Выбрать главу

Другі раз для мяне зацьвіў бэз гэтай вясною. Мне сьнілася, як ён асыпаў парог наш. «Бэз асыпаў квецьцем твой парог, Расыгіславе, наймілейшы браце».

Назаўтра прыехаў Яначка. Яго проста выкінулі са Слоніма. Немцы, якіх ён лячыў па сваёй спэцыяльнасьці вэнэролага, парадзілі яму маўчаць і казаць толькі «яволь», г. зн. нешта накшталт «так, ёсьць». Ён так казаў, далі яму хатні арышт і за тыдзень паперлі. Палякі на гэты раз зрабілі нам добра, іх даносы, на шчасьце, ня скончыліся сьмерцю мужа. Нядаўна бацька Алега Лойкі езьдзіў як сьведак на Эрэна, слонімскага камісара, у Нямеччыну. Разглядалася й справа расстрэлу мужа. Выратавала яго, як я раней пісала, Прага, знача, зноў Піпэр..

Прыезд мужа быў як дзіва, як цуд. Нам проста ў такое ня верылася. У паперы, якую яму далі, забаранялася яму мэдпрактыка на тэрыторыі ўсяго т. зв. тады «Остлянду»… Янка бараніў сёлы й сьмела выступаў супраць Эрэна… Палякі цешыліся, далбка глядзець і бачыць яны ня ўмелі…

Нехта, хто дапамог выкінуць мужа са Слоніма, зрабіў нам добрую ўслугу. Па тым, што ўначы стралялі па мужу, што даносілі на яго палякі й не любілі немцы, можна было судзіць, што жывым ад іх ня вырвацца, бо, наагул, ліквідавалі людзей самохаць. А гэта бы цуд: ехаць у Прагу! Доўга мы не пабылі ў бацькоў, паехалі яшчэ паглядзець у Пятрэвічы, у тыя некалі так камуністычныя за Польшчы. Сваіх родзічаў мы засталі на сялянскай вечарынцы… Я сумелася: такая вайна, партызаншчына, амаль сьмерць па дарогах, а сяло гоне самагонку, п’е й вось скачуць сабе, як у мірную пару. Мы не маглі так, боль зямлі адгукаўся ў сэрцы. Мне далі дазвол паехаць да брата, але муж мяне не пусьціў, мы спяшаліся ў Прагу.

Да Ваўкавыска ехалі прыгарадным цягніком, людзі прыглядаліся да мяне, зьвярталіся з пытаньнямі, з просьбамі. Мы затрымаліся на пару дзён у Бэрліне, сустрэліся з сябрамі на супольнай вячэры, гдзе ўсё было на карткі. Хвалілі мяне, выступаючы, нашыя сябры, а Мікола, які выступаў апошні, дык сказаў проста: «Яна наша Жоанна д’Арк». Мне пацямнела ў вачох. Ранюсенька мы паехалі. Некалькі асоб нас праводзіла, занялі нам месцы загадзя. Я доўга трымала ў руках букет чырвоных ружаў, і здавалася мне — чую галасы сяброў.

У Празе пачаліся нечаканыя клопаты, паводле загаду са Слоніма, мужа належала адправіць на працу ў Нямеччыну як лагернага лекара. I чаму ж такая нянавісьць з таго Слоніма, што там Янка мог нарабіць? Мне прыпомнілася, як крыху раней наведаў мяне ў Празе адзін вельмі элегантна апрануты чалавек. Ён быў урачыста настроены й вельмі паважна прасіў мае рукі: дазвольце мне заапекавацца вамі й вашым сынам. Мяне затрасло, але я папыталася ў яго: на якой падставе ён просіць мае рукі пры жывым мужу? «А ён ня вернецца болей», — адказаў мне нядошлы, няўпорны жаніх мой. Болей я, здаецца, нічога не пыталася, а толькі енчыла са злосьці на ўвесь пакойчык, а той «жаніх» ляцеў па сходах з цыліндрам у руках.

Знача, у Празе ведалі, што муж жывым ня вернецца… Знача, зноў пашкадаваў Бог нашую сямейку. Мне не заставалася іншае рады, як зноў ісьці да фрау Шпэр прасіць ратунку. Па беларускаму абычаю з пустымі рукамі я ня йшла. Хоць падаркі мае былі невялікія, але былі яны патрэбныя. Муж дастаў працу ў «арбайтсамце», там, гдзе высылалі людзей на працу. Што ж, гэтае месца добра аплачвалася, але яно вельмі не падабалася маяму мужу. «Не хачу грошай, не хачу рабіць там, — скардзіўся мой Іван Пятровіч, — хачу быць лекарам і толькі лекарам».

Зноў я пайшла да добрых людзей, хоць я ім добра ўжо надаела. Вельмі быў зьдзіўлены доктар Піпэр, што муж адмаўляецца ад такіх грошай, каб толькі далей дасканаліць сваю мэдыцыну. Тады я толькі зразумела ўсю мудрасьць нашага прыяцеля, калі мужу далі малаплатную, але вельмі харошую працу ў касе хворых. Там працавалі сапраўды выдатныя лекары, ад якіх можна было многа навучыцца. Яшчэ яны пры дапамозе сваіх сяброў памаглі нам памяняць кватэру, бо Юрачка падрос і ложачка яго было ўжо замалое, а большага не было гдзе даць.

I так мы пераехалі на вуліцу Гэжманову, № 7. Штодзённа я выпраўляла сваіх хлопцаў — аднаго ў школу, другога на працу. Чакала дамоў з нецярплівасьцю, бо час быў неспакойны й кожны шчасьліва пражыты дзень быў ужо сам па сабе выйгрышам. Прыходзілі да нас землякі. Я забылася сказаць, што зараз пасьля маяго прыезду ў Прагу зайшла да нас аднойчы доктар Галубянка. Была яна тоўсценькая, невялічкая, добра апранутая, мілая. Гутарыла са мною вельмі расчулена, здавалася мне, што ўсяго яна мне не сказала. Болей я яе ня бачыла. З пачаткам вайны яна закончыла жыцьцё самагубствам.

Да нас многа прыяжджала сяброў. Людзям было цікава, як выглядае іх паэтэса, якая піша так, як яны думаюць, як яны адчуваюць. Харошы, вартасны доктар Тумаш і далей выгладжваў мае вершы, хоць пісаць пачала я меней, да мяне пачалі прыглядацца, чапляцца крыху, дакараць мяне за мой пэсімізм. Пасьля падарожжа ў Зэльву цяжка было быць аптымістам. Вайна пакінула крывавыя сьляды на народзе нашым, на зямлі незасеянай, на харошых нашых гарадох і найстрашнейшы сьлед на няшчаснай сям’і маёй. Вайна наагул — гульня нецікавая…

Часта пісаў брат. Я праз Жэнэву, праз польскі Чырвоны Крыж шукала братоў і мамы, вывезеных у Казахстан. Расьціслаў быў рады, што сьпіць ён пры адчыненых вокнах, што людзі так цудоўна адносяцца да яго, разумеюць яго. Але людзі ёсьць людзі, вось і напалі на Жлобаўцы нейкія іншыя партызаны, і Расьціслаў ледзь выратаваў жыцьце… Ехаць да нас у Прагу ён ніяк не хацеў, чакаў нашую няшчасную маці, каб мела куток свой, хлеба кавалак на старасьць.

Юра добра вучыўся, многа чытаў. Муж купляў яму шмат кніжак. У яго была свая шафка, свой куточак. Хлопчык быў дасьціпны, умеў ужо думаць, арыентавацца ў нескладаным жыцьці ваеннага часу. На ўсходзе немцы адступалі, і фронт ужо прыбліжаўся да Беларусі. Зноў распоруць снарады грудзі роднай зямлі й загіне нямала тых, хто найлепшы ў народзе. Немцы, напэўна, і самыя ўжо ня верылі ў перамогу. Стала нейк меней страшна. Прайшла першая гадавіна сьмерці дзядзькі Васіля Захаркі, зацьвіў у Празе й перацьвіў бэз.

Аднойчы муж прыйшоў з працы вельмі занепакоены, яму загадалі на працу па тэлефоне заўтра з самага раньня прыйсьці ў гэстапа. Мы не заснулі, ці мала ёсьць прычын, каб згубіць свабоду й нават жыцьцё ў такі час… Назаўтра муж вярнуўся дамоў яшчэ сумнейшы: яму загадалі, каб мы траіх — муж, я і Юра — ехалі адразу ў Менск на Кангрэс[53]. А чаму Юра? Загад з «остміністэрства»… Знача, зноў Ермачэнка, зноў ягоная чорная рука цягаецца да маяго горла. Прашу ў мужа, каб узяў посьвядку з месца працы, што ня можа пакінуць свае работы, якое так многа вайною, проста кажу яму, што для сына ён важней, чымсьці я. Ехаць некаму трэба, але ехаць супраць фронту гэта ехаць на сьмерць… Толькі б ня ехаць ім, бо тут адчуваецца зноў капкан…

Еду я адна. Я не зьвярталася цяпер да фрау Піпэр, але яна сама прыйшла да нас, каб ратаваць мяне. Было позна, ехаць было трэба. З Прагі ехаў яшчэ, паводле таго ж загаду, і інг. Васіль Русак. Знача, мы ўдваіх. Думаць не было часу, у жылах яшчэ была маладосьць і страх, адзіны страх толькі за сваю сям’ю, а яна застаецца ў Празе.

У Прагу прыехаў якраз Адольф Клімовіч. Ён затрымаўся ў нас. Прыехаў, каб ратаваць беларусаў. Беларуская хадэцыя[54], беларуская клерыкальная партыя (1917–1940) пастанавіла ратаваць сваіх, пераправіўшы іх у Чэхаславаччыну, дзеля таго й прыехаў у Прагу Клімовіч. Ведаючы адносіны бальшавікоў да рэлігіі, можна было спадзявацца вынішчаньня, фізычнага вынішчаньня нешматлікіх беларускіх хадэкаў. З немцамі ім было не па дарозе, і яны не хацелі ўцякаць з імі разам. З кароткай гутаркі з Клімовічам было відно, што чэхі арыентуюцца толькі на рускіх, чакаюць іх і хочуць паспрабаваць супрацоўнічаць з імі. Клімовіч прадбачыў канец такога кантакту й высказаў свае меркаваньні, але хто не спрабўе, той не паверыць тым, якія ўжо добра пазналі адных і другіх. Чэхі лічылі сябе найболей культурнымі й разумнымі з усіх славянаў, і ім здавалася, што яны ў падобным саюзе будуць мець гэгэмонію над адсталымі расейцамі і ўсімі славянамі, што ўсе будзе паводле іх плянаў, асабліва ўся эканоміка. Іх пераканаць у тым, як яны памыляюцца, было нельга. Што ж, каго Бог хоча пакараць, таму адыме розум.

вернуться

53

Другі Усебеларускі кангрэс, з’езд прадстаўнікоў беларускіх арганізацый, легальна існуючых у акупаванай Германіяй Беларусі.

вернуться

54

Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД).