«Што робіце, пані Ларыса, — пераконваў Лашчанка, — ды ўрэшце я вас ужо не шкадую, я шкадую бальшавікоў, што ім рабіць з вамі? Дзьве магчымасьці: альбо даць вам высокае становішча, альбо забіць адразу — бедныя бальшавікі!» I каб давесьці, што ён ня меней адважны, сябра Алег застаўся ў Празе, як я. Яго схапілі, але, на шчасьце, удалося яму ўцячы ад іх на Захад. Шчасьлівы чалавек, што ж, ён быў нежанаты, і ніхто ня ставіў яму ультыматумаў, не казыраў дзецям… Захварэла фрау Піпэр, і яна прасіла, каб мы разам ехалі, каб я была пры ёй.
Перад гэтым яшчэ за паўгода прыйшоў да нас опа (бацька фрау Піпэр). Муж быў на працы. Ён пачаў мне паясьняць, што цяпер такі час, што лекары працуюць і з лапатамі й што яго зяць бясьсільны ў гэтым выпадку нам памагчы, што мужа маяго загадалі паслаць у лагер працоўных на Мараву, у Куціны, куды перанесьлі нейкую авіяфабрыку з Аўстрыі. Было відно, што паступіў зноў данос на Янку, Ермачэнка ня спаў. Якраз быў налёт на Прагу, і опа застаўся ў нас на абед. Сардэчна й хораша мы пагутарылі са старэнькім, калі ў хаце дачкі ён крыху стрымваўся, дык у нас крытыкаваў фюрэра з грунту. Было відно, што й немцы думалі, але страх за сем’і і за жыцьце скоўваў ім языкі й рукі.
I так зноў прыйшлося ехаць мужу недзе ў мараўскія лясы, гдзе ў цяжкіх варунках разьмяшчаліся тая фабрыка й рабочы лагер. Аднойчы я яго наведала, ледзь дабралася нейкай грузавой машынай. Жыў ён вельмі прымітыўна, але сталаваўся ў чэскай рабочай сям’і, і даглядалі яго добра. Пазнаёмілася я там і з Карлем Вотрубай, мужа фэльчарам. Гэта быў студэнт мэдыцыны, які, калі немцы закрылі чэскія унівэрсытэты, не пажадаў ехаць канчаць студыя ў Нямеччыну й лепей пайшоў на працу. Карлічак да апошняга часу застаўся нашым вялікім сябрам. Ён аднойчы сказаў мне, што хацеў бы ажаніцца з беларускай. Быў гэта выдатны чалавек і шчыры сябра.
Моцна трымаўся нашай сям’і Аляксандр Русак. Тут ужо было нешта няяснае, гавораць розна. У той час было многа розных людзей, і адзінай, разумнай рады, якую мне некалі даў Ермачэнка, каб не пускаць у хату чужых людзей, мы не паслухалі. Быў цяжкі час, і хацелася дапамагчы людзям, чым мы маглі. А яны паяўляліся зусюль!
Аднойчы пані Марыя Крэчэўская прыехала да нас са сваім шваграм доктарам Вукдэлічам. Быў гэта чарнагорац, высокі, прыстойны, з сынамі Бранкам і Драгам. Некалі ён студыяваў у Празе й закахаўся ў такой жа студэнтцы, прыгожай беларусачцы, і павёз яе ў дзікую Чарнагорыю, гдзе тады яшчэ жанчыны ўцякалі ў лясы, каб раджаць, і дамоў прыносілі сыноў у прыполе. Сястры пані Крэчэўскай гэтакае не гразіла, бо ўсё ж сям’я была асьвечанай. У багатым чарнагорскім народным строі яна выглядала цудоўна, і казалі на яе «краліца», г. зн. каралева. Ядвіга пасьля захварэла на астму. Мела двох сыноў і дзьвех дачок. I вось Вукдэліч з сынамі нечаму прабіраўся на захад далей, стараючыся пазьбягаць сустрэчы з немцамі. Драга цудоўна сьпяваў па-італьянску. I тут трэба было дапамагчы зямляцкай крывінцы нашай хоць нейкім адзеньнем, неабходным у цяжкую пору вайны й нястачаў. Я ніколі не была скупая й рада, чым магла, дзялілася з людзьмі. А памагаць трэба было многім. Часам было сьмешна, бо другія, якія незнаёмыя людзі слалі мне грошы. Адзін такі сябра напісаў, што хацеў сабе зрабіць радасьць і таму, праходзячы ля пошты, выслаў мне грошы, бо я-то ўжо буду ведаць, што з імі зрабіць. Другія, выходзячы з нашай хаты сілаю выпхнутыя, каб не разьлічваліся за драбніцы, пасьпявалі нейк яшчэ забегчы на пошту й выслаць тысячу карон. А колькі пасылак, хоць хлеба, хоць цыбулінку людзям…
Адных праважаеш, другіх сустракаеш, а ў кішэнях пераважна пуста. Хораша так было! Толькі сьледавацелі мае такога не разумелі, тут бескарысна не дапамагаецца людзям, і нашую хату палічылі цэнтрам амэрыканскай разьведкі. А мы тых амэрыканцаў ня бачылі ў вочы, дый яны ня ведалі аб нашым існаваньні. Прыходзілі й чэхі па дапамогу, шукалі дарогі да харошага Піпэра, і ён ніколі не адмовіў. Бывала, хоць вітаміны выпіша зьняволеным на Панкрац (праская турма), а часам і дапаможа паважна.
Я была такой, якою мяне выхавалі ўдома, а Алег Лашчанка цьвердзіў: «Шчо б вас, Ларісо Антонівно, знав Гітлер, він бы нэ міг буты такім жостокім та крывавым». Ну, але той нехрыст ня ведаў беларускай натуры й шпарыў па-свояму, робячы навечны ўстыд старой нямецкай культуры, а на нас наганяючы страх бязглуздымі загадамі. Калі быў на яго атэнтат, дык не было чалавека, які не жадаў бы яму прадчаснай канчыны. Але, на жаль, лёс трымаў яго на гора яго собскага народу й на няшчасьце ўсіх тых, кудэмі кацілася бязьлітасная вайна і ўставалі новыя, пасьляваенныя зьдзекі.
Я зноў вельмі непакоілася за Янку. Нашае супружжа было як сон, як нерэальнасьць. Усё нас лёс разлучае: то пасьля вясельля на колькі месяцаў, то пасьля нарадзінаў Юры на два гады, то на Беларусь, то цяпер на Мараву.
На століку ля маяго ложка Евангельле, якое чытаю вечарам, а малы Юра прытуліцца да мяне й слухае, слухае. Яму заўсёды мала маяго таварыства: «Мама, няхай сяньня будзе мой дзень, і мы будзем толькі з табою, будзем маляваць, чытаць, расказваць». Як нам тады добра, мы, як два сябры, як аднагодкі, цешымся тым самым, і калі я яму чытаю ўрыўкі са свае «Рагнеды», яму здаецца, што ён малы Ізяслаў…
Ізноў парадкі чужыя, ламаньне на іншы манер ужо ломанага-пераломанага, замена багоў і адвечнае праўды людзей і зямлі, на якой гэтыя людзі жывуць з вякоў вечных. Так, не было болей сонца, яно прыходзіць з благаславенствам, а ня з грубаю сілаю, якая ўводзіць у душы людзкія законы недарэчных адзінак. Экспэрымэнт. Гэта тое, што нас чакала пасьля ўсіх жудасьцяў мінулай вайны. Мір не бальзам на душы, а мір, як новыя раны, якім не відно канца. Вайна ня скончана, яшчэ вярэдзяць душы, і караюць, і выклікаюць за вернасьць старому Богу… А Ён глядзіць з вышыні сваяго ўкрыжаваньня, дазваляе блудзіць і ў пошуках розных праўдаў вяртацца ў рэшце рэшт да адвечнае, мудрае: «Любі бліжняга сваяго, як самога сябе». Бо на гэтым толькі можа будавацца шчасьце й мір на зямлі. Ідэю любові да людзей Ісус з Назарэту прыпячатаў дабравольнай сьмерцю на крыжы. Не, Ён ня гнаў мільёнаў адборнай моладзі на загубу, каб сілаю ўмацаваць свае ідэі, а на сьмерць пайшоў Сам. Ускрашаў памершых, сцаляў хворых, загадваў кахаць сябе людзям узаемна, быць справядлівымі, ня прагнуць чужога, знача, і чужое зямлі. Навучаў. Дванаццаць апосталаў, простых людзей, умацавалі Яго праўду трывальней і мудрэй, чымсьці сяньня гэта робяць тысячы газэтаў, радыё й тэлебачаньне сьвету! Мудрасьць крылатая, яна, як насеньне дуба, ляціць і ўкараняецца ўжо на вечнасьць. Проста й мудра, велічна й вечна!
А пакуль што зьбіраюцца ў Празе няшчасныя ўласаўцы, якім лёс дазволіў яшчэ крыху пажыць, бо, падведзеныя Сталіным, адданыя на міласьць-няміласьць ворагу, яны ўжо даўно гнаілі б зямлю, каб не ратаваліся ў арміі РОА[66]. Хто канаў ад голаду й масавага зьдзеку над людзьмі, той іх асудзіць ня можа. Трагічны іх лёс выклікае сьлёзы. Зноў тут паняцьце двух тыраніяў і ніякае трэцяй магчымасьці, каб ратавацца. А калі б хоць капелька разуменьня людзей, жалю над імі! Самыя разумныя тут будуць гнаныя, як бараны на рэзьню, бо розум ні тым, ні другім непатрэбны. Сіла, тупая сіла, але багнэты[67] ніколі не зацьвітуць дрэвамі, танкі не ўзаруць пад хлеб зямлі, бомбы не забаўкі й аэрапланы ня птушкі…
Напэўна, і ў хрысьціянаў быў бы прагрэс, але ён меў бы гуманныя мэты.
Уцякаюць з Прагі масава немцы. Ня немцы бягуць у страшную Нямеччыну да недабіткаў у разбураныя гарады, у голад. «Там з кожным днём будзе лепей, — казала мне Ольга Пэтрыўна, сястра Лэсі Украінкі, — а там, гдзе вы хочаце застацца, ніколі добра ня будзе, ніколі…» Як часта я цяпер яе ўспамінаю, але ратунку няма. Мой «сацыяліст» быў шчасьлівы, што ўсе паехалі й мая асоба ў яго праўным, супружаскім распараджэньні, а рэшта ня мае значэньня. Толькі паэты, як птушкі, адчуваюць будучае й церпяць ужо авансам. Здаецца мне — ступаю па нажах і крывавяць мне ступні.
Нехта прынёс нам з чэхаў кусок мяса, парадзілі купіць у запас хлеба. Вечарам маладыя чэхі ходзяць, зрываюць нямецкія напісы на вуліцах і разьбіваюць іх аб брук. У нас Вялікдзень, якраз Вялікая Пятніца. Прыйшоў да нас інг. Лось. Ён вельмі разумны ўкраінец, жанаты з чэшкаю, але цяпер другое зарысоўваецца на палітычным гарызонце, і чэшка памалу яго выганяе, ёсьць дзеці. Калі б украінка, дык яна пайшла б з ім ахвотна далей на змаганьне — чэшцы патрэбныя толькі выгоды й люксус у жыцьці, а на гэтае пэрспэктываў ніякіх…
66
Руская вызваленчая армія, вайсковыя фарміраванні, створаныя нямецкімі ўладамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны з ваеннапалонных Савецкай Арміі.