Выбрать главу

Нарэшце мы апынуліся ў Менску, зьлезьлі з цягніка. Падбеглі да нас рыкшы, самыя сапраўдныя хлапчукі, упрэжаныя ў тачкі. Дзікасьць несусьветная. Узвалілі мы аднаму такому свае рэчы, ён і павёз. Гляджу на Русака й кажу: «Вось і прыехалі мы на Беларусь, каб бедны хлопчык валок нашыя рэчы». Русак падышоў да хлопчыка, упрогся разам з ім у тачку, і так яны йшлі пасярод вуліцы.

Менск ляжаў паранены, разьбіты, адны руіны й нішчата. Я пачала плакаць, нэрвы мае ня вытрымалі. Не магла глядзець на шэрых, убогіх маіх землякоў, на іх твары худыя й на кантраст — сытых немцаў…

Нам паказалі будынак, гдзе быў Кангрэс. Мы прыехалі позна, Кангрэс ужо адбыўся. Да нас падыходзілі людзі, знаёміліся з намі. Мяне ўсе ведалі з літаратуры. Твары людзей чырванелі з нейкага неспакою, аказалася, яны выступалі горда, моцна супраць усіх ворагаў Беларусі й супраць немцаў, не скрываючы гэтага. Кангрэс гэты дазволілі нехрысты толькі адступаючы, калі гінулі ўжо самыя, тады толькі згадалі пра нас. Людзі разумелі гэта.

Да мяне падышоў Вітушка, сказаў, што завязе мяне да Арсеньневай. Калі апынуліся ля ягонай машыны, такога нейкага «казла», ён спыніўся й кажа: «Ларыса Геніюш, я ненавіджу немцаў, я толькі й толькі беларус, але нам трэба здабыць яе для народу, гэту зямлю нашу, і трэба нам усё дзеля гэтага выкарыстаць… Я мусяў сказаць вам гэта». — «А я й так гэта ведала».

Мы паехалі да Кушаляў. Натальля Арсеньнева была сама ўдома, мы прывіталіся. Я памылася. Раптам увалілася ў хату поўна моладзі, яны хацелі, каб я пабыла з імі, у іхняй кампаніі гэты вечар. Натальля Арсеньнева іх ветліва ўсіх выправадзіла. Мяне ўлажыла ў пасьцель, і я, плачучы, як дзіця, заснула. Вечарам збудзілі мяне, прыйшоў Кушаль. Мала ў жыцьці я сустракала так шляхотных, бескарысных патрыётаў, якім быў Кушаль. Ён, як і Вітушка, жыў і дыхаў толькі тым, што мог нешта рабіць для Беларусі.

Мы былі ў такім становішчы, што нам нельга было абмінуць найменшай магчымасьці, гдзе можна было б заявіць аб тым, што мы людзі й зямля гэтая — наша зямля! Аб сабе з нас мала хто думаў, думалі аб народзе, аб справе. Нам нельга было падняць наш народ, але старацца захаваць яго фізычна, ратаваць яго ад ворагаў, ад абыякавых, штурхаючых сёлы на гібель, было неабходна.

«Малая розьніца між немцамі й рускімі для нас», — адказаў мне Кушаль, калі я ганіла немцаў. «Яны нелюдзі, але й тыя нічога добрага, акрамя лагероў і сьмерці, пакуль што не прынясьлі нам». Я змоўкла. Пачалася трывога, і мы спусьціліся ў склеп, гдзе я адчувала сябе як у Празе, бо публіка была там эўрапейская. Аказалася, што ў гэтым доме жывуць немцы й склеп супольны. Назаўтра з Натальляй Арсеньневай мы пайшлі ў Дом ураду. Нас агледзелі, далі пропуск, і мы падняліся наверх. Сустрэў нас першы Кастусь Езавітаў. Ён быў несказана рады з нашае сустрэчы, бо даўно ўжо шмат пісаў мне, называючы мяне салаўём беларускай эміграцыі. Прыйшоў да нас і Юрка Віцьбіч. Ён сабраўся ад’яжджаць, раскрыў свой чамаданчык і паказаў мне, што, акрамя кашулі, узяў з сабою ў дарогу маю кніжку… Назьбіралася моладзі. Нехта нас фатаграфаваў. Пасьля Езавітаў пазнаёміў мяне з Радаславам Астроўскім. «Я чуў пра вас», — сказаў мне Астроўскі, нейк крыху непрыязна глянуўшы на мяне. «I я пра вас чула», — кажу яму ў адказ. Прэзыдэнт сьпяшаўся, сказаў усім сабрацца ў вялікую залю. Мы туды пайшлі таксама. На цэнтральнай сьцяне вісеў вялікі партрэт Астроўскага. Людзей сабралася поўна. Астроўскі загадаў усім эвакуавацца, каб пайшлі атрымаць трохмесячную зарплату й зьбіраліся ўцякаць. Людзі заварушыліся. Я ўбачыла сваяго знаёмага яшчэ з дзяціных гадоў. Ён падышоў да мяне, і я крыху супакоілася, бо ведала, што гэты харошы чалавек выратуе мяне з найгоршага. Мы зноў паехалі да Кушаляў, але без Натальлі. Яна пабегла да бацькоў Адамовіча, якія былі самыя, яна наагул найменей думала пра сябе, памагала іншым.

Усім было загадана сабрацца ўжо з рэчамі ля будынку, гдзе быў Кангрэс. Я пачала пакаваць рэчы Кушаляў, завязваць усе ў клункі. Кушаль паглядзеў па хаце й кажа: «Трэба каб нашае сэрца было пры нас, глупства ўсе гэта, набытное». Пакідалася многае. Насмажыла я нейкай яешні, накарміла ўсіх, і мы паехалі на той панадворак, гдзе ўжо сабралася многа людзей. Не відно было чамаданаў: клункі, клункі. Сэрца сьціскалася, гледзячы на гэтых людзей. Куды ехаць, да каго ехаць? Мы, якіх павыклікалі з-за граніцы, мелі права ад’ехаць цягніком. Было нас даволі. Сябры выпрасілі нейк пэрсанальную машыну Астроўскага й злажылі туды свае рэчы. Пасадзілі мяне ў машыну, каб ехала за імі, калі прыйдзе шафер. Поўная машына партфэляў, чамаданчыкаў, і я сяджу ля іх, вартую. Твар у мяне заплаканы, хоць усе да мяне тут добра адносяцца, але горад у руінах гняце несуцешна. Немцы едуць, гаргечуць, а мы тут сядзімо, чакаем варожае ласкі — згінь ты, прападзі… Падышоў да мяне Алесь Салавей, прысеў такі прыгожы юнак, прадэклямаваў мне мае вершы. З маленькім клуначкам і маладой жонкай з дзецям на руках падышоў яшчэ адзін паэт. Гэта ўсяго іх багацьця. Душаць сьлёзы. Для ўсіх багатая мая Беларусь, жывуць тут і пасуцца розныя адшчапенцы, толькі для сваіх дзяцей яна такая няшчодрая. А яны яе любяць, нясуць жыцьцё сваё ёй у ахвяру й гінуць, і вецер заносіць пылам сьляды іх. Між іншым, той паэт з жонкаю трапіў да баўэра ў Нямеччыне. Памерла дзіцятка іх, не было ў чым пахаваць, аж кляты фрыц зьлітаваўся: даў дзьве дошчачкі беларусянятку памершаму. Закапалі малое, як жывёлінку.

Сяджу, чакаю шафёра. Нарэшце бачу: сунецца дзябелы дзядзька і, убачыўшы мяне, аж грыміць, што я раблю ў яго машыне. Кажу: «Гэтыя рэчы пакінулі тут сябры й казалі, што вы завязеце іх і мяне на станцыю». — «Я нікога не павязу, гэта не мая справа», — грыміць яго вялічаство прэзыдэнтаў шафер. «Ах так, дрэнь, калі столькі людзей у не бясьпецы й трэба ім дапамагчы, ты тут будзеш слухаць мяне ці ня слухаць? Дык ведай, ведай, воўча шкура, што везьці мяне завялікая чэсьць для цябе, нехрыст!» — крычу, а сама выкідаю рэчы з машыны ў горбу[57]. Шафёр сумеўся, можа, ужо й павёз бы мяне, але з такім зьверам, халуём нямецкім сама не паеду! А той жа прэзыдэнт дазволіў сябрам машыну, і што ён тут зьдзекуецца? Людзі глядзяць на мяне, як на дзіва. Падыходзіць, кульгаючы, нейкі чалавек, дае мне палку й кажа: «Дайце яму гэтай палкай, прахвосту, надаелі яны мне. Я лекар, я хацеў тут зрабіць беларускі Чырвоны Крыж. Яны, вось такія, як ён, ня далі мне, гады». Падымаецца бунт на дзядзінцы: капітан жа зыходзіць з карабля апошні! Ніхто ня думае пра людзей. Ажно вярнуліся сябры, цягніка няма. Бачаць яны, што тут робіцца, маўчаць, крывяць насамі, а да мяне падыходзіць бацюшка, ды мой сваяк прытым, прапануе фурманку сваю на рэчы, гасьціну ў сваім доме, што ля вакзала, каб было бліжэй. Яго чалавек ужо пакуе чамаданы на фурманку, але тут перашкода. Зьнекуль явіўся нейкі тып высокі й чорны, называецца Сьцяпанаў. Учапіўся да маіх мужчынаў, а іх якіх дзесяць чалавек, каб нікуды ня ехалі, што ён завядзе нас у сховішча, там пераначуем і г.д. Не дае пакаваць рэчаў. Я крычу, каб ён адышоў і каб яго ніхто ня слухаў, бо яго сховішча ў руінах — гэта чортава лавушка! Я чую руку Ермачэнкі, вось ён яшчэ хацеў, каб быў тут і муж, і сын наш, якому дзесяць гадоў няма… Не адыходзіць, бандыт, толькі кажа: «Ня слухайце гэтую жанчыну, ня едзьце да папа, мы тут весела з вамі правядзем вечар». Мне ўсё ясна, нас тут трэба ўсіх забраць. Безумоўна, ня немцам мы патрэбныя. Ясна як божы дзень. Мяркую, каб бліжэй да станцыі. Ужо іх некалькі сабралася супраць мяне. Нарэшце кажу: «Хто хоча ехаць са мною, няхай едзе, а не, дык будзе вам горай». Сьцяпанаў дастаў пачку папяросаў, цэлую сотню, і частуе імі Езавітава, а той глянуў на яго й кажа: «Не да смаку мне вашыя папяросы…»

Фурманка паехала, і ўсе мы пайшлі за ёю. Ніхто не адышоў. Не адышоў і Сьцяпанаў з дружкамі. Веў нас тры кіламетры да таго бацюшкі, усё пераконваў, каб вярнуліся, але выйграла я! Дачка татавай сястры, цёці Мані, была жонкай айца Лапіцкага, вось мы да іх і прыехалі. Старэнькі сьвятар Балай сядзеў ля стала й заставаўся з намі, галоўнае, са сваімі рэчамі, а мае сваякі, і жонка, і сын айца Балая ад’яжджалі ў цэркву, гдзе вельмі моцны склеп. Сястронка мяне ня клікала, а я села на канапу ля стала, зьняла чаравікі і ўздыхнула. Супакоілася нарэшце. Сябры былі пры мне. Пасьля пайшлі мы з Езавітавым на станцыю. Усюды ляжала поўна раненых, стагналі. Цягнік ішоў толькі ў пяць раніцай, але каб дастаць білеты на яго, трэба было мець посьвядку аб дэзынфэкцыі ад вошаў — «энтляўсунгшайн»…[58] Ах, ну ж і немцы, гінуць, падцягваюць порткі на хаду і яшчэ трымаюцца да апошняй хвіліны распарадку, ну і «орднунг»![59]

вернуться

57

Горба (дыял.) — куча.

вернуться

58

Маецца на ўвазе пасведчанне аб дэзінсекцыі (ням. Entlausungschein).

вернуться

59

Орднунг (ням. Ordnung) — парадак.