Вось і прыбеглі дзядзькі бараніць мяне ад усякіх нягод у час неспакою. Што ж, я іх прывітала з перамогай і нашкрабла яшчэ ў пудэлку закурыць ім. Прыбег з сяла й балаховец наш Судзьдзеў, які таксама адчуваў патрыятычную адказнасьць за цэласьць мае асобы. Пасьля мы былі аточаныя самымі апекунамі.
Байцы і, галоўнае, чыны вышэйшыя нахваталі крыху ў Эўропе трыпяркоў, мякка кажучы. Для іх быў з гэтай прычыны адпаведны шпіталь, але каму хацелася туды галасіцца[71] ў такую слаўную пару перамогі, вось і лячыў іх «свой доктар». Лячыў хлопцаў сапраўды сумленна, і даволі мы іх любілі. Кожны з іх нам ня радзіў рушыцца з Прагі, а ў кампаніі кожны чулым голасам размалёўваў усю красу радзімы й клікаў дамоў. Мы верылі, безумоўна, гутаркам у адзіночку.
Мне ўсяк дагаджалі, вазілі мяне на машыне, прыносілі падаркі. Мы былі радыя, бо ўжо ніякія «славацкія героі» ня мелі дачыненьня да нас. Часта было нам з нашымі новымі сябрамі даволі клапатліва, то частуй, то на рэнтген іх вядзі. Найгорай было, калі яны ў нас частаваліся, дзякавалі за ўсё й трэба было з імі выпіць. Гэта было неабходна. Муж пасьля двух аб’ёмістых чарак рабіўся нежывы, а ня выпіць мы баяліся. Наагул, прызнацца, мы ўсе ж іх вельмі баяліся. Піць даводзілася мне, я сільнейшая. У жыцьці ня піўшы, я піла поўнымі шклянкамі, перад гэтым выпіўшы добры глыток алею, і нічога мне не было! Трымалася, як усе мае Міклашы, мае продкі, знамянітыя тым, колькі маглі выпіць, не губляючы галавы й ног! Муж дзівам дзівіўся, разумеў маю адчайную ахвярнасьць, толькі не разумеў, нехрыст паганы, што ён мяне пакінуў на такія пакуты, а я яго выручаю.
Пакуль што ўсё йшло добра, галоўнае было нейк захавацца ў Празе любою цаною. Забіралі пакуль што ўсіх савецкіх грамадзян, але мы не былі ніколі савецкія й нас гэта не датычыла. Чэскія актывісты таксама трымаліся далей ад нас. Муж працаваў на сваёй апошняй ваеннай працы ў вялікай фабрыцы «Чэска-мараўскай» у Празе. Вайною там чэхі весела рабілі немцам танкі, ну а цяпер нават ня ведаю, што яны там тварылі. Мужа яны пакінулі на месцы, але яго шэф, чэх, мусяў уцякаць. З дырэктарамі яны зусім ня цацкаліся, а загадвалі ім рабіць прысядкі і іншую гімнастыку за кару іх супрацоўніцтва. Мужа вельмі паважалі. Ён ім нічога асабліва добрага не зрабіў, але й паганага не зрабіў ніколі. Памагаў як мог і быў адным з чатырох лекараў фабрычных у рэспубліцы, якіх чэхі пакінулі ў спакоі й на працы.
Жылося нам матэрыяльна няблага, але вось спакою не было — не было спраў ад мужа бацькоў, ад Славачкі. Няведама, што было з мамай і рэштай сям’і. Тату я нечаму лічыла нежывым. Яго такі забілі ў гродзенскай турме, як і дзядзьку Валодзю. А вось за маму непакоілася.
У нас зноў быў цэнтр беларускага жыцьця. Усе ўцекачы, якія не пасьпелі выехаць на Захад, зьбіраліся ў нас. Нейк трэба было іх ратаваць, бо дамоў яны не хацелі. Зачасьціў да нас вельмі харошы, паважны хлопец Петра Сьценьнік, ён вельмі моцна клапаціўся аб уцекачах. Недзе на вёсцы ля Прагі жылі нашыя, сярод іх доктар Мінкевіч з жонкаю й дзьвюмя дочкамі, адна з іх была нарачонай Пётры. З Петрай мы разумелі сябе як родныя і ўсе рабілі, каб ратаваць нашых. Прыходзілі і доктар Мінкевіч, і дацэнт Жарскі, які застаўся, каб вярнуцца дамоў, бо баяўся на Захадзе, як казаў, беспрацоўя. Паяўляліся розныя тыпы, і толькі я цяпер разумею, што было між іх поўна стукачоў.
Аднойчы прыйшла дзяўчына, якая шукала мужа. Казала, што ўцякла з савецкага лагеру, мела пры сабе толькі індэкс віленскага унівэрсытэту, які паказала. Мужа яна ведала. Называць яе не хачу. Трымалася яна несамавіта, але я лічыла сваім абавязкам дапамагчы і ёй. Напала яна перад усім на папяросы, якія курыла без перарыву. Я карміла яе, калі прыйшоў муж. Яна нам залівала, што ўцякла з лагеру, каб нас пабачыць, што яе ад амэрыканцаў укралі ў савецкі лагер. Мы слухалі й не падазравалі, што прыеланая яна па нашыя душы. Яна ў нас убачыла Пётру і ўсё пыталася ў яго, як дастацца на Захад. Пётра маўчаў, і мы з ім госьці ня верылі.
Нарэшце мы з Пётрам паслалі адну чэшку ў Пльзэнь, каб яна нам даведалася пра вольны амэрыканскі лагер для перасяленцаў. Найвышэйшы час было ратаваць людзей. У гэты час трэба было захварэць дачцэ Мікулічаў. Захварэла яна цяжка на тыф. Палажылі дзяўчо ў шпіталь на сяле, гдзе яе не лячылі зусім, бо мясцовы пэрсанал быў камуністычны і іх лічылі за ўцекачоў ад саветаў. Бедныя бацькі бегалі ля вокан, а дзяўчо канала без лячэньня. Бацьку-доктара да хворай не пускалі. Аднойчы Петра прыйшоў счарнелы з болю — Гэля памерла. Няшчасьце зрабіла нас неасьцярожнымі. Мы думалі толькі аб памершай. У мяне прасілі, каб выстарацца дазвол на пахаваньне яе на праскіх могілках для эмігрантаў. Чэхі звычайна ні ў чым мне не адмаўлялі, не адмовілі й на гэты раз. Цела перавезьлі ў капліцу на могілкі. Было нейкае ўжо асеньняе амаль сьвята, і я паехала ў тую капліцу на вячэрню. Між праваслаўных мяне добра ведалі, і яны былі мне знаёмыя.
Ля капліцы я ўбачыла Жука й са зьдзіўленьнем папыталася, што ён тут робіць? Ён дзіўна паглядзеў на мяне й сказаў, што прыйшоў паглядзець на магілы байцоў. А тут яшчэ паявілася знамянітая «студэнтка Віленскага унівэрсытэту». Я спалохалася. Яна мне вытлумачыла, што яе зноў пусьцілі з лагеру, і пачала нешта закідаць, што праскім беларусам грозіць бяда. Мяне настарожыла сама атмасфэра таго вечара, а тут яшчэ такія гутаркі… Дзіўна.
Назаўтра быў дождж. Муж, адыходзячы на працу, прасіў у мяне, каб ня езьдзіла на пахаваньне, і ён ужо пачаў адчуваць небясьпеку. Рана прыехаў Петра й пакінуў у нас хлопчыка ў веку нашага Юры, сам пабег на могілкі. Пахаваньне мела быць пасьля абеду. Я пакінула ўдома дзяцей і паехала да тае капліцы, павезла вялікі букет белых гладыёлусаў. Паехала, каб злажыць свае спагаданьні бедным бацькам і перапрасіць, што нельга мне быць на пахаваньні.
Маці я сказала, што я чую, як за мною ўсюды ходзяць, і баюся, каб не прычыніць ім яшчэ большага гора. Маці, забыўшыся з болю аб усім на сьвеце, пачала прасіць мяне, каб я абавязкова прыехала. Я вярнулася дамоў, пакарміла дзяцей, і мы паехалі з імі на могілкі. Муж з працы прыходзіў толькі ўвечары. Калі мы ля Алыпанскіх могілак вылазілі з трамвая, я ўбачыла на другім баку вуліцы двох савецкіх афіцэраў, якія відочна доўга ўжо так стаялі, бо аж ім рагі з дажджу парабіліся на гімнасьцёрках. Я падбегла да дзяцей і абняла іх са страху. Яны спакойна йшлі пад вялікім сямейным парасонам і крыху зьдзівіліся.
Нябожчыцу ўжо пахавалі, мы спазьніліся. Засыпалі магілу, над якой стаялі нашыя людзі й між імі, абнімаючы адну нашую дзяўчынку, тая шпіенка. Мяне затрасло. Насыпалі горку, мы пайшлі ў царкву. Няведама скуль назьбіралася нашых, яны не пабаяліся разьдзяліць няшчасьце з сябрамі. Стаю, гляджу на іх і плачу, а тая сьцерва пытаецца ў мяне, чаго плачу? Кажу ёй, што куды ж ехаць гэтым нашым няшчасным людзям, калі ж ужо будзе нашая Бацькаўшчына для нас і мы гаспадары ў ёй. Не магу спыніцца ад плачу. Пасьля падыходзіць Петра, усе мы складаем свае кашалькі, хто што мае, і разам Пётра расплачваецца з бацюшкам.
Людзі адыходзяць, а нам усё ёсьць нешта там рабіць. Нарэшце йдзем і мы трое. Сьцерва, Пётра пасярэдзіне і я. Ідзем пад руку. Петра раптам кажа: «Пераходзьма на польскую мову». Я аглянулася — за намі пасьпяшаліся тыя афіцэры, ад якіх я засланіла дзяцей. Божа… Яны падышлі й напалі на яе, пашто яна выйшла з лагеру, і ўсіх нас павялі з сабою ў савецкі перасяленчы лагер. Яна мяне штурхае й кажа, каб я ўцякала. Чаму? Як я пакіну Пётру? Божа мой…
Нас прывялі за той дрот. Пётра паказвае свае польскія дакументы, я сваруся з імі, што я ня іх грамадзянка, але бяз Пётры, думаю, не пайду. Пётра зьбялеў, закурыў папяросу. Нарэшце вярнуўся той афіцэр і сказаў, што я магу йсці дамоў. Я там крычала, што дзеці самыя ў хаце, бо дзяцей мы адправілі адразу. Што рабіць? Пбтры, я бачу, што не памагу, а вось рэшту людзей ратаваць трэба. Выходжу, а той, які выводзіць мяне, кажа: «Хто вы?» Кажу: «Хатняя гаспадыня». — «Хто вы?» — пытае яшчэ раз. Кажу: «Паэтка». Тады ён пачынае мяне ўгаворваць, каб мы ехалі ў Савецкі Саюз, што адвязуць нас аэрапланам, нават не праз лагер. Я крычу: «Не, не, не!» — і бягу бяз памяці на трамвай.