады я заверыла яе, што нічога ў яе прасіць не зьбіраюся. «А што ў цябе ёсьць?» — запыталася яна. «У мяне ёсьць Сын і ёсьць Муж, а гэта вялікае багацьце!» — сказала я сястры. Тады я пачала пытацца ў яе маю машыну, аб адзежы братавай я не гаварыла, яна перарабіла яе сваім сынам. Сястра ахвотна аддавала мне маю машыну, але толькі тады, калі я дам ёй 600 рублёў (было да рэформы), бо яна дала Славачцы, якога выдала, два кілаграмы сала й 500 рублеў грашыма, вось гэта я ёй мушу вярнуць, іначай яна ня мае што гаварыць са мною… Тады селянін, які быў са мною, кажа ёй: «Калі вы давалі Расьціславу грошы, дык тады пуд жыта каштаваў 500 рублёў, я вам дам сяньня два пуды жыта, толькі аддайце Ларачцы яе машыну». Яна не аддала. Мне прьшомнілася, як вайною ў Прагу прыехала яе родная сястра з сям’ей, з мужам сьвятаром Лапіцкім і дзяцьмі, і як я старалася ўсе магчымае зрабіць для іх, але я маўчала. Чалавек, які мяне прывёз, хацеў паглядзець на машыну, і мы пайшлі ў былы палац, гдзе жыла мая сястра. Паркет блішчэў, зелянела плюшавая мэбля, адчуваўся ва ўсім вялікі дастатак. «Гэта мне людзі перахавалі», — тлумачылася да подласьці скупая скнэра-сястра. А селянін сказаў ёй: «Вось бачыце, вам перахавалі рэчы, а тут за чужую машыну вы хочаце грошы ад чалавека, у якога няма, толькі як на дарогу…» Машына мая стаяла раненая куляю й гранатаю. Машына перажыла нас. Я пагладзіла яе рукою, і мы пайшлі. Тут сястра ўпала амаль у істэрыку, яе дачка пачала плакаць, каб я ў іх засталася, сын ужо прынёс гарэлку. «Не, — сказала я, — з такімі людзьмі не пераламлю я хлеба» — і выйшла. Сястра дзівілася, як мяне, паню, яшчэ возяць сяляне, а яны вазілі мяне, можа, крыху баяліся прадсядацеля, але падвезьлі. Усю дарогу назад мяне мучыла сэрца, і падарожжа я ўспамінаю са страхам. Гэта была родная дачка замучанай у 41-м годзе татавай сястры цёці Мані…

вернуться

46

Дата і год смерці брата Расціслава на іншых старонках — 28 красавіка 1945 года.

вернуться

47

Дата і год смерці сястры Люсі на іншых старонках — 22 мая 1952 года, 1954 год.