Выбрать главу

Нарэшце мы ў Зэльве. Ясна зьзяе папалуднёвае сонца й асьвячае надпіс на станцыі, на гэты раз па-нямецку. Божа, думаю, калі ж дачакаемся мы ўсё на зямлі нашай назваць сваім імем? Едуць нейкія фурманкі, яны ахвотна вязуць да Зэльвы нашыя чамаданы, а мы лёгка ступаем па роднай зямлі, а яна ўжо ад станцыі здаецца нейкай раненай, апустошанай і вельмі, вельмі сіратлівай. У самой Зэльве яшчэ страшней. Немаведама чаму ў руінах увесь цэнтр, усё разьбітае, спаленае. Пажар спыніўся на нашай хаце. Мужаў тата ўзлез на страху й паліваў яе вадою, так абараніў рэшту вуліцы. Хлеў побач згарэў, і відно ўжо стаяць кроквы новага хлява.

Выбеглі да нас бацькі, цалуюць унука, плачуць. Бацька сухі, чорны й босы, чыста жабрак, мама, акуратна апранутая, біла масла, быццам прачувала, што будуць госьці. Навокал страшна: попел і руіны. У нашай хаце жыве сям’я Архімовічаў. Гэта тыя, якія за тое, што ўзялі іх у хату, пасьля абкрадуць пасьмертна мужавага бацьку й зноў будуць старацца выдаць нас на мучэньні паўторна. Успамінаю з жахам аб іх, гэтых найболей пабожных каталіках Зэльвы…

Доўга ў ноч гутарым, і ўспамінам і крыўдам няма канца. Уся душа мая ў родных Жлобаўцах, але паехаць туды нельга, на гэта патрэбны асобы дазвол. Так хочацца пабачыць сьцежкі, гдзе яшчэ сьлед бацькоў, і што з імі няшчаснымі, і гдзе яны сяньня. Як страшна, калі бураць гнезды й забіваюць на зямлі жывое. А гняздо было старое, вялікае, птушак так шмат. Я адна са сваімі думкамі. Муж мой толькі сьведак, яму не баляць ні раны Бацькаўшчыны, нi трагэдыя маей сям’і. Ён мае сваё жыцьцё, слонімскія большыя й меншыя авантуры рознага характару ды спрэчкі з нейкім там камісарам Эрэнам, які, як пасьля аказалася, ня супраць яго расстраляць, каб ня Прата, ня доктар Піпэр у Празе. Назаўтра ад’яжджае муж, я яго праводжу. Яму не ў га лаве нейкая там БНР, ні сьмерць дзядзькі Васіля, ні яго, нi мае бацькі — усё гэта лічыць пяском у параўнаньні з важнасьцю свае пэрсоны. Я зусім не адчуваю, што ён ад’яжджае, мне нейк лягчэй. Сардэчна гутарым з яго бацькамі, а Юра бегае, лётае, у хату лазіць праз вакно й рвецца на поле з пастушкамі пасьвіць кароўку.

На другой палове хаты жыве Каця Вікторка з сынамі, мужа стрыечная сястра. Яна нечаму палохае мяне партызанамі, да іх ходзіць нейкі жудасны немец, і мне ўсе гэта дзіўна. Аднойчы яна паклікала мяне на вуліцу. Я ўбачыла жудаснае явішча: паўзло па вуліцы нешта падобнае да малога танка, а насупраць ляцеў на кані поўным галёпам мой шасьцігадовы сын! Я махнула рукою, што будзе, тое будзе, неўгамонны малы, патомак сялян дарваўся да свае стыхіі. Людзі яго падзіўлялі. Бацькавага каня забралі бальшавікі, дык ён даваў унуку поўны барэцік гаўса й ён бег да суседа, гдзе быў харошы конь. На ім якраз, трымаючыся за грыву, цяпер ляцеў, у жыцьці ніколі не сядзеўшы на кані. Ляцеў і хахатаў з радасьці.

На месца чатырохкутніка крамаў на зэльвенскім рынку нехта пасадзіў парк маладзенькі. Не было яўрэяў, ні іх шматлікіх крамаў, і тут прайшла тая ж, што ўсюды, трагэдыя. У чорнай нейкай хаце жыла ўдава па сьвятару Якабсону, была трагічна счарнелая. Я адведала старушку. Мае знаёмыя паказвалі мне дзетак, якіх выратавалі ад вывазу, і яны цяпер як сіроты. Чаму ж ня выратавалі нам хоць Люсеньку? Па Зэльве хадзілі нямецкія салдаты, вельмі страшныя да насельніцтва не былі, шукалі самагон, яйкі, рабілі свой «аерканьяк»[51] — яечны лікёр.

Нашыя суседзі Байбусы, якім датла згарэла хата, ладзілі вечарынку. Панна Стася з панам Весялухай, сваім пазьнейшым мужам, зусім не адчувалі ні гора, ні страху, ні літасьці над тымі, што гінулі ў лагерах, на франтах, па лесе… Людзі, знача, адзічэлі, калі ў такі час маглі танцаваць, атупелі начыста. Кожны важны немец меў сабе любоўніцу ў Зэльве, і гэта было яшчэ страшней. Гэта былі полькі пераважна, якім здавалася, што занялі яны адпаведныя, «ключовыя пазыцыі» й зноў хоць такім чынам могуць рабіць супраць беларусаў польскую палітыку…

А на плоце вісела аб’ява, гдзе перачысьляліся расстраляныя заложнікі, я не дачытала іх да канца… Стагнала толькі раненая зямля, а людзі, як мурашкі, ціха краталіся, думалі аб жыцьці. Я папыталася ў адной знаёмай, як жа яна жыве з тым немцам, які, напэўна, забіваў людзей… «Ён няшмат забіў, — адказала, — можа, усяго кільканаццаць асоб, і то, калі забіваў іх, дык быў п’яны…» О, Божа, што робіцца з людзьмі, на гэтакага ж глянуць боязна.

Пачаў заглядаць нейкі фрыц і на наш ганак… Нічога я так у жыцьці не баялася, як гэтага чалавека: тоўсты карак быў з незажытымі скуламі, нахабны, сам так і паглядаў у мой бок, і была б сьмерць мне, каб ён мяне крануў, бо такога я ніяк не стрывала б… А ўсе зэльвенскія дамы лічылі такое за гонар…

Згінь ты, прападзі з такой пэрспэктывай! Немцы за мною шпіенілі, а нашая пані Каця ў гэтым памагала… Хто ж бачыў такую жудасьць? Нарэшце я пайшла да камісара папрасіць, каб дазволіў брату да нас прыехаць. Гэты ветліва прыняў мяне, даў дазвол і выразіў жаданьне, каб я засталася настала ў Зэльве.

Славачка прыехаў! Высокі, як дуб, прыгожы. Стаю, паглядаю й плачу. А ён абняў мяне й слова ня вымавіць… Ноч напралёт гаварылі мы з ім. Часам было чутно, як ляціць аэраплан, тады Славачка казаў мне, чый ён, арыентаваўся па гуку. Абгаварылі мы ўсе сямейныя, усе партызанскія справы. Расьціслаў вельмі хацеў, каб я прыехала ў Жлобаўцы, што партызаны радыя чакаюць мяне. Тым, хто забіў бацьку маяго й вынішчыў сям’ю, я ня верыла… У дзядзькі маяго была дачка, і я думала няблага, каб Расьціслаў з ёю ажаніўся. Ён заяжджаў да іх, але калі я папыталася, ці ён кахае яе, хлопец прызнаўся, што кахае іншую, але гэтую возьме, бо я так хачу… Я спалохалася й пачала прасіць яго, каб ажаніўся з той, якую кахае. З ніводнай не ажаніўся, перашкодзіла сьмерць. Ад’яжджаў мой брат пакуль што з мужавай мамай у Пятрэвічы.

У Зэльву прыехаў беларускі канцэрт. Артысты прыйшлі да нас запрасіць мяне на яго. Я вельмі хораша апраналася, адзеньне ў Празе шылася з густам, і таму на мяне ўсе зьвярнулі ўвагу й немцы. Я стаяла разам з іншымі жанчынамі, і мяне за руку стуль вывалаклі наперад. Артысты вельмі хацелі, каб і я нешта сваё сказала. Я шчыра паясьніла ім, што гэта не для мяне… Канцэрт быў вельмі добры, і мясцовы бацюшка запрасіў артыстаў да сябе. Там пры чарцы ім вельмі разьвязаліся языкі, амаль кожны тост быў за мяне. Паразьбіралі ўсе драбніцы з мае сумачкі сабе як сувеніры, а тоўсты немец пачаў пытацца, што я за такая важная пэрсона, няўжо нельга ўспомніць таксама і «Дойчлянд»?[52] У людзей выявілася ўся нейкая спрэсованая нянавісьць да ўсяго, што ня наша, было дзіўна.

Назаўтра быў ужо Славачка. Яшчэ з усходам сонца зноў пад вакном паявіліся артысты, яны клікалі мяне. Усе мы пайшлі на зэльвенскія могілкі, скуль было відаць Зальвянку й другі яе бераг, які ўжо лічыўся «Остлянд», а мы былі «райх»… Сьмешна, каб не трагічна… Мы маўчалі, сэрцам ахапілі ўсю нашую зямлю, гутарылі, што хацелі, ня верылі ў нейкіх даносчыкаў спасярод нас… Пасьля пасядалі, хлопцы мелі гарэлку й закуску. На першай траве выпілі па чарцы, пакаціліся сьлёзы. Хораша ляжаў, выцягнуўшыся на траве, Славачка, быў задуманы.

Артысты, забраўшы сваіх жанчын, адыходзілі. Яны несьлі тое, дзеля чаго галоўнае езьдзілі па сёлах: кашы з яйкамі, з салам. Несьлі іх на калочку па двое. Ім не было ні карэты, ні машыны, ішлі пешкі. Усе абнялі мяне, кожны пацалаваў. Праз сьлезы нешта гаварылі. Пазьней я прачытала ў беластоцкай газэце вельмі цёплае апісаньне нашай гэтай сустрэчы. Пасьля я праводзіла Славачку. Конь у яго быў харошы, але ехалі мы памаленьку, гаварылі пра бацькоў. Ехалі далей і далей, і не хацелася расставацца. Нарэшце далёка за Бародзічамі абняліся, расцалаваліся. Я пайшла хутка, каб не аглядацца, але не стрывала, калі павярнулася, дык убачыла жудаснае. На месцы стаяў і конь, і брат, і ўся яго магутная постаць уздрыгвала з плачу. Мы болей у жыцьці не спаткаліся. Я засталася пры мужу, а сэрцам рвалася туды, гдзе гэты верны, найдарожшы мой брат, каб, забраўшы сына, з ім разам чакаць бацькоў.

вернуться

51

Аерканьяк (польск. ajerkoniak, ням. Eierlikor).

вернуться

52

Дойчлянд (ням. Deutschland) — Германія.